Logo Polskiego Radia
Print

Польскія сэнатары: «Нам удалося пераадолець узаемны недавер» (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 07.12.2016 18:25
  • Нам удалося пераадолець узаемны недавер.mp3
У сетках Беларусі могуць зьявіцца польскія тэлеканалы, чакаецца інтэнсыфікацыя супрацоўніцтва філёлягаў, мэдыкаў і гісторыкаў.
Дэлегацыя Сэнату Польшчы на сустрэчы з прадстаўнікамі польскай нацыянальнай меншасьці. Менск, 6 сьнежня 2016 г.Дэлегацыя Сэнату Польшчы на сустрэчы з прадстаўнікамі польскай нацыянальнай меншасьці. Менск, 6 сьнежня 2016 г.Aliaksandr Papko/radyjo.net

«Як улады, так і апазыцыя вельмі зацікаўленыя ў тым, каб узмацніць кантакты з Эўропай. Усім вельмі важна, каб Беларусь станавілася бліжэй да Эўропы. Беларусь адчувае сябе часткай Эўропы», – такую галоўную выснова з візыту ў Менск зрабіў старшыня сэнату Польшчы Станіслаў Карчэўскі. Польскі палітык заявіў, што ўладам Беларусі й Польшчы ўдалося «пераадолець узаемны недавер» і прасунуцца ў культурным і навуковым дыялёгу. Вынікі візыту дэлегацыі польскага Сэнату ў Менск падсумоўвае Аляксандар Папко.

Першы дзень візыту дэлегацыя Сэйму Польшчы на чале са сьпікерам Станіславам Карчэўскім прысьвяціла сустрэчам з кіраўніцтвам Беларусі. Адбыліся перамовы з галавой дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам, старшынём Савету Рэспублікі Міхаілам Мясьніковічам і старшынём Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ўладзімерам Андрэйчанкам. Акрамя таго, польскія парлямэнтары прысутнічалі на ратыфікацыі дамовы аб супрацоўніцтве паміж Польшчай і Беларусьсю ў галіне навукі.

На другі дзень візыту польскія сэнатары сустрэліся зь дзеячамі апазыцыі і няўрадавых арганізацыяў. Зь беларускага боку на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі Руху «За Свабоду», праваабарончага цэнтру «Вясна», партыяў БНФ і Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. Акрамя таго, на сустрэчу з польскімі сэнатарамі былі запрошаныя першы галава беларускай дзяржавы Станіслаў Шушкевіч і незалежная дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Адбыўся «даволі жорсткі дыялёг» – заявіў пасьля сустрэчы старшыня Руху За свабоду Юрась Губарэвіч.

/

Юрась Губапрэвіч: Мы падымалі пытаньні, дзе назіраем дастаткова сур’ёзныя зьмены. У прыватнасьці, гэта вяшчаньне тэлеканалу «Белсат», падтрымку праграмаў, зьвязаных з грамадзянскай супольнасьцю і незалежнымі СМІ ў Беларусі. Канешне, мы разумеем неабходнасьць будаваць адносіны з афіцыйным бокам. Агульнай галоўнай мэтай зьяўляецца захаваньне незалежнасьці Беларусі й падтрымка Беларусі як суб’екта на міжнароднай арэне, але гэты дыялёг павінен ісьці й з грамадзянскай супольнасьцю. Для людзей у Беларусі вельмі важна ведаць, што Эўрапейскі зьвяз застаецца партнэрам менавіта дэмакратычнай Беларусі і ён жадае інвэставаць не ў захаваньне і ўзмацненьне аўтарытарнага рэжыму, як гэта выглядае сёньня, але таксама ў перамены ў Беларусі.

Аднак пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі сьпікер польскага Сэнату абверг чуткі наконт магчымай ліквідацыі «Белсату» ці абмежаваньня падтрымкі іншых незалежных СМІ ўзамен за супрацоўніцтва з беларускім урадам.

Станіслаў Карчэўскі: Ніякага гандлю не было, не было такіх размоваў і такіх думак. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці выказалі падазрэньні, але гэтыя падазрэньні мы разьвеялі.

«Наконт гэтага тэлеканалу мы чулі многа пазытыўных меркаваньняў», – дадаў пазьней Станіслаў Карчэўскі.

Пасьля сустрэчы з прадстаўнікамі палітычных партыяў і грамадзянскай супольнасьці Станіслаў Карчэўскі наведаў філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе выступіў перад студэнтамі.

/

«Для Польшчы вельмі важнае разьвіцьцё супрацоўніцтва з Беларусьсю, а асабліва кантакты паміж грамадзтвамі й навуковыя кантакты. Менавіта на іх падставе мы будзем будаваць супрацоўніцтва ў іншых сфэрах». Сьпікер Сэнату Польшчы зазначыў, што нядаўна ратыфікаванае беларуска-польскае пагадненьне аб навуковым супрацоўніцтве пакуль датычыць невялікай колькасьці студэнтаў і выкладчыкаў, аднак у будучым яно можа быць пашыранае.

Затым дэлегацыя верхняй палаты польскага парлямэнту наведала Цэнтар дзіцячай анкалёгіі ў Бараўлянах. Некаторы час таму міністэрства замежных справаў Польшчы прафінансавала пабудову міні-гасьцініцы для бацькоў дзяцей, якія праходзяць лячэньне ў гэтым мэдыцынскім цэнтры.

/

У Бараўлянах Станіслаў Карчэўскі заявіў, што хутка адбудзецца сустрэча міністраў аховы здароўя Беларусі й Польшчы. Дзьве дзяржавы плянуюць заключыць пагадненьне аб абмене студэнтаў і навукоўцаў у мэдыцынскай сфэры.

Акрамя таго, дэлегацыя верхняй палаты парлямэнту Польшчы ўсклала кветкі на магілы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах. Там Станіслаў Карчэўскі паведаміў, што на сустрэчы зь беларускімі ўладамі абмяркоўвалася прапанова Польшчы правесьці ў Курапатах археалягічныя раскопкі з мэтай знайсьці пахаваньні польскіх грамадзянаў. Аднак пакуль у гэтым пытаньні паразуменьне не дасягнутае.

Сьпікер
Сьпікер Сэйму Польшчы Станіслаў Карчэўскі ўскладае кветкі да крыжа, узьведзенага ў памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсіяў. Урочышча Курапаты, Менск, 6 сьнежня 2016 г.

Візыт дэлегацыі польскага Сэнату ў Беларусь завяршыўся сустрэчай зь дзеячамі польскай нацыянальнай меншасьці. Легалізацыя непрызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў, а таксама пашырэньне вяшчаньня польскіх тэлеканалаў у Беларусі былі адной з тэмаў перамоваў з беларускімі ўладамі. Чаго спадзяюцца беларускія палякі ад дыялёгу паміж Варшавай і Менскам?

Беларускія палякі жадаюць разьвіваць сваю культуру. Яны хочуць, каб адносіны паміж імі й беларускімі ўладамі вярнуліся да сытуацыі, якая існавала да 2005 году, і не жадаюць, каб іх правы сталі прадметам палітычнага гандлю – заявіла журналістам былая старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс.

/

Анжаліка Борыс: Трэба проста вярнуцца да сытуацыі да 2005 году, калі Саюз Палякаў дзейнічаў легальна, й ня быў тэмай аніякага гандлю. Гандаль ня сьведчыць пра добрую волю. Дзейнасьць польскай меншасьці – гэта нармальнасьць, а не нешта надзвычайнае. […] Нельга таксама гандляваць незалежнымі СМІ. «Белсат» на сёньня зьяўляецца адзіным беларускамоўным тэлеканалам, які парушае манаполію расейскай прапаганды ў Беларусі. Беларускія ўлады самі павіныя быць зацікаўленыя ў тым, каб існавала беларускамоўнае тэлебачаньне.

Выступаючы перад прадстаўнікамі польскай нацыянальнай меншасьці, Станіслаў Карчэўскі падсумаваў вынікі візыту.

«Не было тэмаў, якія б мы не абмяркоўвалі на сустрэчах з Аляксандарм Лукашэнкам, а таксама падчас вельмі доўгай сустрэчы зь Міхаілам Мясьніковічам», – падкрэсьліў сьпікер Сэнату Польшчы. На пачатку візыту адчуваўся ўзаемны недавер, але гэты недавер нам удалося пераадолець».

Сярод галоўных вынікаў сустрэчы Станіслаў Карчэўскі назваў ратыфікацыю дамовы аб навуковым супрацоўніцтве паміж Польшчай і Беларусьсю. «Яна ня толькі палепшыць выкладаньне польскай мовы ў Беларусі, але й адчыняе магчымасьць стварыць супольную камісію па абмеркаваньню гістарычных пытаньняў», – заявіў Станіслаў Карчэўскі. Таксама сьпікер польскага сэнату паведаміў, што з боку беларускіх уладаў «ёсьць вялікая прыхільнасьць« у пытаньні вяртаньня ў беларускія сеткі вяшчаньня польскіх тэлеканалаў TVP Polonia i TVP Kultura.

Прадстаўнікі
Прадстаўнікі польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі на сустрэчы з дэлегацыяй Сэнату Польшчы. Менск, 6 сьнежня 2016 г.

«Пацяпленьне нашых стасункаў не азначае, што мы адабраем ўсё, што робяць беларускія ўлады. Мы ведаем, як адбываюцца выбары, ведаем якое меркаваньне наконт іх правядзеньня выказвае АБСЭ. Аднак мы ўсе перакананыя, што дыялёг можа прывесьці да пазытыўных вынікаў і дзякуючы яму можна прыйсьці да сапраўднай дэмакратыі», – заявіў Станіслаў Карчэўскі.

Візыт у Менск прадстаўнічай польскай дэлегацыі выявіў і шэраг праблемных пытаньняў, у якім уладам Беларусі і Польшчы будзе цяжка дамовіцца. Да такіх пытаньняў адносяцца, напрыклад, Карта паляка, магчымыя раскопкі ў Курапатах і легалізацыя Саюзу палякаў. Аднак польскія ўлады вельмі жадаюць працягваць з Менскам дыялёг як па палітычных, так і па эканамічных пытаньнях.

Аляксандар Папко, Менск-Варшава

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт