Logo Polskiego Radia
Print

Толькі 44 прац. палякаў ведае, хто прэзыдэнт Беларусі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 19.04.2013 13:40
  • дасьледаваньні.mp3
23% лічаць Беларусь дэмакратычнай краінай. ¾ зь іх баяцца, што падтрымка Беларусі паўплывае на іх стасункі з Расеяй. ДАПОЎНЕНА

Толькі 44% палякаў ведаюць, хто прэзыдэнт Беларусі. 23% лічаць Беларусь дэмакратычнай краінай. ¾ зь іх баяцца, што падтрымка Беларусі з боку польскага ўраду паўплывае на іх стасункі з Расеяй.

Кожны другі паляк заяўляе, што апошнім часам меў кантакт зь якімі колечы інфармацыямі на тэму Беларусі. Цікава, найчасьцей пра гэта кажуць мужчыны ды асобы, якім больш за 45 гадоў.

На першы пункт гледжаньня здаецца, што палякі цікавяцца справамі Беларусі, паколькі большасьць (61%) зь іх кажуць, што сочаць за актуальнымі падзеямі (часьцей мужчыны, асобы з вышэйшай адукацыяй). Аднак у параўнаньні зь мінулым годам гэты адсотак стаў меншым (у 2012 -72%). Пры гэтым інтарэс палякаў зьяўляецца пасыўным. Гэта азначае, што інфармацыя паступае з агульнай масы паведамленьняў, а не шукаецца адмыслова.

Толькі 44% палякаў правільна адказваюць на пытаньне, хто прэзыдэнт Беларусі (у 2012 годзе – на 14% больш).

Палякі ў пераважнай большасьці ацэньваюць Беларусь як дзяржаву, якая абмяжоўвае свабоды грамадзян. Пры гэтым 23% (часьцей жанчыны й жыхары вёсак) мяркуюць, што Беларусь – гэта дэмакратычная краіна.

Большасьць палякаў падтрымлівае дзейнасьць польскага ўраду на карысьць беларускага грамадзтва, але пры гэтым значная частка выступае супраць фінансаваньня няўрадавых і апазыцыйных структур (42% - супраць такой падтрымкі, 49% - за).

Больш за ¾ палякаў пагаджаюцца са сьцьвярджэньнем, што падтрымка Польшчаю Беларусі нэгатыўна паўплывае на стасункі з Расеяй (77%- паўплывае, 16% - не, 8% - ня маюць меркаваньня).

71% палякаў мяркуюць, што бліжэйшыя два гады Лукашэнка надалей будзе кіраваць Беларусьсю.

Па камэнтар да агучаных вынікаў мы зьвярнуліся да аўтара дасьледаваньняў Мар'юша Танішэўскага зь Інстытуту Millward Brown.

Гледзячы на вынікі апытаньня можна хутчэй сьцьвердзіць, што палякі мала цікавяцца краінай-суседкай.

М. Танішэўскі: Я пагаджаюся з такім сьцьвярджэньнем. Гэты тэзіс таксама пацьвярджае тое, што палякі ўспрымаюць інфармацыю пасыўна. Станоўча, што кожны другі паляк сутыкнуўся зь інфармацыяй пра Беларусь, то бок, сьлед ёсьць. Магчыма, гэты сьлед пакінуў мінулы год, калі былі пакараныя сьмерцьцю два маладых чалавека. У дасьледаваньнях зь мінулага году было бачна, што гэтае пакараньне паўплывала на больш жорсткую ацэнку Беларусі.

Аказваецца, што палякі падтрымліваюць захады польскіх уладаў на карысьць Беларусі, але ня ў выпадку, калі падтрымаць трэба грашыма.

М. Танішэўскі: Гэта паказвае, наколькі палякі гатовыя падтрымаць іншых. У мяне складваецца ўражаньне, што мы зьяўляемся грамадзтвам вельмі засяроджаным на самых сабе. І апытаньне гэта пацьвярджае. Мы можам гаварыць, выступаць на міжнароднай сцэне, падтрымліваць Беларусь, але пасыўна. Паказьнікам, які ацэньвае сапраўдныя намеры, зьяўляецца гатоўнасьць нешта даць ад самога сябе – падтрымаць фінансава. Але ў гэтым выпадку палякі выступаюць супраць.

23% адказалі, што Беларусь зьяўляецца дэмакратычнай краінай. Гэта шмат ці мала?

М. Танішэўскі: Я думаў над гэтым. З аднаго боку для мяне як для чалавека, які разумее, што адбываецца ў Беларусі, гэта зашмат. Беручы пад увагу досьвед палякаў і іх веды пра дэмакратыю, таксама здаецца шмат. Але зь іншага боку так ужо ёсьць, што каля 20% людзей глядзяць на сьвет крыху нерэальна. Я нядаўна бачыў дасьледаваньні з Амэрыкі, у якіх 20% людзей ня вераць, што ў 2001 годзе на World Trade Center здарыўся замах.

Якая галоўная розьніца наступіла ў параўнаньні зь леташнім апытаньнем?

М. Танішэўскі: Галоўная розьніца заключаецца ў тым, што бачная адсутнасьць нейкага энтузіязму, веры ў тое, што нешта ў Беларусі памяняецца. Вырас працэнт тых, хто верыць у далейшае прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Таксама зьменшыўся працэнт тых, хто мяркуе, што беларусы хацелі б далучыцца да ЭЗ.

Дасьледаваньні на тэму таго, што палякі думаюць пра Беларусь, былі прэзэнтаваныя ў Варшаве. Аўтар апытаньня - польскі Інстытут Millward Brown.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт