Logo Polskiego Radia
Print

Раство на краю Эўропы (ФОТАРЭПАРТАЖ)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 26.12.2016 08:12
  • Portugalia.mp3
За кулісамі калядных сьвят у Лісабоне: смакі й пахі Раства Партугаліі.

У ноч з 24 на 25 сьнежня краіны, якія жывуць паводле грыгарыянскага календара, сьвяткуюць Раство Хрыстова. Сёньня мы завіталі ў сонечную Партугалію, куды гэтае сьвята крадзецца цішком, не перашкаджаючы разьмеранасьці тутэйшага жыцьця.

/

Партугальцы - перакананыя вернікі, якія моцна трымаюцца за шматвяковыя звычаі сваіх продкаў. Для іх Лапляндзкія алені, распродажы ў гандлёвых цэнтрах і масавыя гуляньні пад матывы «Jingle Bells» - капрызы зьнешняга сьвету. Але гэта зусім не азначае, што жыхары краіны, дзе 81% насельніцтва спавядае каталіцтва, пазбаўленыя каляднай казкі. Проста ўсе вулічныя дэкарацыі цесна пераплеценыя зь гісторыяй і нібы дапаўняюць мясцовыя традыцыі.

/

Пачаткам зімовых фэерый лічыцца 11 лістапада, калі ўся краіна адзначае Дзень Сьвятога Марціна, які, згодна зь легендай, адрэзаў палову сваёй парфіры й аддаў яе бяздомнаму чалавеку, каб уратаваць небараку жыцьцё падчас навальніцы. Менавіта ў гэты дзень мэр Лісабона ўрачыста запальвае агні на галоўнай плошчы, афарбоўваючы й без таго маляўнічую сталіцу ў колер зімы. У вітрынах крамаў паяўляюцца духмяныя прысмакі, хаты ўпрыгожваюць каляднымі фігуркамі, а на ціхія вуліцы выходзяць музыкі, мастакі, жанглёры й іншыя артысты.

/

З-за наплыву замежных гасьцей урад вылучыў вялікія сродкі на правядзеньне сьвяточных мерапрыемстваў. І калі раней жыхары сталіцы здавальняліся адной галоўнай ёлкай на Гандлёвай плошчы (Praça do Comércio), то ў гэтым годзе ні адна цэнтральная вулачка не засталася па-за ўвагай дэкаратараў. Так, амаль што ў кожным раёне разгарнуліся калядныя кірмашы. Сьвяточна абстаўленыя домікі прывабліваюць замежнікаў самабытнасьцю коркавых вырабаў, гарачым партвэйнам і жаночымі керамічнымі ўпрыгожваньнямі.

/

Старадаўні горад Обідуш (Óbidos) ператварыўся ў калядную Мэку для тых, хто хоча пазьбегнуць гарадзкой мітусьні й пагрузіцца ў сярэднявечную атмасфэру. Усяго ў 100 км ад сталіцы ў сьценах крэпасьці разьмясьцілася Калядная вёска (Vila Natal), адкрыцьцё якой зь нецярплівасьцю чакаюць як дарослыя, так і дзеці. Ужо на пачатку сьнежня вузкія брусчатыя вулачкі напаўняюцца сяброўскім сьмехам і казачнымі пэрсанажамі. У самым цэнтры парку заснавалі рэзыдэнцыю Дзеда Мароза (Pai Natal), якому дзеці могуць прачытаць вершы й нават сфатаграфавацца з сапраўднай савой.

/

Дарэчы, большасьць партугальцаў вельмі скептычна ставіцца да культу Санта Клаўса - у яго аблічча цудатворца ніхто не верыць. Замест сівога дзеда (якога можна сустрэць толькі ў крамах ды парках) падарункі дзецям раздае ружовы гіпапатам Папота (Popota), створаны гандлёвай сеткай «Кантынэнт» (Continente) некалькі гадоў таму. Вобраз хутка прыжыўся й неўзабаве стаў улюбёным пэрсанажам дзетвары падчас Раства.

/

Сёлета арганізатары таксама пастараліся аднавіць калядны настрой знакамітага лёнданскага парку забаў «Краіна цудаў» (Wonderland) у лісабонскім парку Эдуарда VII (Eduardo VII Park), адкуль з 25-мэтровай вышыні кола агляду адкрываецца панарамны від на горад і раку Тэжу. Менавіта ў гэтым парку можна адчуць сапраўдную зімовую атмасфэру й бясплатна пакатацца на каньках пад каляднымі пальмамі, пасмоктваючы смажаныя каштаны замест карамэльных цукерак.

/

Мініяцюрныя домікі, падсьветленыя гірляндамі палацы, сьвяточныя канцэрты клясычнай музыкі на сьвежым паветры – складваецца ўражаньне, што, набываючы білет на самалёт у Лісабон, вы займаеце лепшае месца ў тэатры лялек. Аднак за шырмай яркіх фарбаў хаваецца Раство, недаступнае простаму воку гледача, – Раство партугальскай сям’і.

/

Галоўнай падзеяй сапраўднага сьвята зьяўляецца сямейная вячэра ў ноч з 24 на 25 сьнежня, так званая Імша Пеўня (Missa do Galo), бо паводле Бібліі менавіта крык пеўня апавясьціў увесь сьвет аб нараджэньні Ісуса. У гэтай, па праўдзе кажучы, таямнічай падзеі ёсьць таксама й сьвецкі тытул – Вячэра Ўзьяднаньня (Jantar de Consoada).

/

І нездарма. Партугалія заўсёды пакутавала ад хваляў масавай эміграцыі. Як ніколі раней, падчас фінансавага крызысу сучаснае партугальскае гняздо раскіданае па ўсім сьвеце. Таму Каляды - гэта адзіны час, калі родныя могуць сабрацца за адным сталом, падзяліцца сваімі ўражаньнямі й эмоцыямі.

/

У чарадзе сьвяточных клопатаў прыбіраюць хату і ўпрыгожваюць яе знадворку вянкамі й звонкімі бубенчыкамі. У кватэрах, дзе ёсьць бальконы, вывешваюць шматкі чырвонай тканіны з вышыванкай немаўляці Хрыста. Плястыкавыя ялінка ў маленькіх утульных кватэрах - вялікая рэдкасьць. А ўсё таму, што партугальцы непрыхільны да ўсяго грувасткага й штучнага. Затое на падаконьніках ставяць гаршчкі з пуансэцьціяй - Каляднай кветкай (flor do Natal)

/

Пра тое, што ў хаце сьвята, нагадвае наяўнасьць Калядных ясьлей (precepio) - месца нараджэньня Ісуса Хрыста. Стварэньне precepio - гэта перш за ўсё вялікі клопат усей сям’і: дзеці прыносяць з лесу мох і галінкі дрэваў, засьцілаючы загадзя адведзенае месца; дарослыя дастаюць са скрынак маленькія фігуркі біблейскіх пэрсанажаў - вынік працы здольных майстроў.

/

Сэрцам Вячэры Ўзьяднаньня, безумоўна, зьяўляецца сьвяточна накрыты стол, які трашчыць ад пачастункаў. Гатаваць пачынаюць за некалькі дзён да галоўнай імпрэзы. Партугальцы любяць добра паесьці, таму сярод калядных страў пераважаюць мясныя, рыбныя й малочныя.

/

Мэню вельмі разнастайнае і зьдзіўляе незвычайным спалучэньнем смакаў: рыс з васьміногамі (arroz de polvo), «яечная мінога» (lampreia de ovos) - страва ў выглядзе зьмяі, прыгатаванай з яек і цукатаў, макароны ў салодкім сыропе (alteria), хлеб, падсмажаны ў алеі, яйках і карыцы (rabanadas), і «Каралеўскі пірог» (Bolo Rei) зь сюрпрызам унутры. Улюбёнымі напоямі партугальцаў зьяўляюцца вішнёвая настойка й гарачае віно. Раніцай 25 сьнежня, перад Каляднай імшой, рэшткі са сьвяточнага стала замешваюць у вялікім начыньні (roupa velha) і ставяць у цэнтры стала для ўсёй сям’і.

/

«Для мяне, як, напэўна, і для кожнага партугальца, Каляды пахнуць траской (bacalhau). У Партугаліі ні адна сьвяточная вячэра не абыходзіцца без гэтай рыбы. А яшчэ ў нас была традыцыя класьці ў кубак зь віном падсмажаны яблык, каб яно насыцілася вінаградным смакам. Кавалачкі гэтага яблыка мы потым дзялілі паміж сабой. Каб прыцягнуць сьвяты дух, у вясковых хатах усю калядную ноч гарэла лясное бервяно. Яго сьвяшчэнны дым абараняў нас круглы год ад маланкі й дапамагаў захаваць цяпло сямейнага ачага», - дзеліцца сваімі ўспамінамі 80-гадовая сыньёра Марыя ды Куельна Мура, якая правяла ўсё сваё дзяцінства ў вёсцы Viade de Baixo на поўначы краіны.

/

Калядная вячэра - гэта цэлае сьвята, якое складаецца з маленькіх гісторый. Тэлевізар маўчыць, тэлефоны выключаныя, сьвятло прыглушанае — нічога не перашкаджае цеплыні роднаснай сувязі перамагчы сьнежаньскія прахалоды. Падчас чаканьня галоўнага цуду ўсе члены сямʼі дзеляцца навінамі, успамінаюць гісторыі зь мінулага й рыхтуюцца да народных сьпеваў – Жанэйраш (Janeiras), якія вельмі нагадваюць нашы Калядкі. Падарункі ня маюць вялікага значэньня, бо сапраўдны дух Раства вышэй за матэрыяльныя каштоўнасьці.

/

За эмацыйнымі гутаркамі вячэра пралятае хутка й роўна апоўначы завяршаецца сымбалічнае нараджэньнем новага жыцьця, новай надзеі: галава сямейства кладзе мініяцюру немаўляці Ісуса ў ясьлі, такім чынам складваючы элемэнты сямейнага пазла разам.

/

Feliz Natal, шаноўныя слухачы Беларускай службы Польскага радыё!

Кацярына Дрожжа, Лісабон

фота аўтара

/

/

/

/

/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт