Logo Polskiego Radia
Print

Найлепшыя фота Беларусі паказалі ў Польшчы (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.03.2015 19:30
  • Найлепшыя фота Беларусі паказалі ў Польшчы.mp3
У Варшаве адчынілася выстава Belarus Press Photo 2014.

З нагоды Дня Волі ў Варшаве прайшла выстава Belarus Press Photo 2014. Працы пераможцаў прэстыжнага фотаконкурсу ў польскай сталіцы паказала ініцыятыва “Вольная Беларусь”. Фотавыстава выклікала жывы інтарэс варшаўскай публікі. На яе адкрыцьці пабываў Аляксандар Папко.

Начныя забавы беларускіх скэйтэраў, вызваленьне палітвязьняў, жыцьцё глухой палескай вёскі, уратаваньне Торы, цудам ацалелай падчас пажару ў гарадзенскай сынагозе – пра гэта і шмат іншага распавядаюць здымкі, прадстаўленыя на выставе Belarus Press Photo 2014.

Фота:
Фота: Аляксандар Васюковіч. «Night Ride» – начная сустрэча менскіх аматараў катаньня на лонгбордзе.

“Конкурс фатаграфіі дазваляе зазірнуць на беларускую рэальнасьць нібыта праз замочную шчыліну і пераканацца, што стэрэатыпнае меркаваньне “там нічога не адбываецца” ня мае нічога супольнага з праўдай”. Так у рэцэнзіі выставы напісалі яе арганізатары – ініцыятыва “Вольная Беларусь” і Беларускае таварыства Кракава.

Адной з галоўных пазытыўных рысаў вэрнісажу зьяўляецца яго разнастайнасьць – кажа старшыня ініцыятывы “Вольная Беларусь” Фэлікс Тушко.

/

Ф. Тушко: Некалькі дзесяткаў здымкаў, прадстаўленых у Майстэрні “Duży pokój” ў Варшаве прадстаўляюць вельмі розныя вобразы. З аднаго боку, гэта здымкі на палітычныя тэмы, з вельмі выразнай сымболікай. З другога боку – гэта штодзённае жыцьцё: напрыклад, начное жыцьцё беларускіх скэйтэраў ці проста асобы, настолькі цікавыя, што фатограф вырашыў іх захаваць на здымку.

Фота:
Фота: Сяргей Піліповіч. Мядзьведзіца з дзіцём, якую утрымлівалі ў нялюдзкіх умовах на тэрыторыі прадпрыемства "Маладзечанскія электрасеткі".


Парадокс сытуацыі заключаецца ў тым, што выстава Belarus Press Photo ня можа быць паказаная ў Беларусі – зазначыў Фэлікс Тушко. “Мы арганізуем выставу ў Польшчы з надзеяй, што ў будучыні мы зможам далучыцца да правядзеньня вэрнісажу ў Менску”, – заявіў старшыня ініцыятывы “Вольная Беларусь”.

Фотавыстава зьяўляецца добрай нагодай пазнаёміць палякаў з беларускай культурай, а таксама інтэграваць беларусаў, якія жывуць у польскай сталіцы – лічыць Фэлікс Тушко.

Ф. Тушко: Гэтая падзея аб’яднала шмат людзей. На прэзэнтацыі сабраліся палякі й беларусы – тут выразна чуецца беларуская мова. І гэта сьведчыць пратое, што маладыя беларусы, якіх мы тут бачым, надалей цікавяцца сваёй краінай і сваёй культурай.

Да нэгатыўных бакоў падзеі належыць залічыць тое, што на выставе былі прадстаўленыя далёка ня ўсе здымкі-пераможцы конкурсу. У арганізатараў не было фінансаў, каб запрасіць на вэрнісаж саміх беларускіх фатографаў. Таму сэнс шматлікіх здымкаў ня быў раскрыты гледачам.

Нарэшце, інфармацыя наконт выставы не была распаўсюджана сярод польскіх СМІ, а на адкрыцьці не было вядомых польскіх фатографаў. Так што выставу наведае ня так шмат публікі, як хацелася б. А ўбачыць творы беларускіх фатографаў сапраўды варта.

Фота:
Фота: Генадзь Казлоўскі. Берасьце, баі без правілаў М1.

Фота:
Фота: Аляксандар Васюковіч. Хлопцы зь вёскі Сяміхавічы чакаюць на машыну, якая павінна прывезьці сьвежы хлеб у краму.

Сваімі ўражаньнямі ад Belarus Press Photo зеліцца студэнтка Ірына. Сярод яе фаварытаў – здымак баёў бяз правілаў у Берасьці, зроблены Генадзем Казлоўскім, фатаграфіі Аляксандра Васюковіча, якія паказваюць вясковых хлапчукоў ды амапаўцаў, якія сьцерагуць зьнятую з электрычкі жанчыну, а таксама фатаграфія Васіля Зянько, на якой мы бачым піянэра, каторы мокне пад праліўным дажджом.

Ірына: На мяне самае вялікае ўражаньне зрабіў здымак бою без правілаў, хлопчыкаў, якія чакаюць на аўталаўку, а таксама здымак піянэра. І яшчэ вось гэты здымак амапаўцаў. Адразу ўзьнікае пытаньне, як ён быў зроблены й як аўтару ўдалося захаваць здымак.

Аляксандар
Фота: Аляксандар Васюковіч. Супрацоўнікі АМАПу сьцерагуць жанчыну, якую затрымалі падчас патруляваньня цягніка.


Беларускі фатограф Іван скардзіцца на тое, што на варшаўскай выставе паказаная толькі невялікая частка працаў, якія перамаглі на Belarus Press Photo. Гэта абмяжоўвае ўяўленьне гледача пра жыцьцё ў Беларусі – лічыць хлопец.

Іван: Мне падаецца, найлепшыя фотаздымкі былі зробленыя на палітычную тэматыку. Менш мне падабаліся здымкі, якія паказваюць быт людзей. Мне падаецца, узровень працаў на папярэдніх конкурсах быў вышэйшым. Мне хацелася б убачыць больш разнастайных катэгорыяў, каб можна было зрабіць нейкую выснову пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

Belarus Press Photo – гэта незалежны конкурс фатаграфіі, які праводзіцца з 2009 году. Прэстыжнае міжнароднае журы, якое ў гэтым годзе складалася з фатографаў зь Беларусі, Галяндыі, Летувы, Швэцыі, Расеі, Польшчы прысудзіла ўзнагароды ў 9 катэгорыях, такіх як “падзеі”, “штодзённае жыцьцё”, “партрэт”, “спорт” і інш.

На конкурс было даслана больш за 2000 здымкаў аўтарства 93 фатографаў з 11 гарадоў Беларусі. Працы, якія былі прызнаныя найлепшымі, можа ўбачыць кожны. Дзеля гэтага дастаткова зайсьці на сайт фотаконкурсу pressphoto.by.

Аляксандар Папко

Фота:
Фота: Васіль Зянько. Нават падчас дажджу піянэр не пакінуў свой пост ля помніка ў Стоўбцах.


/

/

На
На фота: Здымкі Аляксандра Васьковіча, якія паказваюць жыцьцё вёскі Халупін на Палесьсі.
/

/

/


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт