Logo Polskiego Radia
Print

Забойства Шарамета: расейскі сьлед

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 20.07.2016 19:36
  • Шарамет.mp3
"Расея можа сабе дазволіць нягледзячы ні на што забіваць такіх істотных людзей для дэстабілізацыі".
Кветкі на рабочым стале Паўла Шарамета на Радыё “Вести” Кветкі на рабочым стале Паўла Шарамета на Радыё “Вести” PAP/EPA/ROMAN PILIPEY

Сёньня стала вядома, што ў Кіеве ад выбуху ў машыне загінуў беларускі, украінскі й расейскі журналіст Павел Шарамет. Ён быў заснавальнікам партала “Беларускі партызан”, які зьяўляецца партнэрам Беларускай службы Польскага радыё. Апошнія некалькі гадоў Шарамет жыў ва Ўкраіне, дзе працаваў у мясцовых СМІ. Аўтамабіль, у якім спрацавала “адзкая машына”, належыў кіраўніку “Ўкраінскай праўды” Алёне Прытуле. “Украінская праўда” вядомая сваімі артыкуламі, у якіх выкрывала карупцыю, злачынствы ды іншыя паталагічныя рэчы, што адбываліся ва ўкраінскім грамадзтве.

Кіраўнік “Хартыі 97” Натальля Радзіна сказала нам, што калі даведалася пра сьмерць Шарамета, то зь ёй здарыўся шок. Яна ўпэўненая, што гэта было заказное забойства. Паводле яе, сьляды заказчыкаў могуць знаходзіцца ў Маскве, Менску, але й Кіеў таксама не зьяўляецца выключэньнем.

Н.Радзіна: Я перажыла проста шок. Безь ніякіх сумневаў гэта забойства, без сумневаў рабілі замах непасрэдна на Паўла, нягледзячы на тое, што ён знаходзіўся ў машыне Алёны Прытулы. Каму гэта было зручна, сёньня гаварыць складана, паколькі Павел быў і беларускім, і расейскім, і украінскім журналістам. Усюды ён дабіўся посьпеху, усюды ён раздражняў мясцовыя ўлады. Таму заказчыкі яго забойства могуць быць адкуль заўгодна: як з Масквы, так і зь Менску. Ён таксама мог перашкодзіць каму-небудзь ва Ўкраіне, нягледзячы на тое, што Ўкраіна сёньня зьяўлаецца болей дэмакратычнай краінай чым Беларусь, і мэдыярынак там працуе больш-менш нармальна. Тым ня менш, там канкуруюць розныя інтарэсы. Магчыма, ён мог перайсьці каму-небудзь дарогу, не выключаючы ўсялякія бізнэс-разборкі. Але ў дадзенным выпадку ў мяне няма ніякіх вэрсіяў адносна ўкраінскай дзейнасьці Паўла Шарамета, таму што я зь ёй недакладна знаёмая.

Мы таксама патэлефанавалі ў Кіеў, каб на месцы даведацца пра тое, што гаворыцца пра сьмерць вядомага журналіста. Экспэрт і публіцыст Аляксандр Палій мяркуе, што за забойствам стаіць Масква.

А.Палій: Першая рэч, якая кідаецца ў вочы, гэта тое, што ён уласна кажучы зьяўляецца грамадзянінам Расеі, а таксама тое, што забойства здарылася падчас вайны з Расеяй. То бок Павел быў дысідэнтам там, у Расеі. Ён супрацоўваў, як кажуць расейцы, з фашыстамі, нацыстамі й гэтак далей. Сёньня галоўнай тэмай зьяўляецца тое, што Расея ўжо страціла надзею неяк паўплываць на ўкраінскае грамадзтва. Таму яна можа сабе дазволіць нягледзячы ні на што забіваць такіх істотных людзей для дэстабілізацыі. Але ў той жа час нельга выключаць варыянты, зьвязаныя зь іншымі расследаваннямі: маю на ўвазе ўнутраны характэр гэтага забойства. Хаця ў нас такія забойства не здараюцца, рэдка такое калі-небудзь здаралася. Фактычна, раней не было такіх забойстваў унутранага паходжаньня. Таму забойства Шарамета, як многія зараз мяркуюць, было заказана звонку.


А ці той факт, што Шарамет знаходзіўся ў машыне Алёны Прытулы, не насоўвае вэрсію пра тое, што гэта яна магла быць цэльлю злачынцаў?

А.Палій: Тэарытычна нельга выключыць, што гэта был замах на жыцьцё Прытулы. Трэбы гэта таксама ўзяць пад увагу. Але ж гэта прынцыпова не зьмяняе сітуацыі, таму што галоўным, хто зацікаўлены ў дэстабілізацыі становішча ў краіне, зьяўляецца зьнешні заказчык. А што датычацца нейкіх там сур’ёзных расьследаваняў - магчыма, што яны ёсьць. Мы дакладна ня можам паведаміць. Але тое, што Шарамет напісаў дагэтуль, і блізка не цягнула на такое забойства. Яго дзейнасьць не была ні для каго нейкім велізарным страшным кампраматам, каб зрабіць такія рэчы, якія ў нас ва Ўкраіне амаль што ніколі не здараліся.

Апошнія пяць гадоў Павел Шарамет жыў у Кіеве, працаваў ва “Ўкраінскай праўдзе” й вядучым на радыё “Вести”. Журналіст будзе пахаваны ў Менску.

Валеры Саўко/кд

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт