Logo Polskiego Radia
Print

Як Польшча ў вайну ратавала нацыянальныя скарбы (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 17.03.2017 07:09
  • rehalii.mp3
Палякам удалося вывезьці з краіны каралеўскія рэгаліі, золата, брыльянты, старадрукі ды карціны.
Польскія каралеўскія рэгалііПольскія каралеўскія рэгалііcommons.wikimedia.org/Gryffindor/CC BY-SA 3.0

У лютым 1959 году ў Польшчу з Канады вярнуліся каштоўнасьці, вывезеныя з краіны перад вайной. Сярод іх – бясцэнныя каралеўскія рэгаліі Польскай Кароны.
У 1939 годзе, яшчэ да нападу Гітлера на Польшчу, было прынятае рашэньне вывезьці гістарычныя каштоўнасьці з краіны. Усе разумелі, што вайна – гэта ўсяго толькі пытаньне часу.

Каштоўнасьці знаходзіліся ў кракаўскім Каралеўскім замку на гары Вавэль.
Сярод вывезеных каштоўнасьцяў – каралеўскія рэгаліі. Напрыклад, «Шчэрбец» – каранацыйны меч з 12 альбо 13 стагодзьдзя. Ім былі каранаваныя польскія манархі – пачынаючы ад Уладзіслава І Лакетка й заканчваючы апошнім польскім каралём Станіславам Аўгустам Панятоўскім. Акрамя таго, у сьпіс вывезеных прадметаў былі ўключаныя каралеўскія кароны, залатыя дзяржавы (каралеўскія яблыкі), скіпетры ды іншыя каштоўныя рэчы: золата, брыльянты, прадметы мастацтва, старадрукі, карціны.

Меч
Меч "Шчэрбец"/commons.wikimedia.org/metal.beast/CC BY-SA 2.0

Каштоўнасьці былі запакаваныя ў скрынкі яшчэ да вайны. Гітлераўская Нямеччына напала на Польшчу 1-га верасьня, а 2-га верасьня спэцыялісты замку пачалі захады для вывазу каштоўнага грузу. Гарадзкія ўлады выдзелілі грузавы аўтамабіль, які даставіў скрыні на рачное судна. Па Вісьле бясцэнны фрахт трапіў на чыгуначную станцыю, пазьней – у Румынію, адтуль у Францыю, Вялікабрытанію й канчаткова – у Канаду. Зь Вялікабрытаніі ў Канаду каштоўнасьці былі дастаўленыя на борце польскага парахода «Баторы» і ў таямніцы схаваныя на складзе экспэрымэнтальнай гаспадаркі Міністэрства сельскай гаспадаркі на прадмесьцях Атавы.

Ланцуг
Ланцуг Ордэну Белага Арла з 1829 году/commons.wikimedia.org/shakko/CC BY-SA 3.0

У канцы вайны пачалося супрацьстаяньне паміж польскім эміграцыйным урадам у Лёндане й камуністычнымі ўладамі ў Польшчы. Кожны хацеў атрымаць атрыбуты каралеўскай улады ды іншыя каштоўныя прадметы. Пачалася доўгая дыпляматычная інтрыга й змаганьне за каштоўнасьці. У канцы канцоў улады Канады прынялі рашэньне перадаць гістарычную й нацыянальную спадчыну Польскай Народнай Рэспубліцы, і 3-га лютага 1959 году першая партыя каштоўных прадметаў, у тым ліку меч «Шчэрбец», была дастаўленыя на радзіму. Пасьля вяртаньня сем месяцаў праходзілі працы па аднаўленьні й захаваньні каштоўнасьцяў, і 20 верасьня 1959 году рэгаліі ва ўрачыстай атмасфэры былі паказаныя публіцы. Вось як тады, 58 гадоў таму, пра гэтую значную падзею паведамляла Польскае радыё.

Польскае радыё: З учарашняга дня мы можам зноў бачыць гістарычныя рэчы, якія праз 20 гадоў вярнуліся ў Каралеўскі замак на Вавэль. Усхваляваны журналіст кракаўскага радыё паведамляе: «У залі Ядвігі ўсе зьвяртаюць увагу на бясцэнныя каранацыйныя рэгаліі: меч «Шчэрбец», які зіхаціць бледным бляскам, харугву Жыгімонта Аўгуста, а ў залі побач – іншыя каштоўнасьці, дастаўленыя з Канады».

Чарговая партыя польскіх каштоўнасьцяў была дастаўленая з Канады ў 1960 годзе.

Карона,
Карона, дзяржава й скіпетр Аўгуста ІІІ Саса/Public Domain

Частка каштоўных прадметаў вярнулася на радзіму з Масквы. Справа ў тым, што пасьля захопу Польшчы гітлераўцамі некаторыя каштоўнасьці трапілі ў рукі нацыстаў. Напрыклад, каранацыйныя рэгаліі караля Аўгуста ІІІ і яго жонкі Марыі Юзэфы. Іх прысвоіў Ганс Франк – генэрал-губэрнатар акупаванай Польшчы. Падчас эвакуацыі ён загадаў прадметы вывезьці з сабой. Аднак рэчы былі перахопленыя Чырвонай Арміяй і дастаўленыя ў Маскву ў якасьці ваенных трафеяў. У Польшчу каштоўнасьці вярнуліся толькі ў 1960 годзе, таксама пасьля працяглых і цяжкіх перамоў паміж польскімі й савецкімі ўладамі.

Валеры Саўко

слухайце гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт