Logo Polskiego Radia
Print

Лех Валэнса выказаў гатоўнасьць пасяліць некалькіх бежанцаў у сябе дома

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 07.09.2015 12:43
Тым часам, на пытаньне "Ці прынялі б вы ўцекачоў у свой дом?" 61% палякаў адказалі рашуча НЕ.
foto: polskieradio.plfoto: polskieradio.pl

Былы прэзыдэнт Польшчы, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Лех Валэнса заявіў, што неабходна аказаць дапамогу бежанцам з краін Афрыкі, паведамляе інтэрнэт-выданьне Wprost 24. Са свайго боку, ён выказаў гатоўнасьць прыняць некалькіх чалавек у сябе дома, удакладніўшы, што перад гэтым яму неабходна параіцца з жонкай.

«Калі гэтыя людзі бягуць, каб выратаваць сваё жыцьцё, то мы павінны ім дапамагчы», – заявіў Валэнса. На яго думку, неабходна даць ім працоўныя месцы, а таксама арганізаваць намётавы гарадок. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што варта распачаць усе магчымыя меры, каб прыток імігрантаў не дэстабілізаваў сытуацыю ў Эўропе.

Раней кіраўнік урада Польшчы Эва Копач паведаміла, што Варшава ў рамках эўрапейскіх плянаў па перасяленьню й разьмяшчэньні бежанцаў гатова прыняць 2,2 тысячы чалавек.

Толькі 16% палякаў лічаць, што Польшча павінна безумоўна прыняць частку імігрантаў, – гэтак вынікае з апытаньня IBRiS, праведзенага для газэты «Rzeczpospolitа».

Супраць прыманьня ўцекачоў выступае 26% палякаў. 37% пагадзіліся б на іх прыезд, аднак пры ўмове, што ААН або ЭЗ выдзяляць дадатковыя сродкі, 10% за тое, каб прымаць толькі хрысьціян.

На пытаньне "Ці прынялі б вы ўцекачоў у свой дом?" 61% адказаў рашуча НЕ. Безумоўна гатовыя гэта зрабіць 7%, а 16% пры ўмове, што атрымалі б ад дзяржавы сродкі на ўтрыманьне госьця.

32% палякаў найлепшым вырашэньнем праблемы масавага наплыву імігрантаў лічаць закрыцьцё межаў, 18% падтрымлівае фінансаваньне лагераў для ўцекачоў звонку ЭЗ.

IBRiS правёў апытанку 4-5 верасьня сярод 1100 дарослых жыхароў Польшчы.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт