Logo Polskiego Radia
Print

Сацыёлягі: Беларусы супакойваюць сябе, што жыцьцё паправіцца

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 07.02.2016 06:54
  • Беларусы супакойваюць сябе, што жыцьцё паправіцца.mp3
Чым горш эканамічная сытуацыя, тым вышэй надзеі на паляпшэньне й спадзяваньні, што Расея дасьць грошай – сьведчаць вынікі апытаньняў.
Слайд з прэзэнтацыі Беларускай аналітычнай майстэрні. Прарасейскія арыентацыі ў беларускім грамадзтве растуць у часы эканамічнага крызысу. Слайд з прэзэнтацыі Беларускай аналітычнай майстэрні. Прарасейскія арыентацыі ў беларускім грамадзтве растуць у часы эканамічнага крызысу.

Пагаршэньне эканамічнага становішча ў Беларусі прыводзіць не да росту пратэстных настрояў, а да да росту надзеі, што сытуацыя нейкім чынам паправіцца. 2015-ы стаў першым годам, калі ўлады не друкавалі грошай перад выбарамі, а заробкі панізіліся ажно на 16%. Разам з пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі ў Беларусі растуць прарасейскія настроі. Такія высновы робяць аўтары новага дакладу Беларускай аналітычнай майстэрні. На прэзэнтацыі дасьледаваньня ў Варшаве пабываў Аляксандар Папко.

«Беларусы бачаць сьвятло ў каны тунэлю, хоць тунэль ня мае канца», -так вынікі сацыялягічнага апытаньня, праведзенага ў сьнежні, камэнтуе кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі. З канца 2014 году колькасьць тых, хто ацэньвае эканамічнае становішча ў Беларусі як дрэннае, вырасла ўдвая – да 44%. Істотна павялічылася доля тых, хто адчувае трывогу за будучыню. Але разам з тым вырасла й колькасьць людзей, якія глядзяць у будучыню з надзеяй. Беларусы стараюцца супакоіць сябе, бо бясконца трывожыцца немагчыма – кажа сацыёляг Андрэй Вардамацкі.

Андрэй
Андрэй Вардамацкі

А. Вардамацкі: Калі шчасьця няма сёньня, то чалавек пераносіць яго на далейшую пэрспэктыву, бо ён хоча захаваць псыхалягічны камфорт. Немагчымасьць шчасьця сёньня нараджае надзею на заўтра.

У 2014 годзе доля тых, хто лічыць, што ў саюзе з Расеяй беларусам будзе жыць лепш, чым у Эўрапейкім зьвязе, вагалася на ўзроўні 55%. Цяпер яна падрасла да 65% – канстатуюць сацыёлягі. Гэта можна патлумачыць як узьдзеяньнем расейскай тэлепрапаганды, так і перакананьнем людзей, што толькі Расея можа даць Беларусі грошы. Геапалітычны выбар беларусаў нестабільны й прадыктаваны бягучымі эканамічнымі патрэбамі.

А. Вардамацкі: Я бачыў сытуацыі, калі геапалітычныя арыентацыі беларусаў зьмяняліся вельмі хутка. За адзін месяц яны зьмяняліся на 10%. Зьмена гэтых арыентацыяў – гэта пытаньне абставінаў і палітычнай волі беларускіх уладаў. Геапалітычныя арыентацыі не фармуюцца раз і назаўсёды. Яны зьмяняюцца.

Самымі важнымі праблемамі беларусы лічаць сёньня рост цэнаў, беспрацоўе, алькагалізм і нізкую даступнасьць жытла. Росту пратэстных настрояў не адзначаецца. Выходзіць на акцыі гатовыя толькі 6% беларусаў. Нягледзячы на тое, што ўлады заяўляюць, што беларусы не жадаюць рынкавых рэформаў, патрабаваньні рэформаў растуць. Доля тых, хто хоча эканамічных свабодаў, дасягае 35% – кажа палітоляг Андрэй Елісееў.

Андрэй
Андрэй Елісееў

А. Елісееў: Попыт на рэформы ёсьць. І ён даволі высокі сярод усіх узроставых катэгорыяў: пачынаючы ад дваццацігадовых і заканчваючы людзьмі, якім за 65.

За апошні год заробкі ў Беларусаў у даляравым выражэньні ў палі на 16%. Аднак у гэтым годзе яны могуць зьменшыцца яшчэ больш – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў. Прычына магчымага падзеньня даходаў крыецца ў тым, што ў 2014 годзе зарплаты павысіліся ў паўтара разы, тады як эканоміка не расла зусім. Гэты «навес» пустых грошаў можа абрынуцца – папярэджвае Леанід Злотнікаў.

Леанід
Леанід Злотнікаў

Л. Злотнікаў: Заробкі могуць упасьці яшчэ працэнтаў на 20. Прычым калі ня будзе паступленьня валютных сродкаў – напрыклад, у форме крэдытаў – гэта можа здарыцца на працягу паўгода.

З-за падзеньня цэнаў на нафту субсыдыі з боку Расеі значна скараціліся. Беларускія ўлады вымушаныя эканоміць грошы й праводзіць асьцярожныя структурныя рэформы – канстатуе адзін з аўтараў дакладу эканаміст Алесь Аляхновіч.

Алесь
Алесь Аляхновіч

А. Аляхновіч: Пачалася абмежаваная рэструктурызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў, гэта значыць продаж неэфэктыўнай маёмасьці. Паводле стану на 1 студзеня ў працэдуры банкруцтва знаходзяцца 60 буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. Памяншаецца аб’ём ільготнага крэдытаваньня для прадпрыемстваў. Таксам зьмяняюцца ўмовы фінансаваньня. Яны становяцца больш рынкавымі. Па-трэцяе, дзяржава пачынае аптымізаваць занятасьць на дзяржаўных прадпрыемствах. Улады праводзяць рэформы, таму што яны вымушаныя гэта рабіць, бо без рэформаў беларуская эканоміка па-ранейшаму будзе падаць.

Экспэрт Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Фёдараў падсумаваў вынікі 2015 году ў беларускай замежнай палітыцы. Зьнешнепалітычнае становішча можна ахарактарызаваць як «цугцванг» – кажа аналітык. Гэта сытуацыя, калі кожны ход у шахматнай гульні пагаршае стан таго, хто гэты ход робіць. Крэмль ужо ня можа даць Аляксандру Лукашэнку дастатковай фінансавай падтрымкі і ўсё больш пагражае яго ўладзе. Аднак павярнуцца на Захад Лукашэнка таксама ня можа, бо Масква абрэжа апошнія субсыдыі. Напружанасьць у стасунках з Расеяй будзе нарастаць – прадказвае Андрэй Фёдараў.

Андрэй
Андрэй Фёдараў

А. Фёдараў: Эканоміка Беларусі знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане. Патрэбныя грошы, а выдадуць іх толькі пры выкананьні пэўных умоваў. Напрыклад, трэба будзе зьмяніць гандлёвыя адносіны з Украінай. Кіеў уступіў у зону вольнага гандлю з Эўразьвязам, у выніку чаго Масква выключыла Ўкраіну з зоны вольнага гандлю СНД. Аднак Беларусь па-ранейшаму не накладае на ўкраінскія тавары мыты, хоць Масква настойвае. Іншай умовай для атрыманьня грошай можа стаць разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай вайсковай базы.

Беларуская аналітычная майстэрня – гэта дасьледчы цэнтар, які аб’ядноўвае беларускіх сацыёлягаў, эканамістаў і палітолягаў. Майстэрня праводзіць рэгулярныя дасьледаваньні грамадзкай думкі й публікуе іх вынікі ў аналітычных дакладах, якія выходзяць раз у два месяцы. Апошняе сацыялягічнае дасьледаваньне прайшло ў студзені 2015 году. Удзел у ім узялі 1036 асобаў.

Аляксандар Папко

/


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт