Logo Polskiego Radia
Print

Ад NATO Грузія чакае практычнага супрацоўніцтва, ад ЭЗ – адмены візаў

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 28.06.2016 17:07
  • Ад NATO Грузія чакае практычнага супрацоўніцтва, ад ЭЗ – адмены візаў.mp3
У верасьні ЭЗ можа адмяніць візы для грузінаў, а NATO акажа тэхнічную дапамогу суседзям – заявіў у Варшаве міністар замежных справаў Грузіі.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Грузія спадзяецца, што на саміце ў Варшаве краіны NATO падтрымаюць памкненьні Тбілісі далучыцца да Паўночнаатлянтычнага альянсу і вырашаць аказаць Грузіі практычную дапамогу па ўзмацненьні арміі. Грузінскі ўрад таксама спадзяецца, што выхад Вялікабрытаніі з Эўразьвязу не адцягне ўвагу ўдзельнікаў саміту ад галоўнай тэмы – узмацненьня абароназдольнасьці Альянсу й дапамогі ўсходнім суседзям NATO. Пра гэта ў Варшаве заявіў міністар замежных справаў Грузіі Міхаіл Джанелідзэ. Ён выступіў з адкрытай лекцыяй у Польскім інстытуце міжнародных справаў.

Міністар замежных справаў Грузіі наведаў Польшчу за 10 дзён да саміту NATO, які пройдзе ў Варшаве з 7 па 9 ліпеня. У Польскім інстытуце міжнародных справаў Міхаіл Джанелідзэ расказаў аналітыкам, дыпляматам і журналістам, якіх дзеяньняў па ўзмацненьні бясьпекі ва Ўсходняй Эўропе ад NATO чакае Грузія.

Удзельнікі саміту NATO павінны пацьвердзіць, што выхад Брытаніі з Эўразьвязу не адаб’ецца на ваеннай бясьпецы Эўропы. Нягледзячы на ўсю сур’ёзнасьць сытуацыі, «Брэксіт» не павінен засланіць галоўную тэму сустрэчы – узмацненьне абароназдольнасьці Альянсу, зазначыў Міхаіл Джанелідзэ. Грузінскі ўрад вельмі чакае, што Варшаўскі саміт стане крокам на шляху Грузіі да NATO – заявіў Міхаіл Джанелідзэ.

М. Джанелідзэ: На нашую думку, саміт NATO павінен прынесьці два вынікі. Па-першае, мы чакаем палітычнай падтрымкі і пацьверджаньня незваротнасьці інтэграцыі Грузіі ў NATO. Па-другое, мы чакаем паглыбленьня практычнага супрацоўніцтва. Мы разумеем, што цяпер складаны час, і перад эўраатлянтычнай супольнасьцю стаіць шмат выклікаў, асабліва пасьля рашэньня Вялікабрытаніі выйсьці з Эўразьвязу. Аднак мы спадзяемся, што гэтая падзея не адцягне ўвагі ад іншых, вельмі важны рэчаў. Мы спадзяемся, што саміт NATO ў Варшаве будзе прысьвечаны бясьпецы краінаў NATO й дапамозе ўсходнім суседзям Альянсу.

Пасьля таго, як Вялікабрытанія вырашыла пакінуць Эўразьвяз, вельмі важна, каб краіны NATO прадэманстравалі сваё адзінства. Калі адзінства ня будзе, то гэтым адразу скарыстаюцца супернікі Альянсу – лічыць міністар замежных справаў Грузіі.

М. Джанелідзэ: Перад тым, як разважаць над рэформай Эўразьвязу, мы павінныя задумацца над тым, як запэўніць бясьпеку і стабільнасьць у Эўропе. Любы крок назад будзе ўспрыняты як нашая слабасьць і будзе выкарыстаны тымі сіламі, якія зацікаўленыя ў аслабленьне Эўропы.

Калі ад NATO Грузія чакае дапамогі па ўзмацненьні абароназдольнасьці, то ад Эўразьвязу – увядзеньня бязьвізавага рэжыму. Дамова аб асацыяцыі паміж Эўразьвязам і Грузіяй, якая дае грузінскім таварам доступ на эўрапейскі рынак, ужо ратыфікаваная парлямэнтамі ўсіх краінаў ЭЗ. Яна ўступае ў дзеяньне 1 ліпеня гэтага году. Міхаіл Джанелідзэ спадзяецца, што рашэньне пра адмену візаў Эўразьвяз прыме ўжо ў верасьні.

М. Джанелідзэ: З 2013 году мы выканалі ўсе рэкамэндацыі Эўрапейскага зьвязу. Мы падпісалі плян дзеяньняў па лібэралізацыі візавага рэжыму. У яго рамках мы прынялі больш за 130 новых законаў і паправак да законаў. Мы нават стварылі новыя дзяржаўныя ўстановы. У выніку Эўракамісія пацьвердзіла, што мы выканалі ўсе патрабаваньні. Вельмі важана, каб рашэньне пра адмену візаў было прынятае да канца верасьня. У кастрычніку ў нас адбудуцца парлямэнцкія выбары. Калі да гэтага часу Эўразьвяз не прыме рашэньня пра адмену візаў, то многія грамадзяне Грузіі, якія падтрымліваюць праэўрапейскія палітычныя сілы, будуць расчараваныя.

Падчас свайго выступу Міхаіл Джанелідзэ зазначыў, што Польшча зьяўляецца вельмі важным палітычным партнэрам Грузіі. Варшава падтрымлівае інтэграцыю Грузіі ў NATO і разьвівае двухбаковае супрацоўніцтва з мэтай узмацніць абарону Грузіі. Для Тбілісі важнымі зьяўляюцца ўсе партнэры, якія дапамагаюць вырашыць канфлікты на постсавецкай прасторы мірным шляхам – заявіў міністар. Вырашаць канфлікты з Грузіяй шляхам перамоваў Міхаіл Джанелідзэ заклікаў і Расею.

М. Джанелідзэ: Мы заклікаем Расейскую Фэдэрацыю вырашыць канфлікт мірным шляхам і ў рамках міжнароднага права. Мы забавязаліся ў аднабаковым парадку не прымянаць сілу – і мы выконваем гэтае забавязальніцтва. Мы шукаем прагматычных, мірных рашэньняў у рамках міжнароднага права. Альтэрнатываў мірным рашэньням няма. Любая эскаляцыя ў нашым рэгіёне можа стаць выбуховай. Яна можа мець непрадказальныя наступствы для ўсіх.

Пры гэтым міністар замежных справаў Грузіі падтрымаў палітыку санкцыяў Эўразьвязу ў адказ на анэксію Крыму й распальваньне вайны ў Данбасе. «Санкцыі – гэта адзіны інструмэнт, які можа быць выкарыстаны, каб прымусіць Расейскую Фэдэрацыю паважаць міжнароднае права. Іншым інструмэнтам маглі б быць ваенныя дзеяньні. Зразумела, выкарыстаць яго ня хоча ніхто. Мы ведаем, што ад санкцыяў пакутуе таксама эканоміка эўрапейскіх дзяржаваў, аднак іх адсутнасьць прывяла б да горшых наступстваў. Санкцыі цяпер – гэта найбольш эфэктыўны інструмэнт. Эўразьвяз прыняў правільнае рашэньне», – заявіў кіраўнік грузінскай дыпляматыі.

Міністар
Міністар замежных справаў Грузіі Міхаіл Джанелідзэ і дырэктар Польскага інстытуту міжнародных справаў Славамір Дэмбскі.



Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт