Logo Polskiego Radia
Print

Дырэктар школы: Пытаньняў да сям’і Лагвінца мы ня маем

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 29.04.2017 13:29
  • Дырэктар школы Пытаньняў да сям’і Лагвінца мы ня маем.mp3
Дырэктар пераконвае, што сацыяльныя пэдагогі ня мелі намеру аказваць палітычнага ціску на сям’ю й не зьбіраюцца працягваць праверак.
Алесь Лагвінец, Вераніка Мазуркевіч і іх сын Уладзімер. Фота: Дзьмітры Русак/ "Наша Ніва"Алесь Лагвінец, Вераніка Мазуркевіч і іх сын Уладзімер. Фота: Дзьмітры Русак/ "Наша Ніва"Дзьмітры Русак/ nn.by

Дырэктар менскай школы № 218 Валеры Макарчук заяўляе, што сям’я вядомага палітоляга Алеся Лагвінца «не знаходзіцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы», таму праводзіць далейшыя праверкі гэтай сям’і школа не намерваецца.

Сацыяльныя пэдагогі ня мелі намеру аказваць ціск на жонку Алеся Лагвінца Вераніку Мазуркевіч – пераконвае Валеры Макарчук.

Дырэктар
Дырэктар школы №218 Менска Валеры Макарчук. Фота з сайта школы

Валеры Макарчук: У школу прыйшла пастанова з суду. Задача школы ў такой сытуацыі – спраўдзіць, ці знаходзіцца дзіця ў сацыяльна небясьпечным становішчы. У стасунку да дадзенага грамадзяніна (Алеся Лагвінца – А.П.) мы ніякіх пытаньняў ня маем. Учора сям’ю наведалі сацыяльныя пэдагогі. Усё добра, усё нармальна, ніякіх пытаньняў не было. Дзіця знаходзіцца ў добрых умовах. Нашыя сацыяльныя пэдагогі ня маюць ніякіх адносінаў да палітычнай сытуацыі. Перад імі стаіць задача па рэалізацыі Дэкрэту № 18 прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. А паўплываць на палітычныя погляды – гэта не задача сацыяльнага пэдагога.

Прыгадаем, у пятніцу сям’ю былога намесьніка старшыні Руху «За Свабоду» Алеся Лагвінца, які ў сакавіку быў выкрадзены амапаўцамі, зьбіты й пакараны арыштам паводле абсурдных абвінавачаньняў, наведалі сацыяльныя пэдагогі. У хаце знаходзілася жонка палітоляга Вераніка Мазуркевіч з аднагадовым сынам Уладзімерам. Настаўніцы зачыталі спадарыні Вераніцы пастанову суду й параілі «паўплываць на мужа».

Дзеяньні сыстэмы, калі ў дом да пацярпелых па палітычных матывах прыходзяць сацыяльныя службы й пачынаюць цікавіцца іх дзецьмі, зьяўляюцца несумненным элемэнтам ціску – кажа Вераніка Мазуркевіч.

Прадпрымальніца
Прадпрымальніца Вераніка Мазуркевіч. Фота: Вольга Быкоўская.

Вераніка Мазуркевіч: Фраза «калі ваш муж будзе працягваць рабіць тое самае й зноў будзе патрапляцца, то ёсьць верагоднасьць, што нашыя візыты будуць больш частымі, а вашая сям’я патрапіць на ўлік у сацыяльныя службы» можа быць успрынятая як парада ці інфармаваньне. Але гэта таксама ціск і, у пэўным сэнсе, пагроза. Я разумею, што не яны прымаюць рашэньне. Настаўніцы проста апісваюць, як будзе дзейнічаць сыстэма, калі будуць працягвацца затрыманьні. Тады давайце лічыць гэта ціскам не з боку гэтых дзьвюх настаўніцаў, а ціскам з боку сыстэмы.

У суботу дырэктара школы № 218 наведаў сам палітоляг Алесь Лагвінец. Па словах Веранікі Мазуркевіч, дырэктар заявіў яе мужу, што пераканаўся ў тым, што «сям’я не нясе пагрозы для дзіцяці». Вераніка Мазуркевіч спадзяецца, што дадатковых праверак ня будзе, а іншым сем’ям, дзе нехта з бацькоў быў пакараны па палітычных матывах, яна раіць не адчыняць дзьверы нечаканым гасьцям са школы.

Вераніка Мазуркевіч раіць патрабаваць, каб праверка прыходзіла ў поўным складзе, які ўключае лекараў, прадстаўнікоў мясцовых уладаў і міліцыі, і адбывалася толькі на абгрунтаваных падставах.

«Да нашай сям’і рэгулярна прыходзіць лекар. Ён бачыць, у якой сытуацыі знаходзіцца дзіця, што ніякай пагрозы яму няма, таму праверка са школы ня мела ніякіх падставаў», – перакананая Вераніка Мазуркевіч.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт