Logo Polskiego Radia
Print

На вайне ў Сірыі загінулі больш за 330 тысячаў чалавек

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 17.07.2017 08:16
Краіну, якая да вайны налічвала каля 23 мільёнаў жыхароў, пакінула палова насельніцтва.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Пачынаючы з 2011 году на вайне ў Сірыі загінулі больш за 330 тысячаў чалавек. 100 тысячаў зь іх – мірныя жыхары, 18 тысячаў – дзеці. Жахлівую статыстыку агучыла ў нядзелю няўрадавая арганізацыя «Сірыйская абсэрваторыя правоў чалавека», якая разьмяшчаецца ў Лёндане.

«З15 сакавіка 2011 году да 15 ліпеня 2017 году Абсэрваторыі ўдалося задакумэнтаваць сьмерць 331 765 чалавек, у тым ліку 99 617 мірных жыхароў», – заявіў у размове з агенцтвам France Presse кіраўнік арганізацыі Рамі Абдэль Рахман. Ён паведаміў, што сярод забітых налічваецца «18 243 дзяцей і 11 427 жанчынаў».

Страты сярод узброеных фармаваньняў, якія ваююць на баку Башара Асада, складаюць 116,8 тысячаў сірыйскіх жаўнераў і 1,5 тысячаў баевікоў ліванскай шыіцкай групоўкі Хэзбала. Страты сярод антыасадаўскіх паўстанцаў і ўзброеных фармаваньняў курдаў складаюць каля 57 тысячаў чалавек. Яшчэ 58 тысячаў загінулых – гэта баевікі так званай Ісламскай дзяржавы і зьвязанай з Аль-Каідай групоўкі Джабхат фатх аш-Шам.

Сірыйскі канфлікт пачаўся ў сакавіку 2011 году з мірных дэманстрацыяў супраць рэжыму Башара аль-Асада. Улада адказала рэпрэсіямі, у выніку чаго разгарэлася грамадзянская вайна, у якую ўмяшаліся замежныя дзяржавы. Вайна прывяла да велізарных разбурэньняў. Краіну, якая да вайны налічвала каля 23 мільёнаў жыхароў, пакінула палова насельніцтва.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт