Logo Polskiego Radia
Print

Менск і Варшава створаць сумесную гістарычную камісію

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 09.02.2017 10:55
Пра гэта паведаміў міністар замежных справаў Польшчы.
PAP/Radek Pietruszka

Польшча й Беларусь створаць сумесную гістарычную камісію. Пра гэта паведаміў міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі, прадстаўляючы ў парлямэнце даклад аб выніках і пэрспэктывах польскай замежнай палітыкі.

Шэф польскай дыпляматыі зазначыў, што ў мінулым годзе палітыка Польшчы ў стасунку да Беларусі зьмянілася. Галоўнай мэтай гэтай палітыкі Вітальд Вашчыкоўскі назваў нармалізацыю адносінаў, якая б пацьвярджалася канкрэтнымі крокамі – перадусім у сфэры эканамічнага супрацоўніцтва, памежнага супрацоўніцтва, гандлю, а таксама нармалізацыяй адносінаў з польскай меншасьцю ў Беларусі. Новай праявай узаемадзеяньня павінна стаць і польска-беларуская гістарычная камісія.

Міністар замежных справаў падчас свайго дакладу таксама паведаміў, што Польшча надалей будзе падтрымліваць імкненьне Ўкраіны да эўрапейскай інтэграцыі, а таксама супраціўляцца агрэсіўнай палітыцы Расеі.

Ад Расеі Польшча будзе патрабаваць вярнуць абломкі прэзыдэнцкага лайнэра, які разьбіўся ў 2010 годзе пад Смаленскам. Польскі ўрад цяпер разглядае магчымасьць падаць на Расею ў Гаагскі трыбунал за парушэньні падчас расьсьледаваньня смаленскай авіякатастрофы й нежаданьне вярнуць Польшчы рэшткі самалёту – заявіў Вашчыкоўскі.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт