Logo Polskiego Radia
Print

Ангела Мэркель: Нямеччына павысіць выдаткі на армію

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 04.04.2017 10:21
«Бундэсвэр патрабуе інвэстыцыяў, перш за ўсё ў сродкі кібэрбясьпекі», – заявіла канцлер.
PAP/EPA/CARSTEN KOALL

На сустрэчы з прэм’ерамі Чэхіі й Славаччыны, якая адбылася ў панядзелак у Бэрліне, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што яе краіна цьвёрда намераная павысіць выдаткі на абарону. Таксама Ангела Мэркель заклікала цэнтральнаэўрапейскія краіны праявіць салідарнасьць у вырашэньні праблемы ўцекачоў.

Канцлер Нямеччыны на сустрэчы з прэм’ерам Чэхіі Багуславам Саботкам і Славакіі Робэртам Фіца заявіла, што ў нямецкім урадзе пануе згода ў пытаньні павелічэньня выдаткаў на армію. Да 2024 году Бэрлін павысіць долю абаронных выдаткаў да 2% ВУП – гэта значыць да 70 мільярдаў эўра ў год. Пакуль Нямеччына выдае на войска 1,2% ВУП. «Бундэсвэр патрабуе інвэстыцыяў, перш за ўсё ў сродкі кібэрбясьпекі і вядзеньня кібэрвайны», – заявіла Ангела Мэркель.

Таксама Ангела Мэркель заклікала кіраўнікоў урадаў Чэхіі й Славакіі праявіць большую салідарнасьць у пытаньні барацьбы з міграцыйным крызысам. Меры, якія Эўразьвяз павінен прымаць для вырашэньня міграцыйнай праблемы – гэта прыняцьцё ўцекачоў, абарона зьнешніх межаў Эўразьвязу, барацьба з прычынамі міграцыі і барацьба з нелегальнай міграцыяй.

У верасьні 2015 году Эўрапейскі зьвяз прыняў праграму перамяшчэньня 160 тысячаў імігрантаў з Грэцыі і Італіі ў іншыя эўрапейскія дзяржавы. Супраць перасяленьня мігрантаў выступілі краіны Вышэградзкай групы – Польшча, Вугоршчына, Чэхія й Славакія.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт