Logo Polskiego Radia
Print

«Мы просім не спыняць дапамогі, пакуль хлопцы не апынуцца на волі»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 27.04.2017 21:30
  • Мы просім не спыняць дапамогі, пакуль хлопцы не апынуцца на волі.mp3
Абвінавачаным па «справе патрыётаў» патрэбныя сродкі на адвакатаў, аднак паток ахвяраваньняў зьменшыўся ў разы.
Постэр кампаніі #ПатрыётНеЗлачынца. Фота са старонкі Ніны Шыдлоўскай у Фэйсбуку. Постэр кампаніі #ПатрыётНеЗлачынца. Фота са старонкі Ніны Шыдлоўскай у Фэйсбуку. #ПатрыётНеЗлачынца

Шаснаццаці арыштаваным па справе аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» афіцыйна прад’яўленыя абвінавачаньні па артыкуле 287 Крымінальнага кодэксу Беларусі – «Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня». Пра гэта паведамілі беларускія праваабаронцы. Сем’ям арыштаваных вельмі патрэбная дапамога на аплату працы адвакатаў, а да суду арыштаваныя па «справе патрыётаў» могуць правесьці ў сьледчым ізалятары шмат месяцаў. Пра новыя я акалічнасьці справы ў праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў пытаўся Аляксандар Папко.

16 з 35 фігурантаў справы «аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» афіцыйна прад’яўленыя абвінавачаньні па новым артыкуле – «Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня». Гэтыя зьвесткі пацьвердзіў намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч. Абвінавачаным паводле пагражае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў альбо зьняволеньне на тэрмін ад 3 да 7 гадоў.

Колішні лідар распушчанай у 2005 годзе арганізацыі «Белы легіён» Сяргей Чыслаў нядаўна заявіў журналістам, што фігурантаў «справы патрыётаў» зьбіваюць і, каб атрымаць доказы «злачынства», нават прымяняюць псыхатропныя прэпараты. «Ад адвакатаў арыштаваных мы не атрымлівалі зьвестак пра тое, што нехта зь іх напісаў скаргі ў сувязі з прымяненьнем недазволеных мэтадаў сьледзтва», – пракамэнтаваў гэтую інфармацыю Валянцін Стэфановіч.

Сваякі й блізкія арыштаваных, аднак, лічаць, што на вязьняў можа аказвацца фізычны ціск. «Верагоднасьць катаваньняў вельмі высокая», – кажа старшыня рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская, якая каардынуе дапамогу сем’ям зьняволеных.

Ніна Шыдлоўская: Для мяне пацьвярджэньнем таго, што такі ціск можа мець месца зьяўляюцца словы Андрэя Комліка-Ямаціна, якія прагучалі ў прапагандысцкім фільме на дзяржаўным тэлеканале. Гэты чалавек сябе агаварыў. На экране была амаль што іншая асоба, не вядомая ні мне, ні сваякам. Па выразе твару, па выразе вачэй было бачна, што добраахвотна чалавек такую гнюсную хлусьню гаварыць ня мог.

На думку Ніны Шыдлоўскай, беларускія сілавікі ўзбудзілі новую крымінальную справу супраць фігурантаў «справы патрыётаў», таму што доказаў «падрыхтоўкі масавых беспарадкаў» у іх няма.

Ніна Шыдлоўская: Відавочна, па артыкуле 293 частцы 3 «Падрыхтоўка масавых беспарадкаў» ніякай доказнай базы няма. Справа супраць гэтых людзей не павінная была быць пачатая. У Беларусі яшчэ не было працэсаў па артыкуле 287. Ні жыцьцё, ні дзейнасьць людзей, якіх абвінавачваюць па гэтым артыкуле, не дае падставаў узбуджаць супраць іх крымінальную справу.

Лісты, асабліва ад блізкіх людзей, да вязьняў даходзяць вельмі рэдка. Гэта таксама зьяўляецца сродкам ціску на падсьледных – лічыць Ніна Шыдлоўская.

Дзякуючы фэйсбук-суполцы BY_help, на дапамогу фігурантам «справы патрыётаў» і пакараным за ўдзел у сакавіцкіх акцыях пратэсту, удалося сабраць каля 50 тысячаў даляраў – кажа каардынатар збору дапамогі мэдыяэкспэрт Аляксей Лявончык.

Аднак цяпер паток ахвяраваньняў зьменшыўся ў разы. Пры гэтым, грошы надалей патрэбныя. Больш за ўсё сродкаў неабходна на аплату працы адвакатаў, якія абараняюць арыштаваных па «справе патрыётаў». Грошы патрэбныя іх сем’ям, каб набываць перадачы ў СІЗА. Дапамогі асабліва патрабуюць сем’і, якія засталіся без кармільцаў.

Акрамя таго, далёка ня ўсім, хто быў пакараны высокімі штрафамі за ўдзел у сакавіцкіх сацыяльных пратэстах, удалося дапамагчы – кажа Аляксей Лявончык.

Аляксей Лявончык: Першыя тры тыдні грошы зьбіраліся вельмі актыўна. Затым усё сьціхла. Паколькі зьнікла інфармацыйная нагода. Хтосьці перадае грошы, але пераважна людзі просяць кантакты нейкай сям’і, і перадаюць ёй дапамогу самастойна. Сума сабраных грошай падаецца вялікай. Але насамрэч большую яе частку мы ўжо патрацілі. Каля 10% гэтай сумы дабрачынцы прызначылі канкрэтным людзям, і мы ня вольныя імі распараджацца ў іншым накірунку. 50 тысячаў – гэта цудоўны прыклад салідарнасьці, Але насамрэч патрэбна ў разы два ці тры больш, каб кампэнсаваць істотную частку стратаў, якія панесьлі людзі ў выніку дзейнасьці ўладаў.

Пакуль праваабаронцы не валодаюць дастатковай інфармацыяй, каб сьцьвердзіць, што арыштаваныя па «справе патрыётаў» зьяўляюцца палітычнымі зьняволенымі – кажа Валянцін Стэфановіч. Такую інфармацыю можна атрымаць толькі падчас судовага працэсу.

Валянцін Стэфановіч: Мы зможам сьцьвярджаць, што справа сфальсыфікаваная, альбо не зьвязаная з правапарушэньнямі, якія людзям інкрымінуюцца, толькі на судзе. Міжнародныя нормы права не абараняюць права на стварэньне парамілітарных групаў. Калі б іх абвінавацілі ў «дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі» згодна артыкулам 193 Крымінальнага кодэксу, то тады іх прызналі б палітвязьнямі аўтаматычна.

Гэта можа азначаць, што 19 арыштаваных могуць правесьці за кратамі доўгія месяцы.

Валянцін Стэфановіч: Улічваючы вялікую колькасьць фігурантаў, да моманту суду можа прайсьці некалькі месяцаў. Спадзяюся, што ўлады разумеюць, штокалі справа сапраўды шытая белымі ніткамі, то на адкрытым судовым паседжаньні схаваць гэта будзе вельмі цяжка.

Доказнай базы ў абвінавачаньня няма. Таму хуткага разьбіральніцва па гэтай справе чакаць не прыходзіцца – мяркуе Ніна Шыдлоўская. Дапамога палітвязьням будзе патрэбная яшчэ доўгі час.

«Мы просім не спыняць збору дапамогі, пакуль хлопцы не апынуцца на волі» – заклікае Ніна Шыдлоўская.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт