Logo Polskiego Radia
Print

Францыя: хто стане прэзыдэнтам і як гэта зьменіць Эўропу?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.04.2017 07:14
  • Францыя хто стане прэзыдэнтам і як гэта зьменіць Эўропу.mp3
Рэйтынгі прадказваюць перамогу лібэрала й праэўрапейца Макрона, але добрыя прагнозы могуць саслужыць яму дрэнную службу…
Прыхільнікі Эманюэля Макрона сьвяткуюць яго перамогу ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі. 23 красавіка 2017 г. Фота: PAP/EPA/YOAN VALATПрыхільнікі Эманюэля Макрона сьвяткуюць яго перамогу ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі. 23 красавіка 2017 г. Фота: PAP/EPA/YOAN VALATPAP/EPA/YOAN VALAT

У другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі выйшлі лібэрал Эманюэль Макрон і кіраўнік ультраправага Нацыянальнага фронту Марын Лё Пэн. Францускія выбаршчыкі вырашаць, хто ўзначаліць краіну на бліжэйшыя 5 гадоў, ужо 7 траўня. Хто мае больш шанцаў стаць прэзыдэнтам Францыі? Як перамога Макрона альбо Лё Пэн зьменіць Эўрапейскі зьвяз і адаб’ецца на Беларусі? Чаму ў сёлетніх выбарах ажно 40% грамадзянаў прагаласавалі за правых і левых радыкалаў? Вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі нам камэнтуюць палітолягі з Францыі й Беларусі.

У нядзелю ў Францыі прайшоў першы тур прэзыдэнцкіх выбараў. На першае месца з 24% галасоў выйшаў кіраўнік лібэральнага руху «Наперад» (En marche!) Эманюэль Мкрон. Другое месца з 21% падтрымкі заняла лідар ультраправага Нацыянальнага фронту (Front National) Марын Лё Пэн. Крыху больш, чым на 1%, яна абышла прадстаўніка цэнтраправай Рэспубліканскай партыі Франсуа Фіёна і леварадыкальнага Жана-Люка Мэляншона.

Сацыялягічныя апытаньні прадказваюць, што пераможцам прэзыдэнцкай гонкі стане Эманюэь Макрон. Аднак у гэтай упэўненасьці можа крыцца небясьпека – кажа доктар палітычных навук, экспэрт варшаўскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Анаіс Марэн.

Анаіс Марэн: Калі сацыялягічныя апытаньні дакладна адлюстроўваюць настроі выбаршчыкаў (а вынікі першага туру яны прадказалі даволі дакладна), то ў другім туры гарантаваная перамога Эманюэля Макрона з вынікам каля 60% галасоў. Аднак у такой упэўненасьці крыецца небясьпека. Электарат Макрона можа расслабіцца й не пайсьці галасаваць, ведаючы што іх кандыдат і так пераможа. У першую нядзелю траўня выбаршчыкі могуць адправіцца на пікнік, і тады перамогі Марын Лё Пэн, чые ідэі сапраўды небясьпечныя для дэмакратыі, нельга выключаць.

Эманюэль
Эманюэль Макрон. Фота: wikimedia commons/ Pablo Tupin-Noriega/ CC BY-SA 4.0


На галасаваньні 7 траўня ў Францыі чакаецца даволі высокая яўка, шмат французаў выйдуць галасаваць толькі дзеля таго, каб скрэсьліць з бюлетэня Марын Лё Пэн – кажа выпускнік Страсбурскага ўнівэрсытэту палітоляг Алесь Лагвінец.

Алесь Лагвінец: Шмат хто з французаў будзе галасаваць за Макрона толькі для таго, каб не дазволіць Марын Лё Пэн стаць прэзыдэнтам Францыі. Шмат хто кажа, што ў першым туры прэзыдэнцкіх выбараў французы выбіраюць свайго кандыдата, а ў другім – галасуюць супраць кандыдата, які ім больш за ўсё не падабаецца.

З 36 мільёнаў французаў, якія прынялі ўдзел у выбарах, 7.6 мільёнаў аддалі свае галасы за праварадыкальную Марын Лё Пэн і радыкальна левага кандыдата Жана-Люка Мэляншона. Выбаршчыкі партыяў, якія прагаласавалі супраць «мэйнтстрымных» палітычных сілаў, пражываюць пераважна на поўдні і ўсходзе Францыі. За «антысыстэмных» кандыдатаў таксама галасуе большасьць маладых выбаршчыкаў Францыі.

Чаму больш 40% французаў падтрымлівае палітыкаў, якія ставяць пад сумнеў прынцыпы прававой дзяржавы, рынкавай эканомікі і міжнародныя дамовы Францыі? Ёсьць некалькі тлумачэньняў – кажа палітоляг Анаіс Марэн.

Анаіс Марэн: Першае – гэта эканамічны крызыс, які цягнецца ў Францыі ўжо некалькі гадоў. Беспрацоўе высокае, асабліва сярод моладзі. Людзі расчараваныя, ім патрэбны «ахвярны казёл». І папулістка Марын Лё Пэн вельмі лёгка знаходзіць такога казла. Яна кажа, што ва ўсім вінаватыя мігранты, якія забіраюць працу ў французаў; вінаватыя ўцекачы, якія забіраюць сацыяльную дапамогу; вінаватая Эўропа, якая, маўляў, нічога нам не дае, а толькі навязвае свае правілы. Нарэшце, вінаватыя палітыкі з галоўных партыяў (Рэспубліканскай і Сацыялістычнай), якія вучыліся разам у адных і тых жа ўнівэрсытэтах і праводзяць такую ж самую «непатрыятычную» палітыку. Што тычыцца фэномэна Мэляншона, то трыццаць гадоў таму галасы людзей з невысокай асьветай, рабочых забірала сабе Камуністычная партыя. Гэтая партыя распалася, але цяпер яе рыторыку адрадзіў Жан-Люк Мэланшон. Адсюль яго высокі вынік.

Эманюэль Макрон і Марын Лё Пэн маюць маюць абсалютна супрацьлеглыя погляды на міжнародную палітыку Францыі. Макрон абяцае, што Парыж узмоцніць сваю пазыцыю ў NATO, будзе разьвіваць эўрапейскую інтэграцыю, пашырыць супрацоўніцтва зь Нямеччынай, будзе праводзіць цьвёрдую палітыку ў стасунку да рэжыму Ўладзімера Пуціна.

Марын
Марын Лё Пэн. Фота: wikimedia commons/ Blandine Le Cain / CC BY 2.0

Марын Лё Пэн плянуе спыніць супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі, называе ўлады Эўрапейскага зьвязу «нелегітымнымі». Яна выступае за зьняцьцё з Крамля санкцыяў за анэксію Крыму й распальваньне вайны ў Данбасе, а таксама плянуе «аднавіць гандлёвае й вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй».

Анаіс Марэн: З усіх кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў першым туры, Эманюэль Макрон наймацней падтрымлівае Эўразьвяз і NATO. Таксама ён займае найбольш жорсткую пазыцыю ў стасунку да кіраўніцтва Расеі. Таму можна меркаваць, што ён працягне тую палітыку ў стасунку да Ўсходняй Эўропы, якую францускі ўрад праводзіў раней. Пры гэтым, як у выпадку перамогі Фіёна, так і ў выпадку перамогі Лё Пэн можна было б спадзявацца нашмат больш антыамэрыканскага курсу, а таксама палітыкі, якая была б нашмат больш прыхільнай да рэжыму Ўладзімера Пуціна.

Малаверагодная перамога Марын Лё Пэн можа паставіць пад пагрозу само існаваньне Эўрапейскага зьвязу – лічыць Алесь Лагвінец. Перамога ж Макрона можа прывесьці да таго, што Эўрапейскі зьвяз аб’яднаецца й пачне адыгрываць большую ролю на эўрапейскім кантынэнце і ў сьвеце.

Алесь Лагвінец: Як у Галяндыі, так і ў Францыі выбаршчыкі фактычна прагаласавалі за тое, каб працягваць эўрапейскую інтэграцыю. Большасьць устрымалася ад дзеяньняў, за якія летась прагаласавалі брытанцы.

Незалежна ад вынікаў выбараў у Францыі, нельга чакаць, што Беларусь раптам стане прыярытэтам для Парыжа – кажа палітоляг Алесь Лагвінец. Палітыка Францыі ў стасунку да Беларусі надалей будзе ісьці ў рэчышчы агульнай палітыкі Эўрапейскага зьвязу. Будуць стасункі з Эўразьвязам паляпшацца ці не – гэта па-ранейшаму залежыць не ад Брусэля, а ад уладаў у Менску – падсумаваў беларускі палітоляг.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт