Logo Polskiego Radia
Print

У неафіцыйным Саюзе палякаў Беларусі адбыўся раскол

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 13.02.2017 10:52
Прыпынены ў правах Мечыслаў Яськевіч заявіў, што будзе ствараць новую польскую арганізацыю.
Grzegorz Kornijów/oktaryna.pl/CC BY 2.5 pl

Галоўная рада неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі прыпыніла ў правах чальца рады былога старшыню Мечыслава Яськевіча й дырэктарку польскай школы Гэлену Дубоўскую. Мечыслаў Яськевіч заявіў, што будзе ствараць новую польскую арганізацыю.

«Паколькі не выконваецца статут і вядзецца дзейнасьць на шкоду Саюзу, мы вымушаныя прадпрыняць такія крокі», – заявіла Анжэліка Борыс.

Паседжаньне рады ў Горадні адбывалася праз два месяцы пасьля зьезду СПБ, на якім былі абраныя новыя ўлады. 10 сьнежня на пасадзе старшыні Мечыслава Яськевіча замяніла Анжаліка Борыс. Паводле яе, нягледзячы на тое, што мінулі два месяцы, папярэдні старшыня не перадаў ні пасады дырэктара, ні фінансавай дакумэнтацыі фірмы «Крэсовія», якая зьяўляецца фінансавай базай СПБ.

Галоўная рада запатрабавала ад Яськевіча саступіць з пасады дырэктара «Крэсовіі» й запатрабавала выдаць дакумэнты фірмы. Калі ён адмовіўся, то чальцы рады прагаласавалі за прыпыненьне Мечыслава Яськевіча ў правах СПБ да высьвятленьня справы.

Былы старшыня СПБ тлумачыць, што быў гатовы добраахвотна саступіць з пасады дырэктара «Крэсовіі», але яго спрабавалі да гэтага прымусіць, запужвалі й абвінавачвалі ў махлярстве, што, паводле яго, было няпраўдай. Ён заявіў, што будзе ствараць новую арганізацыю «Супольнасьць палякаў у Беларусі» і пастараецца яе легалізаваць.

СПБ не прызнаецца беларускімі ўладамі з 2005 году. Фірма «Крэсовія» зьяўляецца ўладальнікам польскай школы ў Горадні, у якой навучаецца каля 700 вучняў. Яе дырэктарка Гэлена Дубоўская стала на бок Мечыслава Яськевіча, у выніку чаго таксама была прыпыненая ў правах чальца Галоўнай рады й зьнятая з пасады дырэктара школы.

Новым дырэктарам была прызначаная старшыня Галоўная рады СПБ Анжэліка Арэхва.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт