Logo Polskiego Radia
Print

Расея прызнала „пашпарты” „ЛНР” і „ДНР”

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 19.02.2017 09:17
Дадзены ўказ падпісаў расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін.
Пашпарт ЛНРПашпарт ЛНРфота: rbc.ru

Расея прызнала сапраўднымі дакумэнты, якія сьведчаць асобу, выдадзеныя ўладамі так званых „ДНР” і „ЛНР”. Дадзены ўказ падпісаў расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін.

У дакумэнце адзначаецца, што ён падпісаны „ў мэтах абароны правоў і свабод чалавека й грамадзяніна” са спасылкай на „агульнапрызнаныя прынцыпы й нормы міжнароднага гуманітарнага права”.

Акрамя пашпартоў, прызнаныя сапраўднымі „дакумэнты”, якія сьведчаць асобу, дакумэнты аб адукацыі й (або) аб кваліфікацыі, пасьведчаньні аб нараджэньні, заключэньні або скасаваньні шлюбу, зьмене імя, пра сьмерць, пасьведчаньні аб рэгістрацыі транспартных сродкаў, рэгістрацыйныя знакаў транспартных сродкаў.

Ва ўказе Пуціна сьцьвярджаецца, што „пашпарты” „ДНР” і „ЛНР” прызнаюцца нібыта часова, да ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе. Апрача таго на падставе гэтых дакумэнтаў дазваляецца ўезд у Расею.

„Грамадзяне Ўкраіны й асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыях асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, могуць ажыцьцяўляць уезд у РФ і выезд з Расейскай Фэдэрацыі без афармленьня віз на падставе дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу (непаўналетнія дзеці ва ўзросьце да 16 гадоў - на падставе „пасьведчаньня аб нараджэньні”), выдадзеных адпаведнымі „органамі”, фактычна дзейнічаюць на тэрыторыях названых раёнаў”", - гаворыцца ў дакумэнце.

Раней выданне РБК правяло расьсьледаваньне, падчас якога высьветлілася, што ўладальнікі „пашпартоў” „ДНР” і „ЛНР” могуць карыстацца паслугамі расейскай чыгункі, авіякампаній і гатэляў.

unian.net/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт