Logo Polskiego Radia
Print

Справу Жукаўца просяць перанесьці зь Беластоку

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 13.05.2013 12:23
  • Справа Жукаўца.mp3
“У беларускіх спэцслужбаў ёсьць глыбокія сувязі ў беластоцкіх органах юстыцыі” – заявілі сёньня ў Варшаве ўдзельнікі адмысловай прэc-канфэрэнцыі.
foto:flickr.pl

/

Беларускія й польскія прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый заклікаюць перанесьці разгляд касацыйнай справы палітуцекача Андрэя Жукаўца зь Беластоку ў іншы польскі горад.

Беларускага прадпрымальніка Андрэя Жукаўца асудзілі на 3 гады турмы за махлярства пры атрыманьні ў 1999 годзе крэдытаў на суму 700 тысяч даляраў. Дакумэнты польскаму сьледзтву прадставіў беларускі бок. Сам Жукавец сьцьвярджае, што ён стаў ахвяраў палітычнага перасьледу, бо дапамагаў у свой час "Маладому фронту". Гэта факт пацьвярджае былы лідар моладзевай арганізацыі Павал Севярынец.

Удзельнікі прэс-канфэрэнцыі пад назвай “Андрэй Жукавец — першы беларускі палітвязень у Польшчы?" заўляюць, што суд у Беластоку паддаецца ўплыву беларускага боку й просяць перанесьці разгляд яго справы зь Беластоку.

М. Буцька (Фонд “Свабода й дэмакратыя”): Паводле мяне, беларускія спэцслужбы маюць глыбокія сувязі у розных ворганах справядлівасьці ў Беластоку. Яны хацелі стварыць прэцэдэнт, калі беларускага палітуцекача садзяць у турму рукамі польскага суду. Ім такі прэцэдэнт вельмі патрэбны, бо да гэтай пары эўрапейскія суды не разглядалі беларускія заявы аб экстрадыцыі

Анатоль Міхнавец з арганізацыі “Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі" прадставіў некаторыя факты фальсыфікацыі справы Жукаўца. Падчас перакладу дакумэнтаў яго справы з расейскай на беларускую мову было зроблена каля 600 памылак. Напрыклад, адсутнасьць подпісу Жукаўца ў дакумэнтах перакладалі, як “неразборлівы подпіс”, Нямеччыну, як Брытанскія віргінскія астравы, а прозьвішча яго супольніка Жукава пераклалі, запісалі прозьвішчам самога Жукаўца. Па гэтай справе было судовае разьбіральніцтва й суд пастанавіў, што шматлікія памылкі перакладчыкаў вынікаюць зь іх стомленасьці.

Польскія абаронцы правоў чалавека занепакоеныя тым, што такі прысуд можа адкрыць дарогу і іншым судзьдзям, каб выносіць абвінаваўчыя прысуды адносна беларускіх апазыцыянэраў, супраць якіх афіцыйны Менск высоўвае сфальсыфікаваныя абвінавачаньні.

Прысутная на прэс-канфэрэнцыі дэпутатка польскага Сэйму Малгажата Гасеўска паабяцала ўзьняць пытаньне справы Жукаўца на паседжаньні польскіх парляментароў.

дг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт