Logo Polskiego Radia
Print

Польшча робіць першыя крокі па стварэньні Балта-Чарнаморскага саюзу?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 29.09.2016 17:43
  • Польшча робіць першыя крокі па стварэньні Балта-Чарнаморскага Саюзу.mp3
Агрэсіўная палітыка Расеі прымусіла краіны рэгіёну ўзмацніць супрацоўніцтва – канстатавалі ўдзельнікі канфэрэнцыі ў Варшаве.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

Агрэсіўная палітыка Расеі адрадзіла ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ідэю стварыць Балта-Чарнаморскі саюз. Наколькі рэалістычная гэта ідэя, і ці можа да яе далучыцца Беларусь? На гэтыя тэмы дыскутавалі ў Варшаве вядомыя беларускія, польскія і ўкраінскія палітыкі і экспэрты. У рамках канфэрэнцыі АБСЭ фонд «Эўрапейская Беларусь» правёў дыскусію «Геапалітычная сытуацыя ў «Міжмор’і» і яе ўплыў на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі». На сустрэчы з удзелам Андрэя Саньнікава й Мікалая Статкевіча пабываў Аляксандар Папко.

Ідэя саюзу краінаў, разьмешчаных паміж Балтыйскім і Чорным морам, адраджаецца тады, калі ў Эўропе расьце небясьпека вайны. Агрэсія Расеі супраць Украіны, міграцыйны крызыс, крызыс кіраваньня ў Эўрапейскім Зьвязе прымусілі Польшчу наладжваць супрацоўніцтва з краінамі рэгіёну – зазначыў дырэктар Цэнтра ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Ян Маліцкі.

У жніўні ў харвацкім Дуброўніку прайшоў саміт дзяржаваў, разьмешчаных паміж Балтыкай, Адрыятыкай і Чорным морам. Варшава мае вельмі сур’ёзныя намеры разьвіваць супрацоўніцтва з краінамі так званага «Міжмор’я» – кажа былы міністар абароны Польшчы Рамуальд Шарамецьеў.

/

Рамуальд Шарамецьеў: Так, гэта сур’ёзны праект. Пра яго сур’ёзнасьць сьведчаць спробы пабудаваць так званы Via Carpathia – транзытны шлях «Поўнач-Поўдзень». Прэзыдэнт Польшчы заяўляе, што мы павінныя зьмяніць пэрспэктыву эканамічных адносінаў. З падтрымкі сувязяў Усход-Захад, якія дамінуюць у нашым рэгіёне трэба перайсьці да разьвіцьця сувязяў на восі Поўнач-Поўдзень. Калі гэты праект «абрасьце» транспартнай інфраструктурай і эканамічнымі сувязямі, то рэгіён пачне аб’ядноўвацца натуральным чынам.

Беларусь адыгрывае ключавую ролю ў падтрыманьні бясьпекі ва Ўсходняй Эўропе. Незалежнасьць Беларусі й мір у ёй гарантуюць бясьпеку паўночных межаў Украіны, заходніх межаў Польшчы й краінаў Балтыі. Было б натуральным далучыць Беларусь да супрацоўніцтва краінаў Балта-Чарнаморскага рэгіёну, аднак пакуль што краіна знаходзіцца пад вайсковым і эканамічным кантролем Расеі – зазначае Рамуальд Шарамецьеў.

Рамуальд Шарамецьеў: Пытаньне ў тым, якім чынам Беларусь можа аднавіць незалежнасьць. Ці ёсьць шанцы таго, што краіна вызваліцца з расейскай сфэры ўплыву. Гэта, на жаль, надзвычай цяжка зрабіць, бо расейцы дасканала ведаюць, наколькі важная Беларусь, і стараюцца там замацавацца любой цаной. Лёс Беларусі будзе залежаць ад таго, якую пазыцыю зоймуць самі беларусы.

Анэксія Крыму Расеяй вярнула Эўропу ў «прывычны» стан ваеннага супрацьстаяньня – заявіў кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» падпалкоўнік запасу Мікалай Статкевіч. Пасьля 70 гадоў міру эўрапейскі кантынэнт вяртаецца да барацьбы за «справядлівыя» межы. А межаў, справядлівых для ўсіх, як вядома, не бывае – зазначыў Мікола Статкевіч.

На думку беларускага палітыка, Заходняя Эўропа сёньня не можа абараніць усходніх суседзяў. Немцы ці французы ня хочуць ваяваць за краіны Балтыі й тым больш за Ўкраіну. Таму дзяржавы, разьмешчаныя паміж Балтыкай і Чорным морам павінныя ствараць саюз – лічыць Мікола Статкевіч.

/

Мікола Статкевіч: Мы павінныя імкнуцца да аб’яднаньня рэсурсаў. Паасобку перад новай пагрозай мы вельмі слабыя. А калі б аб’яднаньне краінаў рэгіёну адбылося, то рэсурсы нашых краінаў зрабіліся б параўнальнымі з рэсурсамі патэнцыйнага агрэсара.

Пакуль Польшча, Украіна ці краіны Балтыі толькі разважаюць пра магчымасьці аб’яднаньня, Расея ўжо рыхтуецца супрацьстаяць іх абаронным намаганьням – падкрэсьліў Мікола Статкевіч. Неўзабаве ў Клінцах ля беларускай і ўкраінскай межаў будзе разьмешчана расейская мотастралковая дывізія. Яна можа адным ударам дасягнуць прыпяцкіх балотаў і перарваць усе шляхі паміж Беларусьсю і Ўкраінай – зазначыў былы вайсковец.

Лукашэнка баіцца агрэсіўнай палітыкі Крамля, таму спрабуе палепшыць стасункі з Захадам. Аднак уключыць сёньняшні Менск у балта-чарнаморскае супрацоўніцтва ня ўдасца – лічыць Мікола Статкевіч. Лукашэна занадта слабы й залежны ад Расеі, каб гарантаваць мір у рэгіёне.

Мікола Статкевіч: Лукашэнка занадта залежны ад Расеі. Ён хоча хоць крышачку аслабіць гэтую залежнасьць, але ня больш. Любы рэзкі крок з боку чалавека, які ўзяў 100 мільярдаў даляраў ад Расеі за ўваходжаньне Беларусі ў яе склад, прывядзе да катастрафічных наступстваў – альбо для Лукашэнкі, альбо для ўсёй нашай краіны. Лукашэнка гэта разумее й ні на якія рэальныя крокі ня пойдзе. Ён баіцца нават па-беларуску выступіць! Ён баіцца правесьці любую перадыслякацыю войскаў на Ўсход, тады як Расея ставіць ля нашых межаў вайсковыя часткі.

Сёньня ЗША, Эўразьвяз і нават Украіна праводзяць у стасунку да Аляксандра Лукашэнкі такую ж палітыку, якую Захад праводзіў некалі да Муамара Кдафі й Хосьні Мубарака – зазначыў кіраўнік украінскага фонду «Ініцыятыва па дасьледаваньні ўсходнеэўрапейскай бясьпекі» Максім Хілько.

Заходнія краіны падтрымліваюць аўтарытарнага кіраўніка, думаючы, што ён забясьпечыць стабільнасьць у рэгіёне. Аднак дыктатуры немінуча падаюць, і тады аўтарытарныя краіны ператвараюцца ў зоны канфліктаў. Толькі інвэстуючы ў дэмакратычныя перамены можна запэўніць стабільнасьць і мір як у Беларусі, так і ва ўсім рэгіёне – заявіў украінскі дасьледчык.

/

Максім Хілько: Лукашэнка вельмі баіцца, што Расея можа памяняць яго на больш зручнага ёй кіраўніка. Такая пагроза рэальная, паколькі Лукашэнка цалкам залежыць ад Расеі. Аднак гэта не азначае, што Лукашэнка хоча прыняць эўрапейскія каштоўнасьці. Ён гандлюецца з Эўропай, намагаючыся атрымаць ад захаду крэдыты і інвэстыцыі, бо Расея ня можа даць яму дастаткова грошай. Лукашэнка ніколі не пойдзе на дэмакратычныя рэформы, каб зблізіцца з ЭЗ. Януковіч таксама доўга вадзіў Эўразьвяз за нос. Эўропа хацела ўцягнуць яго ў супрацоўніцтва, часта зачыняючы вочы на тое, што ён парушаў дэмакратычныя нормы. Аднак у канцы Януковіч усё роўна паспрабаваў прадаць сваю краіну Расеі.

Расеі сёньня патрэбны не «Данбас-2», а «Крым-2» – новая бяскроўная анэксія чужой тэрыторыі – лічыць Мікалай Статкевіч. На думку беларускага палітыка, Крэмль можа пайсьці на новыя ваенныя авантуры. Аднак лёс кантынэнту залежыць не ад плянаў Расеі, а ад рашучасьці эўрапейскіх краінаў ёй супрацьстаяць.

На думку Статкевіча, Эўразьвяз не павінен скасоўваць санкцыяў супраць Расеі, а ў Беларусі Брусэль павінны падтрымліваць тыя палітычныя сілы, якія выступаюць за незалежнасьць краіны. «Прадстаўнікі Эўразьвязу могуць сустракацца з дыктатарам, але, калі ласка, не пакідайце без хаця б палітычнай падтрымкі тых, хто гатовы змагацца», – падкрэсьліў Мікалай Статкевіч.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт