Logo Polskiego Radia
Print

Дж. Сорас: перамены ў Расеі й Беларусі непазьбежныя

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 12.11.2012 16:14
  • Дж. Сорас перамены ў Расеі й Беларусі непазьбежныя.mp3
“Эканоміка Беларусі – гэта няўдача нават паводле расейскіх стандартаў” .

/

Эканамічныя й палітычныя перамены ў Беларусі ды Расеі непазьбежныя – лічыць Джордж Сорас. Пра гэта мільярдэр і філянтроп заявіў у Варшаве падчас дыскусіі ў Польскай акадэміі навук.

Асоба Джорджа Сораса выклікае неадназначныя эмоцыі ва ўсім сьвеце. Для адных ён – філянтроп, вядомы сваімі сацыял-дэмакратычнымі поглядамі й падтрымкай недзяржаўных арганізацый. Іншыя называюць яго фінансавым спэкулянтам і “шэрым кардыналам”. Сустрэцца зь вядомым амэрыканцам змаглі навучэнцы Польскай акадэміі навук, сярод якіх былі і беларусы.

Напачатку 90-х гадоў Джордж Сорас уклаў шмат сродкаў у разьвіцьцё навучальных установаў ва Ўсходняй Эўропе, каб даць маладым людзям адукацыю свабодную ад марксісцкіх догмаў. Інстытут адкрытага грамадзтва й фонды Сораса ў розных краінах працягваюць рабіць гэта й сёньня, хоць адукацыя ўжо далёка не галоўны накірунак іх дзейнасьці.

Дж. Сорас: Мой фонд створаны, каб падтрымліваць адкрытае грамадзтва. Гэтая філязофская канцэпцыя мае дзьве апоры. Першая – гэта правы чалавека. Другая – гэта разьвіцьцё чалавечага патэнцыялу. Іншымі словамі, мы падтрымліваем тых, хто змагаецца за правы чалавека, роўнасьць усіх перад законам, а таксама падтрымліваем тых, хто знаходзіцца ў горшым эканамічным становішчы. Недастаткова даць бедным людзям правы, трэба стварыць магчымасьць, каб яны імі карысталіся. Адукацыя ўваходзіць у лік нашых прыярытэтаў, аднак гэта не адзіная наша мэта. Мы стварылі Цэнтральнаэўрапейскі ўнівэрсытэт у Будапэшце й праграму падтрымкі вышэйшай адукацыі ў Польшчы. Мэта нашых навучальных установаў – ламаць стэрэатыпы, быць больш інавацыйнымі, чым клясычныя дзяржаўныя ўнівэрсытэты.

Адказваючы на пытаньне аб палітычнай і эканамічнай будучыні Расеі, Джордж Сорас адказаў наступнае.

Дж. Сорас: Палітыка, якую правозяць улады Беларусі і Расеі, бессэнсоўная. Яна вядзе да ўпадку й эканамічнага адстваньня ад іншых краін сьвету. Расея мае выдатны інтэлектуальны патэнцыял, але яго не разьвіваюць у правільным накірунку. Расейскія кіраўнікі атрымліваюць грошы ад нафты і высылаюць іх па-за межы дзяржавы, бо ня вераць ва ўласную краіну. Эканоміка не разьвіваецца. Нават прадукцыя нафты й газу пачала зьмяншацца. У доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта прывядзе да катастрофы.

Перамены непазьбежныя, як у Расеі, так і ў Беларусі – перакананы мільярдэр.

Дж. Сорас: Канешне, грамадзкія пратэсты ў Расеі падаўляюцца, аднак у апошнія гады зрабілася патрыятычным крытыкаваць палітыку, якая прыносіць Расеі шкоду. І гэтыя галасы незадавальненьня немагчыма сьцішыць, бо яны абсалютна слушныя й ідуць з самога грамадзтва, нават з істэблішмэнту. Так што рана ці позна перамены непазьбежныя. Аднак пакуль што ўлады Расеі вядуць краіну ў абсалютна дрэнным накірунку – нават з пункту гледжаньня чыста расейскіх нацыянальных інтарэсаў. Што тычыцца Беларусі – гэта эканамічная няўдача нават паводле расейскіх стандартаў. Беларусь ня менш залежная ад нафты, чым Расея, прычым залежная ад чужой нафты, а значыць, залежная ад Масквы.

Джордж Сорас падзяліўся сваімі думкамі наконт пераменаў, якія чакаюць навуку ў бліжэйшыя гады. Сусьветны фінансавы крызыс даказаў, што ранейшае эканамічнае мысьленьне было памылковым. На думку Сораса, унівэрсытэты павінны зьмяніць выкладаньне эканомікі, зрабіць занадта сухую і абстрактную эканамічную навуку бліжэй да рэальнага жыцьця.

Дж. Сорас: Эканамічныя догмы, якія нядаўна пацярпелі паразу, былі збудаваныя на ідэях, вельмі далёкіх ад рэальнасьці. Аксіёмы аб ідэальнай канкурэнцыі й рацыянальным выбары пакупніка, на якіх пабудавана клясычная эканоміка, у сапраўдным жыцьці ня спраўджваюцца. Псыхалёгія і сацыялёгія сёньня становяцца вельмі важнымі ў эканоміцы. Яны дапамагаюць растлумачыць, як эканамічныя працэсы праходзяць у рэальным сьвеце.

"Сёньня, падобна як сто гадоў таму, з розных краінаў гучаць галасы сумневу ў дэмакратыі й свабодзе. З гісторыі вядома, да якіх трагедыяў падобны сумневы могуць давесьці," – сказаў адзін з удзельнікаў дыскусіі прафэсар Януш Рэйкоўскі. Так што адукацыя ў духу свабоды й павагі да правоў чалавека сёньня ня менш важная, чым дваццаць ці сто гадоў таму.

Аляксандар Папко

/

/

/


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт