Logo Polskiego Radia
Print

«Я лічу, што беларускія спэцслужбы саўдзельнічалі ў выкраданьні Паўла»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 18.09.2017 21:40
  • «Я лічу, што беларускія спэцслужбы саўдзельнічалі ў выкраданьні Паўла».mp3
Вольга Грыб – сястра 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба, выкрадзенага ў Гомелі – лічыць, што беларускія сілавікі дапамаглі ФСБ.
Вольга ГрыбВольга ГрыбAliaksandr Papko/radyjo.net

Сям’я 19-гадовага ўкраінца Паўла Грыба, якога расейскія спэцслужбы выкралі ў Беларусі, перакананая, што арышт хлопца ня мог адбыцца без удзелу беларускіх сілавікоў. Як адбылося выкраданьне? Ці ведаў Павал, едучы ў Беларусь, што ім цікавіцца ФСБ? З якой мэтай расейскія спэцслужбы арыштавалі маладога ўкраінца? І, нарэшце, якую ролю ў гэтай гісторыі адыгралі беларускія спэцслужбы? На гэтыя тэмы Аляксандар Папко размаўляе з Вольгай Грыб – сястрой выкрадзенага Паўла Грыба.

Спадарыня Вольга, што цяпер адбываецца з Паўлам? Ці мае ён кантакт з сям’ёй, ці прапусьцілі да яго адваката й консула?

Вольга Грыб: Толькі 7 верасьня ўкраінскае консульства ў Растове на Доне атрымала паведамленьне, што Павал знаходзіцца ў СІЗА №5 горада Краснадара. І толькі 11 верасьня да яго дапусьцілі адваката. Аднак гэта не была працяглая сустрэча. Яна адбывалася ў прысутнасьці сьледчага. Сустрэча консулаў з Паўлам нарэшце была прызначаная на 18 верасьня. Такім чынам, мы можам сьцьвярджаць, што з 24 жніўня па 18 верасьня да Паўла не дапускалі нікога з украінскага боку. Больш за тое, у яго бяруць нейкія невядомыя нам аналізы. Я думаю, гэта робяць каб сфальсыфікаваць дыягназ, пастаўлены Паўлу. Расейскія сілавікі хочуць даказаць, што стан здароўя дазваляе яму знаходзіцца ў СІЗА.

Са шматлікіх публікацыяў у СМІ вядома, што ваш брат амаль год перапісваўся з дзяўчынай Тацьцянай з расейскага горада Адлера, і ў Гомель ён паехаў на рамантычнае спатканьне зь ёй. Як адбылося яго выкраданьне?

Вольга Грыб: Дзяўчына – грамадзянка Расейскай Фэдэрацыі. Яна павінна была прыехаць на сустрэчу разам са сваёй маці, паколькі, па яе словах, у яе няма замежнага пашпарту, а сама яна – непаўнагадовая. Сустрэцца зь ёй мой брат быў павінен паміж 17 і 19 гадзінай непадалёк ад чыгуначнага вакзалу Гомеля. Адвакат майго брата пасьля размовы зь ім паведаміў, што ў Гомелі Павал сапраўды сустрэўся з гэтай дзяўчынай, а празь некаторы час да яго падышлі некалькі людзей у штацкім, пасадзілі ў мікрааўтобус і вывезьлі за горад. У лесе яго перадалі іншай групе незнаёмых людзей, якія вывезьлі Паўла на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Недзе пад Смаленскам ён прасядзеў у зачыненым памяшканьні бяз вокнаў суткі альбо двое. Пасьля гэтага яго даставілі ў іншае месца, дзе заявілі, што на яго ў Расеі заведзеная крымінальная справа па абвінавачваньні ў тэрарызьме.

Як вы думаеце, выкраданьне вашага брата адбылося бязь ведама беларускіх спэцслужбаў, ці яны былі саўдзельнікамі?

Вольга Грыб: Я і мая сям’я маем падставы меркаваць, што так, гэта была спэцапэрацыя, падчас якой расейскія і беларускія спэцслужбы зьдзейсьнілі незаконнае затрыманьне грамадзяніна Ўкраіны.

На падставе чаго ў вас узьнікла такое меркаваньне?

Вольга Грыб: Калі мой брат 24 жніўня не вярнуўся дадому, мой бацька адправіўся яго шукаць. 25 жніўня, пасьля прыбыцьця ў Гомель, ён зьвярнуўся да супрацоўнікаў міліцыі. Яны пагадзіліся праверыць у сваёй базе, ці не знаходзіцца мой брат у вышуку. Яны запрасілі бацьку ў машыну, на пляншэце ўвялі ў праграму ініцыялы майго брата, і паведамілі, што яго вышуквае ФСБ Расеі. Яны дадалі, што крымінальная справа была ўзбуджаная адносна нядаўна. Тады мой бацька зразумеў, што Павал стаў ахвярай спэцапэрацыі.

Бацька накіраваўся ў памежны атрад Гомеля, каб даведацца, ці перасякаў брат беларускую мяжу. Яго пратрымалі каля дзьвюх гадзінаў. Да яго ніхто з афіцэрскага складу не выйшаў, адказаць яму адправілі прапаршчыка ці сяржанта, які паведаміў, што такі грамадзянін увогуле не перасякаў мяжы Рэспублікі Беларусь. Толькі перад сустрэчай міністра замежных справаў Украіны Паўла Клімкіна са сваім беларускім калегам Уладзімерам Макеем, беларускі бок даў афіцыйнае пацьверджаньне, што мой брат перасёк мяжу й ніякіх прэтэнзіяў да яго ў беларускага боку не было.

Калі чалавек знаходзіцца ў міжнародным вышуку, то гэты факт выяўляецца адразу, калі ён праходзіць пашпартны кантроль. Яго павінны зьняць з аўтобуса, дазволіць скантактавацца з роднымі й адвакатам, пасьля чаго яго павінны перадаць таму боку, які які ініцыюе гэты вышук. Але рабіць усё трэба згодна з прававымі працэдурамі. Беларускі бок цэлы тыдзень маўчаў наконт таго, ці перасякаў Павал мяжу. Мы можам прыйсьці да высновы, што праводзілася спэцапэрацыя. Беларускія памежнікі атрымалі загад прапусьціць Паўла празь мяжу, бо ў Гомелі яго ўжо «чакалі» пэўныя асобы.

Нядаўна Тацьцяна – дзяўчына, дзеля якой Павал адправіўся ў Гомель – дала інтэрвію Эўрапейскаму радыё для Беларусі. Яна заявіла, што расейскае ФСБ шантажавала яе й прымусіла выманіць хлопца на сустрэчу. Таксама Тацьцяна паведаміла, што Павал адправіўся ў Беларусь, ведаючы, што сустрэча адбываецца з ініцыятывы ФСБ. Ці ваш брат сапраўды ведаў, што ў Гомелі яго могуць «чакаць»?

Вольга Грыб: Я думаю, што адкрыта яна нічога не паведамляла. Хто б хацеў прыехаць на спатканьне, ведаючы, што яго выкрадуць і вывезуць у Расею? Думаю, мы маем дачыненьне з пэўным сцэнарам, які разыгрываюць расейскія спэцслужбы. Наколькі мне вядома, гэтая дзяўчына спачатку спрабавала выманіць Паўла на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі. Калі гэтыя спробы не завяршыліся посьпехам, думаю, была падрыхтаваная спэцапэрацыя ў Беларусі. Я мяркую, што расейскія спэцслужбы выкарыстоўваюць гэтую нібыта «Таню» як канал камунікацыі. Я думаю, у іх ёсьць пляны наконт таго, як разьвіваць гэтую гісторыю далей.

Чаму спэцслужбы абвінавацілі ў тэрарызьме й выкралі менавіта вашага брата – хлопца, якому толькі месяц таму споўнілася 19? Гэта помста за дзейнасьць вашага бацькі – вайсковага капэляна? Якую мэту перасьледуюць расейскія ўлады?

Вольга Грыб: Я не лічу, што гэта помста за дзейнасьць нашага бацькі. Мой бацька не прымаў удзелу ў Антытэрарыстычнай апэрацыі на Ўсходзе Ўкраіны. Я думаю, што мой брат стаў проста выгоднай ахвярай. Я лічу, што яго зрабілі закладнікам, і ня толькі яго. Яго сям’я цяпер вымушана таксама падпарадкоўвацца нейкаму незразумеламу сцэнару. Я думаю, што расейскія спэцслужбы робяць гэта з мэтай запалохаць украінскія масы. Маўляў, кожны, хто піша нешта супраць Крамля ў сацыяльных сетках, можа аказацца закладнікам ці патрапіць у турму. Ёсьць яшчэ вэрсія, што ўкраінцаў стараюцца запалохаць і паказаць, што ім ня варта езьдзіць у суседнія дзяржавы, якія знаходзяцца ў арбіце ўплываў Расейскай Фэдэрацыі. Расейскія ўлады хочуць паказаць, што яны нібыта ўсемагутныя і ўсе павінныя іх баяцца.

Размаўляў Аляксандар Папко

Сям’я выкрадзенага ў Беларусі Паўла Грыба абвесьціла збор грошай на аплату паслугаў адваката.Грошы можна пералічыць на рахунак, рэквізыты якога знаходзяцца па спасылцы.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт