Logo Polskiego Radia
Print

«Ваўкалакі й ведзьмакі будуць жыць сярод нас» (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.05.2017 14:47
  • Ваўкалакі й ведзьмакі будуць жыць сярод нас.mp3
Стваральнікі першага беларускага сэрыялу жахаў, які імгненна набраў 400 тыс. праглядаў, расказваюць, што будзе ў наступных сэрыях.
Кадр з сэрыяу "Заклятыя скарбы". Фота прадстаўленае аўтарамі фільму. Кадр з сэрыяу "Заклятыя скарбы". Фота прадстаўленае аўтарамі фільму. skarby.by

Ваўкалакі зьявяцца на вуліцах Менска. Русалкі, кадукі, ведзьмакі ды іншыя беларускія нячысьцікі паселяцца ў кватэрах панэльных дамоў і гарадзкіх парках. Усё гэта пакажа маладая каманда беларускіх кінамастакоў у новым сэрыяле жахаў «Заклятыя скарбы». Усяго за чатыры дні першая сэрыя хорар-сэрыялу на беларускай мове набрала 400 тысячаў праглядаў на YouTube. Стваральнікі фільму расказваюць, пра што будуць наступныя сэрыі, калі іх можна будзе ўбачыць і чаму ўвогуле яны вырашылі стварыць сучасны інтэрнэт-сэрыял на падставе беларускіх легендаў.

Першы беларускі сэрыял жахаў «Заклятыя скарбы» створаны на падставе народных паданьняў. Шмат хто памятае дзіцячую кніжку «Заклятыя скарбы», складзеную на пачатку 1990-х гадоў драматургам Уладзімерам Ягоўдзiкам і багата ілюстраваную мастаком Аляксеем Навiцкім. Мара ажывіць старажытных беларускіх монстраў на экране зьявілася ў рэжысёра Сержа Аўсяніка яшчэ ў студэнцкія гады.

Паколькі паказаць у кіно русалак, ваўкалакаў, лесавікоў, ведзьмакоў ды іншых беларускіх нячысьцікаў за доўгія гады ня вырашыўся ніхто, Серж прыняў рашэньне рэалізаваць юнацкую мару самастойна.

Рэжысёр
Рэжысёр Серж Аўсянік з адным з актораў, рок-музыкантам Аляксандрам Кулінковічам. Фота прадстаўленае аўтарамі фільму.

Серж Аўсянік: Калі я чытаў «Заклятыя скарбы», а пазьней творы Караткевіча, то мне вельмі хацелася, каб нехта гэта зьняў у выглядзе сэрыялу – менавіта на беларускай мове. Праз многа гадоў я вырашыў: а чаму б не паспрабаваць рэалізаваць гэтую мару самому? Тым больш, што ў Беларусі гэта ніхто ня зробіць, бо гэта нікому асабліва не цікава.

Аказалася, што беларускімі «страшылкамі» кінамастакі не цікавіліся дарма. Першую сэрыю беларускамоўнага хорар-сэрыялу ўсяго за 4 дні паглядзелі больш за 400 тысячаў чалавек. Такі посьпех агаломшыў нават стваральнікаў фільму – прызнаецца рэжысёр Серж Аўсянік.

Серж Аўсянік: Шчыра кажучы, я ня ведаю, як гэта атрымалася. Мы разьлічвалі на максымальную лічбу ў 200 тысячаў праглядаў. Менавіта такую колькасьць праглядаў набіраюць расейскія сэрыялы жахаў. А атрымалася больш за 400 тысячаў. Многа людзей паглядзелі фільму ў Беларусі, але вельмі многа праглядаў прыйшло з суседніх краінаў: Расеі, Украіны, Польшчы.

Першы фільм беларускага сэрыялу жахаў называецца «Галаву складзеш». У ім расказваецца пра двух паляўнічых, якія знаходзяць скарб, а разам зь ім і сваю сьмерць. Першая сэрыя была лёгкай, у наступнай «крывішчы будзе нашмат больш», – прызнаецца Серж Аўсянік.

Серж Аўсянік: Наступная сэрыя выйдзе ў траўні. Яна будзе зробленая на падставе легенды аб Кадуку. Мы экранізуем легенды з кніжкі «Заклятыя скарбы». Восем сэрыяў выйдуць у першым сэзоне, і восем – у другім. Кожная сэрыя будзе зьнятая паводле асобнай беларускай легенды. Наступная сэрыя будзе пра Кадука. Гэта монстар, якія ахоўвае свой скарб. Але гэтая сэрыя будзе вельмі жудасная – у разы крывавейшая за першую. Першая ў нас выйшла даволі лайтовай.

Кадр
Кадр з сэрыялу "Заклятыя скарбы". Фота прадстаўленае аўтарамі фільму.


Сцэнар фільму жахаў напісалі кінамастакі Серж Аўсянік і Зьміцер Шкардзюк, а таксама літаратарка й тэлевядучая Валярына Кустава. Сэрыял вельмі моцна ўкарэнены ў беларскую традыцыйную культуру – кажа Валярына Кустава. Разам з тым, гэта вельмі сучасны праект, зроблены для сучаснага гледача.

Сэрыі дўжацца ўсяго 9-10 хвілінаў. У людзей цяпер застаецца мала часу паміж працай, паездкамі, хатнімі абавязкамі. Таму вэб-сэрыял аптымальна падыходзіць для масавага гледача, які ў віры паўсядзённых клопатаў хоча паглядзець нешта кароткае – тлумачыць паэтка.

Фота
Фота прадстаўленае аўтарамі фільму "Заклятыя скарбы"

Беларускіх народных прывідаў і крывасмокаў пасялілі ў зразумелае гарадзкому жыхару асяродзьдзе. Гэта ня толькі спосаб прыблізіць традыцыйную культуру, але й спосаб мэтафарычна расказаць пра сучаснасьць – кажа Вялярына Кустава.

Вялярына Кустава: Падзеі адбываюцца з людзьмі, якія жывуць побач з намі. Гэтыя людзі трапляюць у лапы старажытных беларускіх пачвараў: кадукоў, ваўкалакаў, лазьнікаў. Такой была задумка – упісаць легенды ў сёньняшні дзень, у сёньняшнюю Беларусь, у сёньняшніх герояў. Нам хацелася б, каб такім чынам беларускі сучасны глядач прыйшоў да беларускіх паданьняў і беларускай гісторыі. Нам таксама хацелася б, каб глядач азірнуўся і ўбачыў, што ўсе гэтыя пачвары жывуць побач зь ім сёньня. У сучаснай Беларусі можна ўбачыць і кадукоў і ваўкалакаў, і каго заўгодна.

Кадр
Кадр з сэрыялу "Заклятыя скарбы". Фота прадстаўленае аўтарамі фільму.


У першым фільме сэрыялу «Заклятыя скарбы» зьняўся вядомы вядомы беларускі музыкант, лідар рок-гурту Neuro Dubel Аляксандар Кулінковіч, а таксама малады актор Васіль Бойдак. Сваё жаданьне граць у беларускім сэрыяле жахаў выказалі акторы з Расеі і Ўкраіны – кажа Валярына Кустава.

Вялярына Кустава: Ужо заплянаваны ўдзел некаторых вядомых украінскіх і расейскіх актораў. Аднак нам не хацелася б раскрываць прозьвішчаў, бо хочацца захаваць інтрыгу. У кожнай новай сэрыі будуць здымацца новыя акторы. Больш за тое, ня ўсе ролі яшчэ разьмеркаваныя. Яшчэ будуць праходзіць кастынгі, і жадаючыя беларускія акторы змогуць патрапіць у сэрыял. Для нас удзел беларускіх актораў вельмі важны.

Сэрыял жахаў «Заклятыя скарбы» аўтары здымаюць за ўласныя грошы. Пакуль плянуецца выпусьціць два сэзоны. Аўтары фільму не выключаюць, што для выпускаў наступных сэзонаў яны абʼявяць збор сродкаў. Пакуль жа кожны, хто жадае падтрымаць сучаснае кінавыданьне беларускіх традыцыйных «страшылак», можа знайсьці рэквізыты здымачнай групы на старонцы фільму www.skarby.by.

Аляксандар Папко


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт