Logo Polskiego Radia
Print

Палякі максымальна спрашчаюць здабычу сланцавага газу

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 11.03.2014 13:04
Гэта рэакцыя на расейска-ўкраінскі крызыс.
Wiki

Расейска-ўкраінскі крызыс прымусіў ўрад Польшчы неадкладна заняцца распрацоўкай законапраектаў, якія рэгулююць здабычу сланцавага газу ў краіне.
Праекты зьменаў ў законах аб геалёгіі, выкідах парніковых газаў і законе аб распрацоўцы нетраў, павінны стварыць сыстэму, максымальна спрыяльную для шырокай здабычы газу.

Пакетам законаў занялася сёньня Рада міністраў краіны.

Новыя законы будуць рэгуляваць пытаньні пошуку й дазволу на здабычу газу, а таксама падаткаў. Дзякуючы новаўвядзеньням праводзіць пошукавыя працы й здабываць газ на тэрыторыі Польшчы змогуць адначасова шмат фірмаў. Раней законы прадугледжвалі, што працамі па здабычы газу маглі займацца толькі некалькі выбраных дзяржавай фірмаў. Менавіта гэта стрымлівала замежных інвэстараў ад ўваходу на польскі рынак.

Згодна з новымі правіламі, якія хоча прыняць урад, атрымаць дазвол на здабычу газу ў Польшчы будзе значна прасьцей. Геафізычныя дасьледаваньні можна будзе праводзіць у заяўляльным парадку. Будуць таксама ўведзеныя аўкцыёны на атрыманьне канцэсій для кампаній, якія прайшлі адбор. Урад хоча максымальна спрасьціць працэс здабычы сланцавага газу й не ствараць новых кантрольных ворганаў. Кантрольныя функцыі будуць ускладзеныя на ўжо існуючыя дзяржаўныя структуры.

Амэрыканскае агенцтва энэргетычнай інфармацыі ацаніла запасы сланцавага газу ў Польшчы ў 5 трыльёнаў кубамэтраў. Польскі геалягічны інстытут нядаўна прадставіў лічбу ў 10 разоў меншую.

дг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт