Logo Polskiego Radia
Print

Са сьпісаў «дармаедаў» выкрасьляць каля 150 тыс. чалавек – экспэрт

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 20.09.2017 16:10
  • Са сьпісаў «дармаедаў» выкрасьляць каля 150 тыс. чалавек.mp3
«Указ № 337, які выводзіць з ценявой эканомікі тысячы цырульнікаў, будаўнікоў, IT-шнікаў, варта было падпісаць яшчэ 3 гады таму».
Фота: кадр зь відэа тэлеканалу "Белсат"Фота: кадр зь відэа тэлеканалу "Белсат"youtube.com/screen

Увага як беларускіх, так і сусьветных СМІ ў мінулыя 7 дзён была прыцягнутая да беларускіх палігонаў, дзе праходзяць маштабныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017». У гэты самы час беларускія ўлады прынялі шэраг рашэньняў, якія могуць як ударыць па кішэні звычайнага грамадзяніна, так і даць яму магчымасьць зарабіць. Ці мае «Захад-2017» схаваны сцэнар? Як адаб’юцца на грамадзкіх настроях рашэньні павысіць «камуналку» і вызваліць ад «дармаедзкага падатку» фрылянсэраў? На гэтыя тэмы ў сёньняшнім «Палітычным люстэрку» разважаюць Аляксандар Папко й аналітык EAST Center Андрэй Елісееў.

Схаваны наступальны сцэнар сапраўды ёсьць

У Беларусі й заходніх абласьцях Расеі праходзяць буйныя сумесныя вучэньні «Захад-2017». Паводле афіцыйнай інфармацыі, на шасьці беларускіх палігонах умоўную агрэсію заходніх краінаў адбіваюць каля 7,5 тысячаў беларускіх жаўнераў і тры тысячы расейскіх. Заходнія вайскоўцы заяўляюць, што ў вучэньнях прымае ўдзел значна большая колькасьць расейскіх жаўнераў і манэўры маюць «схаваны» наступальны сцэнар. Ці праўда гэта? Чаму Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін не наведалі такіх важных вучэньняў разам, а вырашылі назіраць за імі паасобку – кожны ў сваёй краіне?

Андрэй Елісееў: Вайсковыя экспэрты сапраўды кажуць і пра схаваны наступальны элемэнт, і пра тое, што мадэлюецца выкарыстаньне ядзернай зброі. Вучэньні Захад-2017 хіба што найбольш разнастайныя і шматфункцыянальныя за апошнія гады, таму ня дзіўна, што яны складаюцца з розных кампанэнтаў. Шукаць падводных камянёў у тым, што Пуцін з Лукашэнкам на гэты раз не праводзяць інспэкцыю вучэньняў разам, ня трэба. Пагатоў бягучыя вучэньні ладзяцца на вялізнай тэрыторыі ў абедзьвюх краінах, таму асобныя паездкі маюць сэнс. Сурʼёзныя пытаньні былі б, калі супольныя вучэньні вяліся ў адной краіне, а кіраўнікі не сабраліся разам.

«Павышэньне цэнаў – гэта не рэформа»

У першым паўгодзьдзі 2018 года насельніцтва Беларусі будзе цалкам аплачваць асноўныя жыльлёва-камунальныя паслугі, акрамя цеплазабесьпячэньня. Пра гэта 15 верасьня заявіў намесьнік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін. Паводле яго словаў, «з павышэньнем аплаты павінна павысіцца й якасьць паслугаў». Як адрэагуюць людзі на павышэньне «камуналкі»? Ці стануць камунальныя паслугі больш якаснымі? Ці зьявіцца канкурэнцыя, якая пакажа іх сапраўдныя кошты?

Андрэй Елісееў: Як адрэагуюць людзі на павышэньне «камуналкі» ў цяжкіх эканамічных умовах – вядома, незадаволенасьць вырасьце. Але ж якасьць паслугаў усурʼёз не пойдзе ўгору менавіта з-за павышэньня цэнаў. Так стане, калі на рынку прадстаўленьня камунальных паслугаў сапраўды зьявіцца канкурэнцыя, а манаполія дзяржаўных прадпрыемстваў сыдзе ў нябыт. Гэта, вядома, справа не аднаго года. Іншымі словамі, рэформа сыстэмы ЖКХ – гэта адно, а падвышэньне коштаў – іншае, і рэформай не зьяўляецца.

Фрылянсэры – больш не «дармаеды»

Беларускія ўлады пашыраюць магчымасьці займацца бізнэсам, не рэгіструючыся ў якасьці індывідуальнага прадпрымальніка. 19 верасьня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №337 «Аб рэгуляваньні дзейнасьці фізычных асобаў», прапанаваны міністрам па падатках і зборах Сяргеем Налівайкам. Цяпер, дзеля таго, каб рамантаваць кватэры, выпякаць тарты, займацца праграмаваньнем, дызайнам, працаваць цырульнікам, ня трэба праходзіць ніякіх бюракратычных працэдураў. Ці ўказ выведзе з ценявой эканомікі сотні тысяч фрылянсэраў, якіх цяпер залічаюць да «дармаедаў»? Ці падштурхне ён эканамічную актыўнасьць людзей?

Андрэй Елісееў: Рашэньне дазволіць такі дробны бізнэс без рэгістрацыі індывідуальным прадпрымальнікам, пры ўмове сплаты адзінага падатку, слушнае, але ж вельмі запозьненае. У Беларусі сурʼёзны эканамічны крызыс і пастаяннае падзеньне даходаў насельніцтва пачаліся з канца 2014-га года, а загад выпусьцілі толькі зараз. Чарговае сьведчаньне, што нават у цэнтралізаванай сыстэме кіраваньня, якая ёсьць у краіне, рашэньні – прынамсі па-за сфэрай унутранай бясьпекі – прымаюцца марудна. Выглядае, што частка людзей, якую зараз беспадстаўна залічаюць да так званых дармаедаў, сапраўды скарыстаецца такім паслабленьнем. Наўскід гаворка можа ісьці пра дзесьці 150 тысяч чалавек, якія прынамсі часова займаюцца такімі відамі дзейнасьці.

«Ніхто за Беларусь новыя рынкі заваёўваць ня будзе»

13 верасьня МАЗ і кітайская дзяржаўная кампанія Weichai заклалі першы камень у падмурак сумеснай фабрыкі па вытворчасьці рухавікоў. Першы матор беларуска-кітайскае прадпрыемства павінна выпусьціць у будучым годзе. Фабрыка стане рэзыдэнтам кітайска-беларускага індустрыяльнага парку й атрымае адпаведныя ільготы й прэфэрэнцыі. Беларусь і Кітай даўно ствараюць праекты ў машынабудаўнічай галіне, энэргетыцы, разьвіваюць вайсковае супрацоўніцтва. Ці дапаможа Пэкін Беларусі дывэрсыфікаваць рынкі збыту, і ці прынясе Кітай перадавыя тэхналёгіі?

Андрэй Елісееў: Сапраўды, хоць Кітай часам па старой звычцы залічаюць у разьвіваючыся краіны, сёньня сытуацыя такая, што тэхналёгіямі дзяліцца збольшага можа ён з намі, а не наадварот. З гледзішча тэхналёгіяў, апрача асобных сфэраў вайсковага супрацоўніцтва, у Беларусі Пэкін для сябе нічога цікавага не бачыць. Але ж спадзявацца на тое, што нехта іншы – Кітай, Расея ці Эўразьвяз – за нас знойдзе рынкі збыту, ніяк не выпадае. Гэта задача Беларусі будаваць бізнэс-пляны й ствараць новую запатрабаваную за мяжой прадукцыю, а для рэалізацыі гэтых плянаў можна шукаць кітайскія, расейскія альбо заходнія інвэстыцыі й тэхналёгіі.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт