Logo Polskiego Radia
Print

Польскія дэпутаты заклікалі ўрад дапамагчы рэпрэсаваным у Беларусі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 23.03.2017 18:12
  • Польскія дэпутаты заклікалі ўрад дапамагчы рэпрэсаваным у Беларусі.mp3
Камісія па міжнародных справах Сэйму заклікала ўрад націснуць на Менск, а таксама аказаць дапамогу беларускім СМІ й рэпрэсаваным.
Кіраўніцтва Камісіі па міжнародных справах Сэйму: Марэк Савіцкі, Малгажата Гасеўска, Гжэгаж Схэтына, Робэрт Тышкевіч і Пшэмыслаў Чарнэцкі. Кіраўніцтва Камісіі па міжнародных справах Сэйму: Марэк Савіцкі, Малгажата Гасеўска, Гжэгаж Схэтына, Робэрт Тышкевіч і Пшэмыслаў Чарнэцкі. Aliaksandr Papko/radyjo.net

Камісія па міжнародных справах польскага парлямэнту заклікала беларускі ўрад неадкладна спыніць рэпрэсіі супраць грамадзкіх актывістаў і журналістаў, выказала салідарнасьць з дзесяткамі людзей, арыштаванымі й затрыманымі ў Беларусі, а таксама зьвярнулася да ўраду Польшчы з патрабаваньнем прыняць неадкладныя меры, каб абараніць людзей, якія сталі ахвярамі рэпрэсіяў. Дэпутаты выказалі надзею, што Польшча прыме дадатковыя крокі па падтрымцы незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасьці і рэпрэсаваных у Беларусі. На паседжаньне Камісіі па міжнародных справаў Сэйму былі запрошаныя прадстаўнікі беларускай апазыцыі ды праваабарончых арганізацыяў.

Паседжаньне Камісіі па міжнародных справах Сэйму 23 сакавіка было поўнасьцю прысьвечанае драматычнай сытуацыі ў Беларусі. У польскі парлямэнт былі запрошаныя дзевяць беларускіх палітыкаў, праваабаронцаў і грамадзкіх дзеячаў.

Яны расказалі польскім дэпутатам пра нечуваны размах масавых арыштаў і затрыманьняў, якія праводзіць беларускія ўлады. Каб зьбіць хвалю сацыяльных пратэстаў, беларускія сілавікі затрымалі больш за 200 грамадзянаў. Больш за 100 былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі. Супраць мінімум 20 чалавек узбуджана крымінальная справа. Людзей на вуліцах жорстка затрымліваюць міліцыянты ў цывільным.

Беларускія
Беларускія палітыкі, журналісты й праваабаронцы ў Сэйме Польшчы.

«Сытуацыя ў Беларусі радыкальна зьмянілася. Мы сутыкнуліся з вострым крызысам і будзем на яго рэагаваць», – заявіў старшыня камісіі па міжнародных справах Сэйму, прадстаўнік апазыцыйнай партыі «Грамадзянская плятформа» Гжэгаж Схэтына.

Міністар замежных справаў Польшчы зьвернецца да свайго беларускага калегі з патрабаваньнем неадкладна спыніць рэпрэсіі ў Беларусі – заявіла намесьніца старшыні камісіі, дэпутатка кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць» Малгажата Гасеўска.

Малгажата Гасеўска: Мы ставім пытаньне цьвёрда: калі ня будуць спыненыя рэпрэсіі, а ў турмах будуць знаходзіцца палітычныя зьняволеныя, то мы будзем вымушаныя пераглядзець нашую палітыку ў стасунку да Беларусі. Мы хочам мець добрыя адносіны з нашым суседам, але ня коштам дэмакратычнай апазыцыі.

Калі рэпрэсіі ў Беларусі будуць працягвацца, а беларускія ўлады не вызваляць усіх затрыманых і арыштаваных, то польскі ўрад можа «прыняць рашучыя меры» па падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасьці – заявіла Малгажата Гасеўска. Дэпутатка падкрэсьліла, што менавіта ўрад «Права і справядлівасьці» некалі стварыў стыпэндыяльную праграму імя Кастуся Каліноўскага. Польская палітык выказала надзею, што ўрад зможа знайсьці новую формулу падтрымкі тэлеканалу «Белсат», якая б дазволіла яму «працаваць так добра, як і раней».

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая прыехала на сустрэчу ў польскі парлямэнт, нягледзячы тое, што старшыня Палаты прадстаўнікоў забараніў ёй ехаць у Варшаву. Ганна Канапацкая заклікала Польшчу рашуча адрэагаваць на рэпрэсіі, якія праводзяць улады Беларусі. Пры гэтым яна заклікала не ізаляваць Беларусь і дапамагчы беларусам захаваць свой сувэрэнітэт.

Ганна
Ганна Канапацкая

Ганна Канапацкая: Магчыма, ацэнка падзеяў у Беларусі, якая прагучала сёньня, павінна быць крыху больш жорсткай. Гэтыя брутальныя арышты сьведчаць пра тое, што ўлады пайшлі на масавыя палітычныя рэпрэсіі. Якая б ні была цяжкасьць ацэнкі цяперашняй сытуацыі, яна не павінна адштурхнуць Беларусь ад шляху ў Эўропу.

Найбольш трывожыць тое, што ня менш за 20 асобаў былі арыштаваныя ў Беларусі ў рамках новай крымінальнай справы «па арганізацыі масавых беспарадкаў»– падкрэсьліў прысутны на паседжаньні старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі. Неўзабаве можа зьявіцца вялікая група палітвязьняў. Ад таго, наколькі рашуча Польшча асудзіць рэпрэсіі ў Беларусі, залежыць сам маштаб рэпрэсіяў, на якія вырашацца беларускія ўлады – заявіў Алесь Бяляцкі.

Алесь
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі: Кожную гадзіну мы атрымліваем новыя зьвесткі пра рэпрэсаваных, затрыманых, вобшукі. Толькі рашучы голас Эўрапейскага зьвязу, і ў прыватнасьці Польшчы можа спыніць гэтае бязьмежжа.

Галоўны рэдактар сайту «Хартыя 97» Натальля Радзіна лічыць, што Варшава і ўвесь Эўрапейскі зьвяз павінныя перагледзець палітыку ў стасунку да Менску й прыгразіць Лукашэнку санкцыямі, калі ён будзе працягваць рэпрэсіі.

Натальля
Натальля Радзіна

Натальля Радзіна: Сёньня трэба рашуча заявіць кіраўніцтву Беларусі, што калі рэпрэсіі працягнуцца, то супраць Лукашэнкі будуць вернутыя санкцыі. МЗС Польшчы зрабіў учора вельмі добрую заяву, дзе нагадала, што санкцыі супраць Лукашэнкі былі адмененыя, калі сытуацыя ў краіне паляпшалася. Трэба даць яму зразумець, што калі ён працягне жорсткі рэпрэсіі супраць апазыцыі, то эўрапейскія санкцыі супраць яго будуць вернутыя.

Прадстаўніца грамадзянскай кампаніі «Гавары Праўду» Тацьцяна Караткевіч выказала глыбокую трывогу з прычыны рэпрэсіяў, аднак падкрэсьліла, што Польшча павінна працягваць супрацоўніцтва з тымі прадстаўнікамі ўладаў, якія прагнуць эўрапеізацыі Беларусі. У напружанай атмасфэры сустрэчы яе заклік водгуку ня меў.

Намесьнік старшыні камісіі па міжнародных справах Сэйму, дэпутат партыі «Грамадзянская плятформа» Робэрт Тышкевіч спадзяецца, што Варшава неўзабаве зьменіць палітыку ў стасунку да Беларусі.

Робэрт
Робэрт Тышкевіч

Робэрт Тышкевіч: Мы спадзяемся, што польскі ўрад будзе працягваць ранейшую падтрымку грамадзянскай супольнасьці ды недзяржаўным СМІ ў Беларусі. Аднак мы спадзяемся, што зьявяцца новыя інструмэнты, бо цяпер мы маем новую сытуацыю, новы востры крызыс. Мы заклікаем польскі ўрад больш актыўна падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у Беларусі й прыняць больш рашучыя крокі дзеля вызваленьня ўсіх, хто стаў ахвярай арыштаў і перасьледу ў Беларусі.

Такім чынам, сябры Камісіі міжнародных справаў парлямэнту Польшчы, прыйшлі да высновы, што рэпрэсіі ў Беларусі зробяць неабходным павялічыць падтрымку пацярпелым, недзяржаўным арганізацыям і незалежным беларускім СМІ, такім, як Радыё «Рацыя», ці тэлеканал «Белсат».

Маштаб
Маштаб рэпрэсіяў у Беларусі шакаваў польскіх палітыкаў і экспэртаў.

«Прагрэс на шляху дыялёгу і дэмакратызацыі, а таксама спыненьне рэпрэсіяў павінныя быць катэгарычнымі ўмовамі нармалізацыі адносінаў Беларусі з Польшчай і Эўрапейскім зьвязам», – заявілі дэпутаты польскага парлямэнту ў прынятай на паседжаньні рэзалюцыі.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт