Дапамогу Беларусі ў рамках праграмы USAID плянуецца спыніць
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
26.04.2017 08:18
Фінансаваньне праграмаў прапануецца цалкам спыніць таксама для Азэрбайджану, Чарнагорыі, Польшчы.
pixabay.com/Public Domain CC0
Ад наступнага году можа быць спынена дапамога Беларусі ў рамках праграмаў Агенцтва ЗША ў міжнародным разьвіцьці (USAID). Гэта вынікае з апублікаваных часопісам Foreign Policy дакумэнтаў, якія ўтрымліваюць прапановы прэзыдэнта Дональда Трампа скараціць выдаткі бюджэту на 2018 год. У тым ліку — за кошт праграмаў USAID.
Сродкі ў памеры амаль 8 мільёнаў даляраў для Беларусі прапануецца скараціць на 100%. Гэтаксама прапануецца цалкам спыніць фінансаваньне праграмаў для Азэрбайджану, Чарнагорыі, Польшчы, Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі й шэрагу іншых. У дачыненьні да многіх дзяржаваў выдаткі прапануецца значна скараціць.
„Абяцаньне прэзыдэнта Трампа „Амэрыка перадусім“ уключае ў сябе плян на радыкальнае скарачэньне дапамогі краінам, якія разьвіваюцца, а таксама плянуецца зьліцьцё Дзярждэпартамэнту і Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці”, — адзначае Foreign Policy.
Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці (USAID) зьяўляецца органам дзяржаўнага кіраваньня ў справе аказаньня дапамогі за мяжой. Асноўныя напрамкі працы ўключаюць падтрымку гандлю, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, гуманітарнай дапамогі, садзейнічаньне ў прадухіленьні канфліктаў і падтрымку дэмакратыі.
У Беларусі USAID працуе ад 1999 году й ставіць задачай „садзейнічаньне станаўленьню Беларусі як дэмакратычнай дзяржавы з рынкавай эканомікай, разьвіцьцю беларускай грамадзянскай супольнасьці, прыватнага сэктару й мясцовых арганізацый”. USAID рэалізуе ў Беларусі шэраг праектаў у розных сфэрах, у тым ліку праграмы прафэсійных стажыровак Community Connections.
svaboda.org/belapan.com/аз