Logo Polskiego Radia
Print

Менск зрабіў новы крок у бок выхаду зь міжнароднай ізаляцыі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 22.06.2017 19:09
  • Менск зрабіў новы крок у бок выхаду зь міжнароднай ізаляцыі.mp3
Удзел у Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятыве паспрыяе пераняцьцю эўрапейскіх стандартаў – калі на тое будзе палітычная воля.
Ілюстрацыя: афіцыйны сайт Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы www.cei.intІлюстрацыя: афіцыйны сайт Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы www.cei.intcei.int

22 чэрвеня ў Менску сабраліся міністры замежных справаў і прадстаўнікі ўрадавых дэлегацыяў 18 эўрапейскіх краінаў. У сталіцы Беларусі адбылася сустрэча краінаў Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы. Міжнародная сустрэча ў Менску – гэта прарыў беларускай дыпляматыі? Што ўдзел у Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятыве можа даць Беларусі? Пра гэта зь беларускімі экспэртамі размаўляе Аляксандар Папко.

Цэнтральнаэўрапейская ініцыятыва – гэта група 18 краінаў, створаная яшчэ ў 1989 годзе. У яе ўваходзяць такія дзяржавы, як Італія, Польшча, Босьнія, Чэхія, Славаччына, Беларусь і Ўкраіна. У першыя гады асноўнай мэтай ініцыятывы была інтэграцыя краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў Эўрапейскі зьвяз.

Цяпер жа прадстаўнікі 18 краінаў рэгулярна сустракаюцца, каб узмацніць супрацоўніцтва ў галіне транспарту, навукі, культуры, турызму, падтрымкі малога й сярэдняга бізнэсу.

На сустрэчы з міністрамі замежных справаў краінаў ЦЭІ Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Макей заявілі пра жаданьне «палепшыць узаемапаразуменьне з Эўразьвязам» і разьвіваць «прагматычную эканамічную інтэграцыю».

Сустрэча Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы – даволі яскравая падзея для Беларусі. У Менск нячаста прыяжджаюць дэлегацыі з краінаў ЭЗ.

Аднак назваць сустрэчу ЦЭІ ў Менску дыпляматычным прарывам будзе перабольшваньнем – кажа палітоляг Юры Чавусаў. Дэлегаты прыехалі ў беларускую сталіцу, бо ў ініцыятыве надышла чарга старшынства Беларусі.

Юры Чавусаў: Надышоў час старшынства Беларусі ў гэтай арганізацыі. Наступны м будзе старшынства Харватыі, таму сустрэча пройдзе там. Аднак варта прызнаць, што для Беларусі ЦЭІ мае большае значэньне, чым для іншых дзяржаваў-удзельніцаў гэтай ініцыятывы.

Нельга не заўважыць, што Менск выходзіць зь міжнароднай ізаляцыі – падкрэсьлівае аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў.

Вайна ва Ўкраіне прымусіла заходнія ўрады перагледзець стасунак да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Краіны Эўразьвязу вырашылі, што падчас канфрантацыі Захаду з Расеяй, лепш пакуль не прасоўваць дэмакратыю ў постсавецкіх краінах, бо гэта можа прывесьці да вострых канфліктаў. Захад палічыў за лепшае наладжваць прагматычнае супрацоўніцтва з хай сабе недэмакратычнымі, але стабільнымі рэжымамі.

Дзяніс Мельянцоў: Краіны Эўразьвязу ня бачаць вялікай пагрозы ў існаваньні беларускай палітычнай сыстэмы. Хутчэй наадварот – яны бачаць, што Беларусь – гэта даволі стабільная кіраваная дзяржава, якая не стварае такіх праблемаў, як Украіна альбо нестабільныя дзяржавы ў паўднёвым суседзтве ЭЗ.

Што дае Беларусі ўдзел у Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятыве? Ініцыятыва можа стаць арэнай для пераняцьця эўрапейскага досьведу ў транспарце, энэргетыцы, адукацыі, разьвіцьці бізнэсу. Аднак гэта магчыма толькі тады, калі на гэта будзе палітычная воля – кажа Юры Чавусаў. Пакуль жа Менск выкарыстоўвае ЦЭІ хутчэй як пляцоўку для міжнародных кантактаў – лічыць Дзяніс Мельянцоў.

Дзяніс Мельянцоў: Гэта дадатковая пляцоўка, дзе Беларусь можа выступіць са сваімі ініцыятывамі, данесьці свае меркаваньні, пазыцыі па іншых пытаньнях – нават калі яны не патрапляюць тэматычна ў задачы Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы. Гэта элемэнт інфармаваньня, элемэнт прэстыжу.

Расейскае кіраўніцтва раўніва ставіцца да ініцыятываў, у якіх удзельнічаюць дзяржавы з «блізкага замежжа», але не ўдзельнічае Масква. Яскравым прыкладам таму зьяўляецца праграма Эўразьвязу «Усходняе партнэрства». Сярод дыпляматаў, якія сабраліся 22 чэрвеня ў Менску, прадстаўнікоў Расеі не было. Ці Масква не абурыцца «дрэйфам Лукашэнкі на Захад»? Не – перакананы палітоляг Дзяніс Мельянцоў.

Дзяніс Мельянцоў: Адной з галоўных мэтаў Усходняга партнэрства зьяўляецца набліжэньне краінаў-удзельніцаў да эўрапейскіх стандартаў, стварэньне зоны вольнага гандлю. Гаворка вядзецца пра «геапалітычнае перацягваньне». ЦЭІ ж не зьяўляецца ініцыятывай Эўрапейскага зьвязу. Яна ня ставіць за мэту «фарматаваць» краіны-ўдзельніцы. Таму Расея ставіцца да яе даволі спакойна.

Сустрэча Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы зьяўляецца чарговым сьведчаньнем таго, што стасунак заходніх дзяржаваў да Менска моцна зьмяніўся – кажа Дзяніс Мельянцоў.

Але самы галоўны выхад Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Макея на эўрапейскія дыпляматычныя салёны яшчэ наперадзе. Ім стане паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі па супрацоўніцтве і бясьпецы ў Эўропе. Форум АБСЭ пройдзе ў Менску з 5 па 9 ліпеня.

Дзяніс Мельянцоў: На паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ прыедзе каля паўтысячы гасьцей. Зь іх каля 50 прыедуць са Злучаных Штатаў. Гэтая падзея стане цэнтральнай падзеяй лета.

Аднак сустрэча АБСЭ будзе менш камфортнай для Беларусі – прадказвае Юры Чавусаў. Парлямэнцкая асамблея агучыць жорсткія рэзалюцыі ў стасунку да Расеі, Украіны й Беларусі, у якіх будзе асуджаць парушэньні грамадзянскіх правоў і свабодаў.

Юры Чавусаў: Сярод прапанаваных рэзалюцыяў ёсьць жорсткія рэзалюцыі ў дачыненьні да Украіны, у дачыненьні да Расеі. У дачыненьні да Беларусі ёсьць адмысловыя рэзалюцыі, дзе ўзгадваюцца праблемы сьмяротнага пакараньня, дыскрымінацыі меншасьцяў, парушэньня грамадзянскіх правоў.

На сустрэчы Цэнтральнаэўрапейскай ініцыятывы ў Менску беларускі ўрад можа выпрабаваць «лягістычныя аспэкты» прыёму міжнародных дэлегацыяў, але галоўны посьпех ці правал беларускай дыпляматыі мы ўбачым на сустрэчы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ – падкрэсьліў Юры Чавусаў.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт