Logo Polskiego Radia
Print

Юрый Базан: успамін пра чалавека-легенду (ФОТА+АЎДЫЁ)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 26.09.2016 20:59
  • Маша Калесьнікава.mp3
  • Варшаўскі мост.mp3
Юрыя Мікалаевіча ня стала, але застаўся яго голас: прыгожы, нізкі, радыйны.

На днях зьявілася сумная навіна: ня стала заснавальніка, уладальніка ды галоўнага рэдактара менскага «Аўтарадыё» Юрыя Базана. Ён пайшоў з жыцьця ва ўзросьце 53 гадоў. Гэтая менская радыёстанцыя, якая ўжо не існуе, цягам некалькі гадоў была партнэрам Беларускай службы.

Я добра ведаў Юрыя Базана. Неўзабаве пасьля таго, як пачалося супрацоўніцтва паміж Польскім радыё й «Аўтарадыё», ён запрапанаваў мне перайсьці на «ты». Гэта быў вялікі гонар, бо Юра быў чалавекам-легендай, які стаяў у вытокаў прыватнага радыёвяшчаньня ў Беларусі.

«Аўтарадыё» пачало вяшчаць у 1992 годзе. Станцыя пад кіраўніцтвам Юрыя Мікалаевіча была радыё непакорлівым, мела свой погляд на рэчаіснасьць, пры гэтым адначасова творчым ды арыгінальным мэдыяпраектам, які выдзяляўся ў гушчыні беларускага радыёэфіру.

Супрацоўніцтва паміж менскай радыёстанцыяй і Польскім радыё пачалося ў палове 2000-х гадоў. Спачатку былі гэта разавыя перадачы Беларускай службы Польскага радыё, якія выходзілі ў эфіры ў Менску нерэгулярна: раз на паўгода-год. У 2008 годзе цягам некалькіх месяцаў у эфіры «Аўтарадыё» гучала штотыднёвая праграма «Варшаўскі мост» – супольны беларуска-польскі праект, які фінансаваў польскі бок. Гэта была музычна-інфармацыйная праграма з каштоўнымі падарункамі. На жаль, празь нейкі час праект быў зачынены з-за праблем з фінансаваньнем.

/

А вялі гэтую праграму я й Фаль Пуцёвы: менавіта такі арыгінальны псэўданім прыдумаў сабе Юра Базан. Дзіўнага ў гэтым нічога няма, бо ён быў творчым чалавекам. Больш за тое, падтрымліваў журналістаў, якія выступалі з творчымі праектамі, падштурхоўваў іх да дзеяньня, кажа цяперашняя журналістка «Эўрарадыё» Маша Калесьнікава, якая на «Аўтарадыё» правяла некалькі гадоў (слухайце гукавы файл).

Юра стараўся быць незалежнай асобай. Зразумела, слова «незалежнасьць» інакш успрымаецца ў Беларусі, а інакш – у іншых краінах. Памятаю, я ня раз у яго пытаўся: «Слухай, а Мінінфарм наш праект «Варшаўскі мост» не прыкрые»? На што ён адказваў: «А за што? Мы ж нічога супрацьзаконнага ня робім». Ён быў аптымістам, але, на вялікі жаль, яго аптымізм і пагубіў «Аўтарадыё».

Радыёстанцыю зачынілі ў 2011 годзе нібыта за распаўсюд інфармацыі, якая «ўтрымлівала публічныя заклікі да экстрэмістскай дзейнасьці». На самой справе такім чынам беларускі рэжым адрэагаваў на агітацыйныя ролікі кандыдата ў прэзыдэнты 2010 года Андрэя Саньнікава, якія можна было пачуць у эфіры станцыі. Саньнікаў тады казаў, што «лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы». Цікава тое, што гэты ж самы ролік можна было пачуць у эфіры дзяржаўных СМІ. Аспрэчыць праз суд рашэньне аб закрыцьці «Аўтарадыё» не атрымалася.

Для Юры гэта быў вельмі моцны ўдар! Бо «Аўтарадыё» было яго дзіцем, яго цэлым жыцьцём, безь якога ён ня мог уявіць існаваньня. Здаралася, што ў рэдакцыі па вуліцы Прытыцкага ён праводзіў час з самай раніцы ажно да ночы.

Літаральна празь некалькі тыдняў Юра адзначаў бы свой чарговы дзень нараджэньня. Юрыя Мікалаевіча ня стала, але застаўся яго голас: прыгожы, нізкі, радыйны. Прапануем вашай увазе фрагмэнт праграмы «Варшаўскі мост» з 18 сьнежня 2008 года (слухайце гукавы файл).

Дарагі Юра! Няхай зямля будзе Табе пухам.

Беларуская служба Польскага радыё выказвае шчырыя спачуваньні сваякам і блізкім Юрыя Базана.

Валеры Саўко

фота з прыватнага архіва Юрыя Базана

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт