Logo Polskiego Radia
Print

Ігнацы Лукасевіч - паляк, які даў людзям сьвятло (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 21.01.2017 07:04
  • Lukasiewicz.mp3
У жніўні 1853 году пры сьвятле лямпы Лукасевіча львоўскі хірург Юзэф Заорскі зрабіў апэрацыю памешчыку Халецкаму.
Ignacy Łukasiewicz war ein polnischer Chemiker und Apotheker. Er gilt als der Erfinder der Petroleumlampe. Ignacy Łukasiewicz war ein polnischer Chemiker und Apotheker. Er gilt als der Erfinder der Petroleumlampe. commons.wikimedia.org/Public Domain

Сёньня ў гістарычнай рубрыцы пазнаёмімся з чарговай постацьцю, якая аказала значны ўплыў на гісторыю ня толькі Польшчы, але й сьвету. Гэта Ігнацы Лукасевіч – стваральнік сусьветнай нафтавай прамысловасьці й вынаходнік газавай лямпы.

Ігнацы Лукасевіч (Ignacy Łukasiewicz) нарадзіўся ў 1822 годзе ў адной зь вёсак на поўдні Польшчы. У тыя часы той рэгіён Польшчы ўваходзіў у склад Аўстра-Вугорскай Імпэрыі. Нарадзіўся інжынэр у шляхецкай сям’і, якая аднак была беднай і сваёй зямлі ня мела.

Гаворыць прафэсар Анджэй Наткоўскі (Andrzej Notkowski).

А.Наткоўскі: На пачатку 1830-х гадоў Лукасевіч вучыўся ў гімназіі ў Жэшаве, аднак пасьля сьмерці бацькі ён быў прымушаны перарваць вучобу па фінансавых прычынах. Тады ж ён паступіў на практыку ў адну з аптэк у горадзе Ланьцут. У маладыя гады Лукасевіч быў членам арганізацый, якія дзейнічалі супраць аўстрыйцаў і змагаліся за незалежнасьць Польшчы. У лютым 1846 году ён быў арыштаваны й нейкі час правёў у турме ў Жэшаве. У 1852 годзе ўпершыню атрымаў ачышчаную нафту. Гэта была першая ў сьвеце, праведзеная паводле навуковых мэтадаў, перагонка нафты. У 1853 годзе інжынэр вынайшаў першую ў сьвеце лямпу на газу. Першая лямпа Ігнацы Лукасевіча дала сьвятло ў сакавіку 1853 году ў аптэцы Міколяша ў Львове.

Але львоўскі аптэкар Міколяш не верыў у посьпех свайго працаўніка. Я кажу Міколяшу: спадар, давайце купім больш гэтага алею! Навошта ён патрэбны? Мы што, піць яго будзем?! Не, будзем сьвяціць! І паказваю яму лямпу, а ён верыць ня хоча. Я запальваю... Цуд, а не сьвятло,- кажа Міколяш, - так успамінаў Ігнацы Лукасевіч момант, калі пераконваў свайго гаспадара да новага прадмету, які хутка стаў рэччу штодзённага карыстаньня.

www.pixabay.com
www.pixabay.com

Неўзабаве лямпы на газу былі выкарыстаныя пры асьвятленьні шпіталя ў Львове і ўпершыню пры такім асьвятленьні была праведзеная хірургічная апэрацыя. Вечарам 31 жніўня 1853 году пры сьвятле лямпы Лукасевіча вядомы львоўскі хірург Юзэф Заорскі зрабіў тэрміновую апэрацыю памешчыку Ўладзіславу Халецкаму. Дзякуючы гэтаму хвораму ўдалося выратаваць жыцьцё. Львоўскі шпіталь купіў у Лукасевіча 500 кг нафты, і гэта была першая ў сьвеце нафтавая зьдзелка.

bibl.amwaw.edu.pl
bibl.amwaw.edu.pl

У 1854 годзе каля вёскі Бубрка каля горада Кросна ў паўднёвай Польшчы была пабудаваная першая ў сьвеце нафтавая шахта. І з таго моманту Ігнацы Лукасевіч стаў прамыслоўцам, першым у сьвеце нафтавым бізнэсоўцам. У 1856 годзе інжынэр адкрыў першы ў сьвеце завод па перапрацоўцы нафты. Чалавекам багатым ён адразу ня стаў, бо шмат фінансавых сродкаў паглыналі інвэстыцыі й рэкляма дзейнасьці. У Кракаве Лукасевіч меў краму, дзе прадаваў нафту, газу ды іншыя прадукты перагонкі нафты. У яго былі пастаянныя кліенты ня толькі ў Аўстра-Вугоршчыне, але і ў Варшаве. Ён прымаў удзел у міжнародных прамысловых выставах, на якія прывозіў нафтапрадукты й, зразумела, свае лямпы. У 1882 годзе Ігнацы Лукасевіч пачаў выдаваць часопіс, прысьвечаны здабычы нафты, пад назвай “Górnik” (Гарняк).

www.nafta-polska.pl
www.nafta-polska.pl

Лямпа на газу, якую вынайшаў Ігнацы Лукасевіч, служыла людзям доўгія гады, хоць у 1879 годзе зьявілася канкурэнцыя, якая паступова пачала выцясьняць вынаходку польскага інжынэра. Гэта была лямпачка, якую вынайшаў Томас Альва Эдысан.

У вёсцы Бубрка, дзе Лукасевіч адкрыў першую нафтавую шахту, сёньня працуе Музэй нафтавай і газавай прамысловасьці яго імя.

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт