Logo Polskiego Radia
Print

Прэм’ер Польшчы выказала спачуваньні Гішпаніі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.08.2017 12:30
Польшча гатовая аказаць дапамогу й падтрымаць Гішпанію ў справе абароны эўрапейскіх каштоўнасьцяў, якім адданыя абедзьве дзяржавы.
Вянок, ускладзены ад імені польскага ўраду ля амбасады Гішпаніі ў Варшаве. Вянок, ускладзены ад імені польскага ўраду ля амбасады Гішпаніі ў Варшаве. PAP/Marcin Obara

Прэм’ер Польшчы Бэата Шыдла выказала спачуваньні кіраўніку гішпанскага ўраду Марыяну Рахою ў сувязі з тэрактамі ў гарадах Барсэлёна, Камбрыльс і Альканар.

«Мы глыбока засмучаныя паведамленьнямі пра ахвяры бесчалавечнага акту тэрору, – паведамляецца ў лісьце польскага ўраду. – Мы рашуча асуджаем гэтыя тэракты й верым, што іх арганізатары будуць пакараныя. […] Эўропа павінна разам супрацьдзейнічаць пагрозам, сказаць рашучае «не» тэрарыстам, якія сілай і жорсткасьцю спрабуюць навязаць нам ідэалёгію зла», – заявіла прэм’ер Польшчы.

Бэата Шыдла запэўніла, што Польшча салідарная з Гішпаніяй і будзе разам з іншымі эўрапейскімі краінамі ўзмацняць бясьпеку й змагацца з тэрарызмам. Прэм’ер заявіла, што Польшча гатовая аказаць дапамогу й падтрымаць Гішпанію ў справе абароны эўрапейскіх каштоўнасьцяў, якім адданыя абедзьве дзяржавы.

IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт