Logo Polskiego Radia
Print

«Лідзіі Ярмошынай могуць спатрэбіцца лекі ад ціску»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.03.2017 17:26
  • Доказы фальсыфікацыі выбараў - сайт Belsled.mp3
Адкрыўся сайт, які на падставе статыстыкі Цэнтарвыбаркаму раскрывае мэханізмы фальсыфікацыі выбараў у Беларусі.
belsled.org

Ці ведаеце вы, што згодна з афіцыйнымі дадзенымі Цэнтрвыбаркаму ў некаторых раёнах Віцебшчыны да вурнаў могуць прыйсьці 99,9% выбаршчыкаў, сотні тысячаў гомельскіх выбарцаў здольныя прагаласаваць усяго за дзьве гадзіны, а колькасьць тых, хто прагаласаваў супраць усіх, у некаторых раёнах Гомельшчыны можа ўвогуле быць адмоўнай? Абсурды беларускай выбарчай статыстыкі, якія сьведчаць пра фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня, публікуе сайт belsled.org. Як малапрыкметныя лічбы дапамагаюць выкрыць маніпуляцыі? На гэтую тэму са стваральнікам сайту – беларускім палітолягам і журналістам Андрэем Елісеевым размаўляе Аляксандар Папко.

Пра фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня на прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах у Беларусі вельмі часта заяўляюць беларускія журналісты ды міжнародныя назіральнікі. Цэнтарвыбаркам найчасьцей ігнаруе гэтыя заявы і паўтарае, што «выбары адбываюцца згодна з усімі міжнароднымі стандартамі». Палітоляг і сьледчы журналіст Андрэй Елісееў задаўся мэтай праверыць, ці ўсё гладка з афіцыйнымі лічбамі, якія публікуе Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі. Аказалася, што гладка далёка ня ўсё, хоць знайсьці сьляды фальсыфікацыяў часам ня так проста.

Цэнтарвыбаркам не публікуе падрабязных зьвестак па асобных участках для галасаваньня. У адкрытым доступе ёсьць толькі дадзеныя, якія датычаць цэлых раёнаў і гарадоў. Аднак і ў гэтых «прыгладжаных» абагульненых лічбах ёсьць дадзеныя, якія супярэчаць законам статыстыкі й здароваму сэнсу – кажа Андрэй Елісееў.

Андрэй
Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў: Выявілася, што афіцыйна зацьверджаныя дадзеныя ўтрымліваюць лічбы, якія немагчымыя з матэматычнага пункту гледжаньня. Як дасьледчык, які ня хоча пісаць артыкулы проста «ў стол», грамадзянін і патрыёт Беларусі, я ня мог не падзяліцца сваімі адкрыцьцямі з публікай.

На сваім сайце Андрэй Елісееў апублікаваў сэрыю артыкулаў, якія тлумачаць мэханізмы фальсыфікацыі выбараў. Таксама дасьледчык разьмясьціў аналіз афіцыйных дадзеных галасаваньня на прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі за апошняе дзесяцігодзьдзе.

Калі глядзець на табліцы з тысячамі лічбаў яўкі і галасоў, аддадзеных за таго ці іншага кандыдата, заўважыць парушэньні цяжка – кажа дасьледчык. Але калі прааналізаваць лічбы, якія падаюцца другаснымі – такія, як колькасьць сапсаваных бюлетэняў, колькасьць тых, хто прагаласаваў на даму ці колькасьць людзей, якія прагаласавалі супраць усіх – то становяцца відавочнымі анамаліі, зазначае палітоляг.

Андрэй Елісееў: Яскравы прыклад – прэзыдэнцкія выбары 2006 году. Калі падлічыць колькасьць галасоў, аддадзеных супраць усіх (а іх трэба падлічваць самастойна, бо ў табліцах іх няма), то акажацца, што Магілёўшчына і Гомельшчына паказваюць анамальныя вынікі. У Магілёўшчыне нібыта толькі 300 чалавек прагаласавалі супраць усіх, хоць у іншых абласьцях супраць усіх кандыдатаў галасавалі дзесяткі тысячаў чалавек. Выходзіць, што ў большасьці раёнаў Магілёўскай вобласьці і ў такім вялікім горадзе, як Бабруйск, ніхто не прагаласаваў супраць усіх. Больш за тое, у двух раёнах Гомельскай вобласьці гэтая лічба адмоўная! Адмоўная колькасьць людзей прагаласавала «супраць усіх». Гэта ўвогуле немагчымая сытуацыя!

Скрыншот
Скрыншот з сайту belsled.org


Што дапамагае беларускім уладам падтасоўваць вынікі галасаваньня? Выбары фальсыфікуюць пры дапамозе трох галоўных інструмэнтаў – кажа Андрэй Елісееў. Па-першае, схаваць сапраўдныя дадзеныя дапамагае тое, што Цэнтарвыбаркам не публікуе дадзеных па асобных участках. Таму праверыць пры дапамозе матэматычных мэтадаў сумленнасьць галасаваньня на кожным асобным участку немагчыма. Другі інструмэнт – гэта датэрміновае галасаваньне. Трэці – працэс фармаваньня выбарчых камісіяў, у якія ня могуць патрапіць людзі « з па-за сыстэмы».

Андрэй Елісееў: Датэрміновае галасаваньне дазваляе прымушаць дзесяткі тысячаў беларусаў галасаваць, завышаць яўку і дазваляе масава ўкідваць бюлетэні. А фармаваньне выбарчых камісіяў усіх узроўняў – ад ўчастковых да акруговых і Цэнтарвыбаркаму – адбываецца практычна без удзелу прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, незалежных асобаў. Абсалютная колькасьць людзей, якія ўключаныя ў склад камісіяў – гэта людзі, якія ў працоўных адносінах залежныя ад дзяржавы.

Апублікаваныя на сайце belsled.org лічбы могуць парушыць душэўны спакой старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай і сябраў акруговых выбарчых камісіяў, якія адказныя за фальсыфікацыі – іранізуе Андрэй Елісееў.

Андрэй Елісееў: Я думаю, калі спадарыня Ярмошына, іншыя сябры Цэнтарвыбаркаму ці акруговых выбарчых камісіяў паглядзяць гэты сайт, ім спатрэбяцца лекі, каб панізіць павышаны крывяны ціск.

Дасьледчык не выключае, што прадстаўнікі Цэнтарвыбаркаму могуць выкарыстаць прадстаўленыя на сайце доказы фальсыфікацыяў, каб зрабіць «работу над памылкамі» й давесьці працэс да дасканаласьці. Аднак гэта не перакрэсьліць парушэньняў, якія ўжо былі зробленыя і ня здыме адказнасьці з тых, хто займаўся падтасоўкамі.

«На шэрагу мінулых выбараў былі зацьверджаныя анамальныя, немагчымыя лічбы. Паўстае пытаньне, як гэтыя людзі могуць быць дапушчаныя да выбарчага працэсу на наступных выбарах», – падсумоўвае палітоляг.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт