Logo Polskiego Radia
Print

Польшча асьцерагаецца, што пасьля «Захаду-2017» войскі РФ застануцца ў РБ

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 21.08.2017 19:03
Ёсьць шмат сумненьняў і пытаньняў з-за дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі, якія мы бачым - віцэ-кіраўнік Мінабароны Польшчы Міхал Дворчык.
Намесьнік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Міхал ДворчыкНамесьнік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Міхал ДворчыкPAP/Rafał Guz

Існуе шмат сумненьняў і пытаньняў адносна ваенных вучэньняў «Захад-2017», лічыць намесьнік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Міхал Дворчык.

Паводле яго словаў, можа аказацца, што ня ўсе расейскія воінскія падразьдзяленьні будуць выведзеныя зь Беларусі пасьля завяршэньня манэўраў.
Правядзеньне расейска-беларускіх вайсковых манэўраў «Захад-2017» заплянаванае на 14-20 верасьня гэтага года.

Паводле афіцыйных дадзеных, у вучэньнях прыме ўдзел 12 тыс. 700 вайскоўцаў, у тым ліку 3 тыс. з Расеі. У манэўрах будзе задзейнічана 700 адзінак ваеннай тэхнікі.

Паводле словаў віцэ-кіраўніка Мінабароны, вучэньні «Захад-2017» зьяўляюцца мерапрыемствам, за якім уважліва сочаць як польскія, так і заходнія службы.

«Ёсьць шмат сумненьняў і пытаньняў з-за дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі, якія мы бачым. Можа аказацца, што ня ўсе сілы й сродкі будуць выведзеныя пасьля вучэньняў», – сказаў Міхал Дворчык.

«У нас няма стоадсоткавай упэўненасьці наконт сіл, якія падразьдзяленьні прымуць удзел у вучэньнях, паколькі на дадзены момант ёсьць шмат сыгналаў наконт таго, каб лічыць, што гэта будуць большыя сілы, чым дэкляруюць расейцы й беларусы», – дадаў Дворчык.

Як паведамлялася, у чацьвер увечары прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда сустрэнецца зь генэральным сакратаром НАТА Енсам Столтэнбэргам. Адной з галоўных тэм перамоў будуць менавіта вучэньні «Захад-2017».

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт