Logo Polskiego Radia
Print

Паміж Украінай і «ДНР» (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.05.2015 16:00
  • Паміж Украінай і «ДНР».mp3
Рэпартаж з вёсак, якія апынуліся ў «шэрай зоне» паміж украінскімі блёкпостамі й тэрыторыяй, якую кантралююць сэпаратысты.

Валянцёры кіеўскай дабрачыннай арганізацыі «Крила щедрості та турботи» два разы на месяц адпраўляюцца ў самыя цяжкадаступныя вёскі на прыфрантавых тэрыторыях. Яны прывозяць гуманітарную дапамогу тым, хто яе найбольш патрабуе – старым і сем’ям з малымі дзецьмі. Пра настроі мірных жыхароў, якія апынуліся ў «шэрай зоне» паміж украінскімі сіламі і сэпаратыстамі, расказвае наш карэспандэнт Аляксандар Папко.

Каб дабрацца ў вёску Краснагораўка, разьмешчаную на трасе Славянск-Данецк, валянцёры мінаюць з дзесятак блёкпостаў. Непадалёк ад Краснагораўкі знаходзіцца пасёлак Аўдзееўка з вялікім коксахімічным камбінатам. Ён працуе, нягледзячы на тое, што яго некалькі разоў на тыдзень абстрэльваюць ДНР-аўцы. Сэпаратысты адсюль у 6 кілямэтрах – у райцэнтры Ясінаватая.

Нягледзячы на блізкія перастрэлкі, сама Краснагораўка амаль не пацярпела. У студзені ўкраінскія ўлады перакрылі трасы на Данецк і пакінулі для руху тавараў і людзей толькі 7 транспартных калідораў. Жыхары Краснагораўкі і прылеглых сёлаў былі адрэзаныя ад месцаў працы. Аўтобусы сюды ня ходзяць. Жыхары вёсак выжываюць за кошт пэнсіяў, сацыяльных выплатаў на дзяцей, гуманітарнай дапамогі і таго, што вырасьцяць на сваіх участках.

Кіеўскіх валянцёраў, якія прывезьлі гуманітарную дапамогу, сустракае старшыня сельрады Людміла Сямёнаўна Паўлюк. Гэтая 60-гадовая строгая жанчына засталася адзіным прадстаўніком улады ў чатырох вёсках пры самай лініі фронту. «Нам вельмі трэба, каб адчынілі трасу на Данецк – кажа старшыня сельрады. А самае галоўнае, каб спыніліся штодзённыя перастрэлкі».

/

Л. Паўлюк: Вельмі страшна. Калі страляюць, то ня ведаеш, куды бегчы. З рук усё падае. Раней, калі ішлі артабстрэлы, то ў нас усіх трэсьліся рукі. Данецк страляе ў Аўдзееўку, а Аўдзееўка страляе ў Данецк. З Горлаўкі страляюць у Днепрадзяржынск, а з Днепрадзяржынска страляюць у Горлаўку. У нас тут стаяла артылерыйская батарэя. Як 152-мм гарматы пачнуць малаціць – трасецца хата, трасецца зямля, у падвале паадыходзілі сьцены...

Спадарыня Людміла была й застаецца ўкраінскай патрыёткай. А вось сымпатыі большасьці яе землякоў былі на баку сэпаратыстаў. Аднак пасьля году вайны і галечы ў далучэньне да Расеі ўжо ніхто ня верыць. Усе хочуць толькі міру.

Зьвесткі пра тое што прывезьлі «гуманітарку» разьлятюцца па вёсцы імгненна. Нас ужо чакаюць пэнсіянэры й маці з дзецьмі. Змучаныя вайной людзі вельмі хутка разьбіраюць пакункі з прадуктамі.

Настроі ў Краснагораўцы і суседніх вёсках праўкраінскімі не назавеш. Школьная настаўніца Жана ў разьвязваньні вайны абвінавачвае не дывэрсантаў Стралкова, а ўкраінскія ўлады. «Мы хацелі толькі рускай мовы», – кажа яна й скардзіцца, што ў школе восем гадоў таму пачалі выкладаць па-ўкраінску.

Жана: Мы толькі хацелі рускую мову. Нашыя дзеці ў школе вучацца на ўкраінскай мове, але ўвесь час просяць: перакладзіце на рускую. Таму, што ў сем’ях размаўляюць на рускай мове. І нават я, столькі гадоў пражыўшы, ня ведаю значэньне кожнага слова. А дзеці – тым больш.

Настаўніца лічыць, што, людзі, якія жывуць на тэрыторыі ДНР, баяцца вяртаньня іх земляў пад кантроль Ўкраіны, бо іх чакаюць рэпрэсіі.

Жана: Яны баяцца рэпрэсіяў. Раскажу прыклад: мой вучань ішоў на працу, за тры кілямэтры ад яго жытла. А праца ўжо на тэрыторыі ДНР. Дык украінцы яму й яго сябру надзелі мяшкі на галаву, сказалі не варушыцца, бо замінавана. Вадзілі ў туалет – сказалі не рабіць ані кроку ў бок, бо замінавана. Так іх пратрымалі чатыры гадзіны. І ён больш не пайшоў на гэтую працу. Паехаў у ДНР і там застаўся.

Пры гэтым ніякага перасьледу ці жорсткага абыходжаньня з боку вайскоўцаў спадарыня Жана не сустрэла. «Запытайцеся ў Навасёлаўцы – раіць яе сяброўка Кацярына. Там украінскія салдаты адбіралі ў людзей дамы».

У вёсцы Навасёлаўка гэтыя зьвесткі пацьвярджаюць толькі часткова. Жаўнеры займалі пустыя дачы. Непрыязьні да ўкраінскіх вайскоўцаў тут няма – кажа бежанец з Данецка спадар Сяргей.

Сяргей: Займалі тыя дамы, якія пустыя. Але гэта ўсё роўна непрыемна, бо чужыя людзі займаюць прыватную ўласнасьць. А наконт іншага нічога дрэннага не скажу – жаўнеры як жаўнеры.

Самая напружаная сытуацыя ў вёсцы Каменка. Большасьць пэнсіянэраў, якія жывуць тут – этнічныя расейцы. Украіну яны проста не ўспрымаюць – кажа старшыня сельрады спадарыня Людміла. Ціхая пэнсіянэрка Ніна Фёдараўна ў кастрычніку пахавала ўнука – ён загінуў за ДНР.

Ніна: Увесь пасёлак казаў: «Ваш Федзька ў ДНР-ы». А я ня верыла, казала «Няпраўда! Ён у Макееўцы». Ён нам казаў, што ў камандзіроўцы. Мы яго забіралі ўжо з Данецка. Увесь абгарэў. Нават не было па чым апазнаць.

Яе суседка Валянціна Сямёнаўна прыйшла атрымаць гуманітарную дапамогу з Кіева, аднак не хавае сваёй непрыязьні да Ўкраіны.

Валянціна: Ваш Парашэнка кіеўскі з Яцэнюком зрабілі гэтую вайну! Я труну са сваім дзедам на маршрутцы везла. Дык на блёкпосьце нам махаюць, кажуць: «Пачакайце!» Навошта гэта рабіць? Мы што ў гроб бомбу пакладзем?! А самі нас бамбяць з усіх бакоў! Добрыя нашыя ўкраінцы, няма чаго сказаць! Парашэнка, сука, і гэты сьляпы габрэй вінаватыя! Сволачы!

Да ўкраінскіх вайскоўцаў, якія стаяць на блёкпостах, насельніцтва адносіцца па-рознаму – кажа сяржант Анатоль, які суправаджае валянцёраў.

/

Анатоль: Адныя кажуць, што мы акупанты, карнікі, а я сюды прыйшоў за Ўкраіну! Іншыя людзі нармальна адносяцца. Большасьць прадуктаў, якія мы атрымліваем, мы аддаём ім. Печыва, масла, згушчонка, тушонка – проста прывозім у школу і аддаём.

Людзі стаміліся ад страху і крыві, але за год вайны іх погляды не зьмяніліся ніяк – кажа мясцовы жыхар Віктар. З васьмідзесяці сем’яў у Каменцы Ўкраіну падтрымлівае максымум дваццаць. Астатнія чакаюць прыходу ДНР.

/

Віктар: Мы тут выступаем, на Ўкраіну гадзім і чакаем ад Украіны дапамогі. Як толькі дапамогу атрымаем – пачынаем крычаць, што Ўкраіна і Парашэнка дрэнныя, а Пушылін з Захарчанкам добрыя. А чаму мы ад іх дапамогі не бярэм? З Расеі прыйшла «гуманітарка» – сто зь нечым машынаў. А мы хоць раз нешта атрымалі? Ніводная душа! Дык гэтай гуманітаркі й не прывозяць. Прывозяць снарады і баевікоў – больш нічога. Мы павінныя змагацца толькі за адзіную Ўкраіну. А ў нас большасьць за ДНР, за ЛНР. А як толькі дапамога патрэбная – то ўсе бягуць сюды!

«Ва ўсім вінаватае расейскае тэлебачаньне – тлумачыць украінскі сяржант Анатоль. Калі мы з таварышамі яго глядзелі, то самі на трэці дзень пачалі лічыць сябе карнікамі».

У Данецку стаіць магутная тэлевышка. Таму нават просты кавалак дроту з лёгкасьцю ловіць каля дзесятка расейскіх каналаў – тлумачаць нам вайскоўцы. А ўкраінскага тэлебачаньня на фронце няма, бо тэлевышка ў Славянску была зьнішчаная падчас баёў. Людзі ў прыфрантавой зоне працягваюць жыць мітамі расейскай прапаганды.

«Вы не ўяўляеце, якая вайна страшная рэч. Хай будзе нарэшце мір. Хоць які!», – ціха кажа спадарыня Людміла, калі мы вяртаемся ў Краснагораўку.

Па дарозе перадаем ваду на блёкпост украінскай арміі. Забарыкадаваная дарога, акоп над якім рэе ўкраінскі сьцяг. А далей – ляжыць занятая сэпаратыстамі Ясінаватая. Дахі яе патухлых заводаў бялеюць пад веснавым сонцам. У тыле, на глыбіні дзесятка кілямэтраў, экскаватары рыюць траншэі. «Там будзе нашая новая мяжа – кажуць нам вайскоўцы на адным з блёкпостаў. А нас адсюль адвядуць». Калі так здарыцца, то нашая адважная старшыня сельрады й больш за 600 яе землякоў апынуцца пад уладай ДНР.

Аляксандар Папко

Блізкасьць
Блізкасьць зоны канфлікту адчуваецца ўжо за горадам Чугуеў. Усё часьцей на разьбітых дарогах сустракаюцца грузавікі з баепрыпасамі ці вайсковыя джыпы.

/

/

Нават
Нават такія закранутыя вайной гарады, як Славянск ці Лісічанск, не ідуць ні ў якое параўнаньне з разбураным Грозным ці паселішчамі Карабаху. Данбас зьнішчыла не вайна, а жахлівая сьмерць савецкай прамысловасьці.

Каб
Каб дабрацца да сваёй мэты - некалькіх вёсак непадалёк ад занятай сэпаратыстамі Ясінаватай - валянцёры праяжджаюць каля дзесятка блёкпостаў ўкраінскай арміі.

Зачыненая
Зачыненая для праезду, шырокая траса Данецк-Славянск цяпер прыгадвае дарогу ў Чарнобыльскай зоне.

Краснагораўка
Краснагораўка - рабочы пасёлак, які апынуўся ля самай лініі падзелу паміж украінскімі сіламі і войскамі непрызнанай "ДНР". Фота: Мая Міхалюк

Ад
Ад пачатку канфлікту з Краснагораўкі і суседніх вёсак выехала чвэрць жыхароў - у цэнтральную Ўкраіну, Расею і Беларусь.

Стомленыя
Стомленыя вайной людзі разьбіраюць гуманітарную дапамогу.

/

/

/

Гэтае
Гэтае поле ляжыць паміж пазыцыямі ўкраінскай арміі і "ДНР". Нягледзячы на вайну, ўрадлівую глебу аруць і засяваюць.

Апошні
Апошні блёкпост украінскай арміі на трасе Славянск-Данецк. Далей - занятая сэпаратыстамі Ясінаватая.

Місія
Місія выканана! Валянцёры з дабрачыннай арганізацыі «Крила щедрості та турботи» вяртаюцца ў Кіеў. Праз некалькі дзён яны зноў адправяцца ў Данбас.
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт