Logo Polskiego Radia
Print

Ці ўдарыць падзеньне тэньге па беларускім рублі?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 20.08.2015 18:58
  • Ці ўдарыць падзеньне тэньге па беларускім рублі.mp3
Беларускі рубель будзе працягваць падаць, але не з-за казахскай валюты, кажуць эканамісты.
Фота: riarating.ruФота: riarating.ru

20 жніўня адбыўся абвал казахскай валюты. За адзін дзень тэньге патаньнеў у стасунку да даляра на 35%. Як гэта паўплывае на стабільнасьць беларускай валюты? Ці беларусам варта чакаць чарговай дэвальвацыі? На гэтыя тэмы мы размаўляем зь беларускімі эканамістамі.

У сераду кіраўнік Казахстана Нурсултан Назарбаеў заявіў, што яго суайчыньнікам варта падрыхтавацца да таго, што цана нафты апусьціцца да 30-40 даляраў за барэль і пратрымаецца на гэтым узроўні каля 5 гадоў. Увечары гэтага ж дня казахскія ўлады прынялі рашэньне адпусьціць тэньге ў «свабоднае плаваньне». У выніку казахская валюта страціла больш за траціну сваёй вартасьці.

Ці падзеньне курсу тэньге ўдарыць па Беларусі, якая, разам з Казахстанам і Расеяй, уваходзіць у Эўразійскі эканамічны зьвяз? Не – адказвае беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў. І Беларусь, і Казахстан гандлююць з Расеяй, аднак амаль не гандлююць паміж сабой. Таму «прасяданьне» казахскага рынку не паўплывае на эканоміку Беларусі – лічыць экспэрт.

Л. Злотнікаў: Гэта ня будзе моцна ўплываць на нашую эканоміку, бо гандлёвыя сувязі паміж Казахстанам і Беларусьсю слабыя. У Казахстан ідуць лічаныя працэнты нашага экспарту, а імпартуем мы адтуль яшчэ менш. На нашую эканоміку ўплываюць іншыя фактары. Думаю, ва ўсім рэгіёне варта чакаць гонкі дэвальвацыяў, якая пачалася з дэвальвацыі кітайскага юаня.

Адсутнасьць сувязі паміж, што беларускі рубель будзе стабільным. Ужо некалькі тыдняў курс даляра расьце. У чацьвер амэрыканская валюта дасягнула адзнакі ў 16,5 тысячаў беларускіх рублёў. Нэгатыўны ўплыў на курс беларускай валюты аказвае падзеньне расейскага рубля і падзеньне цэнаў на нафту. «Чорнае золата» патаньнела да ўзроўню крызысу 2009 года. Цяпер барэль нафты маркі Brent каштуе 47 даляраў. Беларусь губляе валютную выручку – тлумачыць эканаміст Міхаіл Залескі.

М. Залескі: Экспарт мінэральных прадуктаў дае каля 60% нашай валютнай выручкі. Нашая выручка будзе зьмяншацца, і даляраў мы будзем атрымліваць менш. А аплату па крэдытах нам ніхто не скасуе і не адтэрмінуе – мы ж ня грэкі...

Нацыянальны банк Беларусі вырашыў разьвеяць панічныя чуткі і пракамэнтаваў сытуацыю на валютным рынку. «Ва ўмовах прымяненьня рэжыму кіраванага плаваньня бягучая дынаміка абменнага курсу беларускага рубля, якая складваецца як рэакцыя на зьнешнія эканамічныя фактары, дазваляе падтрымліваць канкурэнтаздольнасьць эканомікі», – гаворыцца ў заяве Нацбанку.

У перакладзе на зразумелую мову, гэта азначае, што беларускі рубель таксама адпушчаны ў свабодная плаваньне, бо ў Нацбанку не хапае валютных рэзэрваў, каб утрымліваць курс.

Л. Залескі: У часы вялікага голаду руплівы гаспадар падыходзіць да свайго Бобіка, адвязвае яго й гаворыць: «Ідзі, Бобік, гадуйся сам», бо няма чым яго карміць.

У свабодным плаваньні беларускай валюты нічога страшнага, у прынцыпе, няма – кажа Леанід Злотнікаў. Цану беларускага рубля будзе вызначаць рынак. Аднак эканамічная каньюнктура зьяўляецца неспрыяльнай, таму беларускі рубель працягне падаць.

Л. Злотнікаў: Тэндэнцыі, якія ціснуць на курс беларускага рубля, сапраўды ёсьць. У чэрвені ўзмацніўся адток замежнага капіталу. Назіраецца перавод рублёвых дэпазытаў у валютныя. На курс беларускага рубля будзе ціснуць і падзеньне расейскага рубля, з-за якога беларуская прадукцыя губляе канкурэнтаздольнасьць на расейскім рынку. Беларускія ўлады будуць вымушаныя ісьці ўсьлед за дэвальвацыяй расейскага рубля.

Такім чынам, звычайным беларусам пакуль ня варта баяцца шокавай дэвальвацыі, накшталт той, якая адбылася ў 2011 ці на пачатку гэтага году года. Даляр будзе даражэць, але паступова. Нацбанк будзе старацца ўтрымліваць ваганьні курсу прынамсі да прэзыдэнцкіх выбараў. А вось пасьля Новага Году, калі сытуацыя ня зьменіцца, беларускі ўлады могуць пайсьці на больш радыкальнае паніжэньне курсу беларускага рубля – мяркуе Міхаіл Залескі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт