Logo Polskiego Radia
Print

Крывавая гісторыя: 73-я гадавіна Варшаўскага паўстаньня (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 31.07.2017 07:13
  • гісторыя.mp3
1 жніўня ў Польшчы адзначаць 73-ю гадавіну Варшаўскага паўстаньня.
Паўстанцы на вуліцах ВаршавыПаўстанцы на вуліцах Варшавыcommons.wikimedia.org/Public Domain CC0

1 жніўня ў Польшчы адзначаць 73-ю гадавіну Варшаўскага паўстаньня. Гэта была найбуйнейшая ўзброеная акцыя падпольля ў акупаванай немцамі Эўропе. Паўстаньне закончылася паразай і сьмерцю амаль 200 тысяч чалавек. Нягледзячы на гэта, Варшаўскае паўстаньне – гэта важная дата ў гістарычным календары Польшчы.

Камандаваньне Арміі Краёвай разьлічвала на тое, што паўстаньне працягнецца некалькі дзён, але ў выніку яно зацягнулася на два месяцы. Эміграцыйны польскі ўрад у Лёндане, а таксама камандаваньне АК разьлічвалі вызваліць сталіцу з-пад нямецкай акупацыі й сустрэць Чырвоную Армію ў ролі гаспадароў Варшавы.

“1 жніўня стала доўгачаканым днём свабоды” – узгадваў празь дзясяткі гадоў удзельнік паўстаньня Зьбігнеў Сьцібар-Рыльскі. Дарэчы, цяпер паўстанцу 100 гадоў і ён зьяўляецца найстарэйшым удзельнікам паўстаньня ў чыне генэрала: Сьцібар-Рыльскі – брыгадны генэрал (генэрал-маёр паводле беларускай намэнклятуры – рэд.).

commons.wikimedia.org/Public
commons.wikimedia.org/Public Domain CC0

«Гэта была вялікая радасьць, вялікая эйфарыя. Я памятаю, як пасьля атрыманьня зброі мы зь сябрамі ішлі па вуліцы. У нас былі аўтаматы, пісталеты. І ў першыя гадзіны мы сапраўды адчувалі сябе свабоднымі. Упершыню цягам некалькі гадоў жыхары сталіцы змаглі адчуць сябе палякамі», - успамінаў генэрал.

Паводле Сьцібара-Рыльскага, у тыя гадзіны Варшава была й сапраўды свабоднай: паўсюль у вокнах і на бальконах віселі бела-чырвоныя сьцягі.

1 жніўня 1944 году да змаганьня далучылася каля 50 тыс. паўстанцаў. Але толькі кожны чацьвёрты мог разьлічваць на барацьбу са зброяй у руках. Пасьля таго, як Рэйхсфюрэр СС Гайнрых Гімлер даведаўся пра пачатак паўстаньня, ён загадаў: “Кожнага жыхара сталіцы забіць, забараняецца браць жывых у палон, Варшаву зраўняць зь зямлёй. Няхай гэта стане прыкладам для ўсёй Эўропы”.

Цягам 63 дзён паўстанцы вялі гераічныя баі зь нямецкімі войскамі. Аднак кіраўніцтва падпольля разумела бязвыхаднасьць сытуацыі й падпісала 2 кастрычніка акт аб капітуляцыі паўстаньня.

commons.wikimedia.org/Public
commons.wikimedia.org/Public Domain CC0

Згодна з дамоўленасьцямі, ад моманту спыненьня агню жаўнеры Арміі Краёвай атрымалі ўсе правы паводле Жэнэўскай канвэнцыі з 1929 году аб абыходжаньні з ваеннапалоннымі.

У барацьбе зь гітлераўскім акупантам паўстанцам дапамагалі саюзьнікі, якія скідвалі боепрыпасы, лекі й прадукты харчаваньня з самалётаў. Вялікая заслуга ў гэтым брытанцаў і амэрыканцаў, але дапамогу скідваў таксама Савецкі Саюз. Дарэчы, адным з экспанатаў Музэю Варшаўскага паўстаньня зьяўляецца брытанскі самалёт «Лібэратар», зь якога скідвалі грузы над Варшавай.

Варшаўскае паўстаньне – гэта ня толькі геройскі ўчынак, але й вялікая трагедыя. Настолькі вялікая, што і ў той час, і цяпер зьяўляецца пытаньне, ці збройны чым меў сэнс і быў патрэбны?

Калі паўстаньне моцна крывавіла на левым беразе Віслы, на правым стаяла Чырвоная Армія. Большасьць гісторыкаў сьцьвярджае, што Сталін хацеў задушыць збройны чын, і таму не аддаў загаду дапамагчы паўстанцам. Аднак ёсьць гісторыкі, у тым ліку й польскія, якія прытрымліваюцца меркаваньня, што Чырвоная Армія была зьнясіленая доўгім маршам і барацьбой зь гітлераўцамі, таму ёй была патрэбная перадышка, папаўненьне сіл і перагрупаваньне.

commons.wikimedia.org/Public
commons.wikimedia.org/Public Domain CC0

Як і кожны год, жыхары сталіцы таксама сёлета адзначаць чарговую гадавіну паўстаньня: а 17-й гадзіне, калі пачаўся збройны чын, у Варшаве сымбалічна завыюць сырэны. А ўлады сталіцы ды паўстанцы, якіх з кожным годам становіцца ўсё менш і менш, заклікалі варшавян ушанаваць памяць ахвяраў гістарычнай падзеі. Гаворыць мэр Варшавы Ганна Гранкевіч-Вальц.

Ганна Гранкевіч-Вальц: За нашу сталіцу, за Варшаву, многія паўстанцы й мірныя жыхары аддалі жыцьцё. Нашым абавязкам зьяўляецца ўшанаваньне памяці пра іх, пра герояў сталіцы. Я заклікаю жыхароў гораду, каб а 17-й гадзіне спыніліся й хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць пра людзей, якія аддалі жыцьцё за свабоду нашага гораду й Польшчы.

Старшыня Сусьветнага зьвязу жаўнераў Арміі Краёвай Лешэк Жукоўскі заклікаў грамадзян пакінуць палітычныя спрэчкі й годна адзначыць 73-ю гадавіну пачатку Варшаўскага паўстаньня.

Лешэк Жукоўскі: Я заклікаю грамадзтва захаваць спакой, заклікаю таксама быць ветлівымі да паўстанцаў, праяўляць да іх увагу, бо гэтае пакаленьне сыходзіць з гэтага сьвету, і няхай у самым канцы свайго зямнога шляху яны памятаюць вашу ўсьмешку.

1-га жніўня штогод а 17-й гадзіне Варшава замірае: калі пачынаюць гучаць сырэны, вулічны рух затрымліваецца - пешаходы й аўтамабілі спыняюцца на хвіліну, каб ушанаваць памяць загінулых у Варшаўскім паўстаньні.

Адзначэньне чарговай гадавіны пачатку паўстаньня пачалося некалькі дзён таму. Сярод мерапрыемстваў - традыцыйны забег з удзелам 10 тыс. чалавек.

Валеры Саўко

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт