Logo Polskiego Radia
Print

Да канца году на мадэрнізацыю арміі Польшча выдаткуе 1,5 млрд эўра

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 26.10.2016 16:12
У 2017 годзе польская армія атрымае першыя верталёты для спэцыяльных падразьдзяленьняў.
Photo:Piotr Drabik/flickr.com/Commercial use allowed

У лістападзе кіраўніцтва Міністэрства нацыянальнай абароны паведаміць пра рэалізацыю выдаткаў, зьвязаных з мадэрнізацыяй польскай арміі.

Намесьнік начальніка Апэратыўнага цэнтра Міністэрства нацыянальнай абароны Бэата Пэркоўска (Beata Perkowska) заявіла, што папярэднія аналізы паказваюць, што выдаткі на закупку тэхнікі і ўзбраеньня для польскага войска будуць цалкам рэалізаваныя.

Беата Пэркоўска: 2016 год будзе першым за многія апошнія гады, у якім выдаткі на пакупку тэхнікі й зброі будуць поўнасьцю рэалізаваныя, то бок на суму 7 мільярдаў злотых (гэта больш за 1 млрд 598 млн эўра). Польская армія атрымае тэхніку й зброю паводле раней вызначанай колькасьці й тэрмінаў.

Бэата Пэркоўска таксама паведаміла, што ў 2017 годзе армія атрымае першыя верталёты. Першапачаткова яны будуць выкарыстоўвацца для выкананьня спэцыяльных задач і ў выратавальных акцыях. Яна дадала, што цяпер па гэтаму пытаньню Мінабароны вядзе перамовы з трыма партнэрамі, то бок авіязавом у Сьвідніку (Świdnik), які належаць брытанска-італьянскаму канцэрну AgustaWestland; заводам у Мельцу (Mielec), які належыць амэрыканскай кампаніі Sikorsky Aircraft Corporation, а таксама з францускай кампаніяй Airbus Helicopters, зь якой надоечы палякі сарвалі перамовы аб куплі верталётаў Caracal.

На пакупку найбольш неабходных машынаў Міністэрства нацыянальнай абароны плянуе прызначыць адзін мільярд злотых (больш за 228 млн эўра).

Папярэдні кантракт з французамі датычыў закупкі 50 верталётаў на суму 13,5 млрд злотых (больш за 3 млрд эўра). Гэты тэндэр быў аб’яўлены яшчэ падчас кіраўніцтва папярэдняга ўраду й спынены цяперашнім урадам.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт