Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве сустрэліся лідары Цэнтральнай Эўропы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 06.03.2013 17:31
Яны абмяркоўваюць, між іншым, стварэньне баявой часткі Вышаградзкай групы.

/

Прэм'ер-міністры Вышаградзкай групы, канцлер Нямеччыны й прэзыдэнт Францыі абмяркоўвалі сёньня ў Варшаве, між іншым, пытаньне стымуляцыі эканамічнага росту ў Эўрапейскім Зьвязе. Яны разгледзелі таксама пытаньні абароннай палітыкі ЭЗ.

Перад сустрэчай адбыўся афіцыйны абед лідараў краін Цэнтральнай Эўропы, пасьля якога да прысутных далучыліся Франсуа Алянд і Ангела Мэркэль.

Палітыкі выказалі ўпэўненасьць у тым, што самы горшы момант у эўрапейскай эканоміцы ўжо за намі, і што цяпер трэба заняцца стымуляваньнем росту.

Калі гаворка ідзе пра абаронную палітыку, сустрэча ў Варшаве - гэта падрыхтоўка да перамоваў па агульнай палітыцы бясьпекі, якія будуць працягвацца цягам бліжэйшых месяцаў ды закончацца самітам у Брусэлі ў сьнежні.

Прэм'ер-міністры Вышаградзкай групы закранулі таксама пытаньне баявой групы, у склад якой увойдуць польскія, славацкія, чэскія й вугорскія жаўнеры. Ужо два гады таму палітыкі вырашылі, што гэткая адзінка пад камандаваньнем палякаў узьнікне ў 2016 годзе.

Баявая група павінна стаць часткай эўразьвязаўскіх сілаў хуткага рэагаваньня, якія на працягу 14 дзён згодна з рашэньнем Рады ЭЗ змогуць быць накіраваныя ў розныя “гарачыя кропкі”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт