Logo Polskiego Radia
Print

Польшча, Чэхія, Славаччына й Вугоршчына – ужо даўно ня «бедныя родзічы» Эўропы

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 17.02.2017 09:15
Краіны Вышаградзкай чацьвёркі экспартуюць у два рызы больш, чым Расея – зьвяртаюць увагу аналітыкі EAST-Center.
www.mzv.cz

Ці ведалі вы, што краіны Вышаградзкай групы, у якую ўваходзяць Польшча, Чэхія, Славаччына й Вугоршчына, экспартуюць у два разы больш, чым такая вялікая краіна, як Расея? Посткамуністычныя краіны Цэнтральнай Эўропы – зусім не эканамічныя карлікі, як пра іх стэраэаыпна думаюць. Такія аптымістычныя высновы можна зрабіць з аналізу, які правялі экспэрты дасьледчага інстытуту EAST-Center. Чаму на Вышаградзкую групу варта зьвярнуць увагу? На гэтую тэму з мы размаўляем з кіраўніком дасьледчага цэнтру Андрэем Елісеевым.

143-мільённая Расея штогод прадае за мяжу тавараў і паслугаў на 270 мільярдаў даляраў. У той жа час, сумарны экспарт Польшчы, Чэхіі, Славаччыны й Вугоршчыны, якія разам налічваюць 64 мільёны жыхароў, складае 492 мільярды даляраў. Калі ў расейскім экспарце больш за 60% складае нафта, газ ды іншая сыравіна, то ў экспарце адносна невялікіх цэнтральнаэўрапейскіх дзяржаваў доля высокатэхналягічных прадуктаў непараўнальна вышэйшая.

Такія лічбы прымушаюць па-новаму паглядзець на эканамічны патэнцыял краінаў Вышаградзкай групы – кажа экспэрт EAST-Center Андрэй Елісееў.

/

Андрэй Елісееў: Статыстычна ня вельмі карэктна сумаваць экспарт гэтых 4-х краінаў і параўноўваць яго з расейскім, бо пэўная частка экспарту Вышаградзкай чацьвёркі прыходзіцца на гандаль паміж сабой. Аднак калі ўзяць экспарт, напрыклад, Чэхіі, то ўражвае, што гэтая 10-мільённая краіна экспартуе толькі ў 2 разы менш за Расею. А экспарт Польшчы складае 2/3 ад расейскага. Гэта важныя паказчыкі, якія сьведчаць пра посьпех цэнтральнаэўрапейскіх краінаў, посьпех іх эканамічнай трансфармацыі. Калі параўнаць валавы ўнутраны прадукт Вышаградзкай чацьвёркі з тым жа расейскім, то атрымаецца, што ў Расеі ён у паўтара разы большы, але й насельніцтва ў Расеі больш як у 2 разы больш.

Вышаградзкая група альбо V4 – гэта аб’яднаньне чатырох цэнтральнаэўрапейскіх краінаў, створанае ў 1991 годзе. Кіраўнікі Польшчы, Вугоршчыны й тады яшчэ Чэхаславакіі ў невялікім вугорскім мястэчку Вышаград дамовіліся супрацоўнічаць з мэтай як найхутчэй далучыцца да Эўрапейскай супольнасьці. Пасьля таго, як краіны Вышаградзкай чацьвёркі пасьпяхова ўступілі ў Эўразьвяз, супрацоўніцтва паміж імі не спынілася.

Сёньня гэтая група зьяўляецца хутчэй форумам для абмеркаваньня рэгіянальных праблемаў, чым моцным эканамічным ці палітычным альянсам. Аднак нават рэгулярныя сустрэчы кіраўніцтва чатырох краінаў маюць немалое значэньне – кажа Андрэй Елісееў.

Андрэй Елісееў: Усё пазнаецца ў параўнаньні. Вельмі важна, што гэтыя краіны захоўваюць і разьвіваюць адносіны паміж сабой. Як бы скептычна некаторыя ні глядзелі на Вышаградзкую групу, яна застаецца адным з самых актыўных інтэграцыйных аб’яднаньняў унутры Эўрапейскага зьвязу. Што важна: гэтае аб’яднаньне існуе не на паперы. Рэгулярна адбываюцца сустрэчы на вышэйшым узроўні. Мы можам прыгадаць мноства інтэграцыйных арганізацыяў (у тым ліку на постсавецкай прасторы), якія засталіся толькі на паперы, ў якіх гадамі не было сустрэчаў на вышэйшым узроўні – напрыклад ГУАМ.

Краіны Вышаграду маюць ня толькі фонд, які падтрымлівае праекты ў сфэры адукацыі, культуры й навукі. Гэтыя дзяржавы дамаўляюцца пра вырашэньне палітычных праблемаў. Так было падчас міграцыйнага крызысу ў Эўропе. Асобна трэба падкрэсьліць стварэньне ў 2014 годзе супольнай вайсковай групы – у адказ на расейскую агрэсію ва Ўкраіне. Таму важна, што яны, па-першае, маюць посьпех эканамічнай трансфармацыі, а па-другое, не перастаюць інтэгравацца паміж сабой.

Параўнаньне
Параўнаньне экспарту краінаў Вышаградзкай групы й Расеі. Ілюстрацыя: east-center.org


Эканамічны, а магчыма, і палітычны патэнцыял краінаў Вышаградзкай групы будзе працягваць расьці – прагназуе Андрэй Елісееў. Ў той жа самы час постсавецкая прастора, а перш за ўсё Расея, усё глыбей пагружаюцца ў крызыс. Цэнтры эканамічнага прыцягненьня для Беларусі і Ўкраіны будуць перамяшчацца ня толькі ў бок Бэрліна, але й Варшавы ды Прагі – не выключае беларускі экспэрт.

Андрэй Елісееў: Цяпер у нашым шырэйшым посткамуністычным рэгіёне мы назіраем супрацьлеглыя тэндэнцыі. Польшча мае 60 кварталаў бесьперапыннага эканамічнага росту. Сярод краінаў Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва й разьвіцьця OECD толькі Аўстралія мае лепшы паказчык. Зь іншага боку, мы маем постсавецкія краіны, а перадусім Расею, дзе пануе структурны крызыс. І зьвязаны ён ня толькі з падзеньнем цэнаў на энэргарэсурсы, а з тым, што ў гэтых краінах своечасова не былі завершаныя рэформы. Таму розьніца ў памеры валавога ўнутранага прадукту ці экспарту паміж краінамі Ўсходняй Эўропы й краінамі Цэнтральнай Эўропы будзе толькі расьці.

Такім чынам, краіны Вышаградзкай групы – гэта зусім ня «бедныя родзічы» Заходняй Эўропы і ці слабыя былыя васалы Расеі. Гэта краіны, эканомікі якіх растуць. Таму чакаецца, што голас Варшавы, Прагі, Будапэшту й Браціславы ў Эўрапейскім зьвязе ды на постсавецкай прасторы будзе гучаць усё мацней.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт