Logo Polskiego Radia
Print

Польшча купляе ўрадавыя самалёты (ФОТА+ВІДЭА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 24.10.2016 20:44
За чатыры адміністрацыйныя машыны Варшава залаціць больш за 388 млн эўра.
Gulfstream G550Gulfstream G550commons.wikimedia.org/Wo st 01/CC BY-SA 3.0

Польшча нарэшце выбрала адміністрацыйны самалёт для свайго ўраду. Пакуль што Варшава закупіць дзьве невялікія па пасажыраўмяшчальнасьці машыны для перавозкі найважнейшых пэрсон у дзяржаве, пазьней адбудзецца тэндэр на сярэднія самалёты.

Удзел у тэндэры прымалі амэрыканская кампанія Gulfstream Aerospace Corporation, якая зьяўляецца часткай карпарацыі General Dynamics, і француская фірма Dassault Aviation. Пра выбар кампаніі й самалёта паведаміў журналістам намесьнік міністра абароны Польшчы Барташ Каўнацкі (Bartosz Kownacki).

Б.Каўнацкі: Заяўкі падалі дзьве кампаніі, адна зь іх не магла выканаць фармальных умоваў. Я маю на ўвазе францускую кампанію. Кампаніяй, якая выканала ўмовы, зьяўляецца General Dynamics і яе самалёт Gulfstream G550.

Вядома, што прапанова французаў была крыху даражэйшая. Цана аднаго самалёту, якія выбрала Мінабароны Польшчы, складае каля 450 млн злотых (больш за 102 млн эўра).

Dassault
Dassault Falcon 7X commons.wikimedia.org/Dmitry A. Mottl/Public Domain

Кампанія Dassault Aviation прапанавала самалёт Falcon 7X. Абедзьве машыны – і Gulfstream, і Falcon, – забіраюць на борт 16 пасажыраў. Экіпаж складаецца з трох чалавек: двух пілётаў і аднаго сьцюарда. Паводле Мінабароны Польшчы, розьніца ў прапанове была мінімальнай, і толькі менш важныя фактары прывялі амэрыканскую кампанію да перамогі.

на відэа: салён Gulfstream G550


Паводле экспэртаў, самалёты вельмі падобныя, хоць і існуюць пэўныя адрозьненьні. Для прыкладу, Falcon мае тры рухавікі, а Gulfstream – два. У сувязі з гэтым у «француза» ўзровень бясьпекі крыху большы, хоць пры сёньняшнім разьвіцьці авіяцыйнай тэхнікі й тэхналёгій гэта мае мінімальнае значэньне. Адной з умоў тэндэру было тое, што ў выпадку тэхнічных праблем машыны яе вытворца абавязаны адправіць на месца паломкі брыгаду інжынэраў і запасныя часткі, а па пасажыраў – запасны самалёт.

У аб’яўленым Польшчай тэндэры ўдзел узялі ўсе буйныя фірмы, якія спэцыялізуюцца ў вытворчасьці бізнэс-джэтаў (акрамя канадзкай кампаніі Bombadier).

На машынах Gulfstream лётаюць высокапастаўленыя дзяржаўныя чыны Турцыі, Швэцыі, ЗША, Італіі, Азэрбайджана, Аўстраліі, некаторых дзяржаў Афрыкі ды іншых краін. У сваю чаргу самалёты Falcon выкарыстоўваюцца дзяржаўнай авіяцыяй Францыі, Эквадора, Манака, Намібіі, Нігерыі й Эгіпта.

Кабіна
Кабіна пілётаў Gulfstream G550, commons.wikimedia.org/André Austin Du-Pont Rocha/GNU Free Documentation License GFDL 1.2


Палякі спадзяюцца, што самалёты будуць дастаўленыя да канца лета 2017 года. Пры васьмі пасажырах на борце Gulfstream G550 зможа без пасадкі праляцець па трасе з Варшавы ў Нью-Ёрк.

Агулам Мінабароны Польшчы хоча купіць чатыры бізнэс-самалёты для ўрада: два малыя й два сярэднія. Два малыя ўжо заказаныя. На пастаўку двух сярэдніх самалётаў (70-140 пасажыраў) удзел у тэндэры прымаюць чатыры фірмы. Не вядома, самалёты якіх марак прапануюць згаданыя кампаніі. Агулам на пакупку адміністрацыйных самалётаў Польшча плянуе выдаткаваць 1 млрд 700 млн злотых (больш за 388 млн эўра).

Працяглы час польскія высокапастаўленыя чыноўнікі лёталі на самалётах Ту-154М і Як-40, які былі маральна й тэхнічна састарэлымі. У красавіку 2010 года адзін з двух Ту-154М разьбіўся пад Смаленскам, іншы Ту-154М і машыны Як-40 былі сьпісаныя, а 36-ы спэцыяльны транспартны авіяполк, на балянсе якога былі адміністрацыйныя самалёты, Мінабароны расфармавала. Пры гэтым пытаньне куплі новых самалётаў для ўраду паўставала нашмат раней да катастрофы.

Пасьля катастрофы ўрад Польшчы ўзяў у авіякампаніі LOT у чартэр два сярэднія па пасажыраўмяшчальнасьці й сярэдняй дальнасьці самалёты Embraer 175. Гэта былі звычайныя пасажырскія самалёты, пафарбаваныя ў польскі нацыянальны бела-чырвоны колер. Дагавор чартэру завяршаецца ў 2017 годзе.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт