Logo Polskiego Radia
Print

«Вёску могуць уратаваць фэрмэры, аграсядзібы й праграмісты»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 21.09.2017 13:59
  • Вёску могуць уратаваць фэрмэры, аграсядзібы й праграмісты.mp3
Спыніць імклівы адток насельніцтва зь беларускай вёскі старымі мэтадамі ўжо немагчыма – кажа дэмограф Юлія Петракова.
Юлія ПетраковаЮлія ПетраковаAliaksandr Papko/radyjo.net

Беларуская вёска імкліва губляе насельніцтва. Зь некаторых раёнаў паўднёва-ўсходняй Беларусі ў гарады выяжджае да 3% жыхароў у год. Спыніць гэты працэс амаль немагчыма – сьцьвярджае дасьледчыца Інстытуту эканомікі Нацыянальнай акадэміі Навук Беларусі Юлія Петракова. Свой даклад пра прычыны й наступствы міграцыі зь вёскі яна прадставіла на Міжнародным кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі, які нядаўна завяршыўся ў Варшаве. Беларускую вёску могуць адрадзіць не сяляне, якія працуюць у калгасах, а актыўныя гараджане, якія прыедуць у сельскую мясцовасьць пры пэўных умовах. Якія гэта ўмовы – Юлія Петракова расказала Аляксандру Папко.

Спадарыня Юлія, падчас кангрэсу вы прадставілі даклад пра міграцыю зь вёскі ў беларускія гарады. Якімі тэмпамі яна ідзе, і чаму яна стварае праблему?

Юлія Петракова: Штогод сельская мясцовасьць страчвае каля 1% ад свайго насельніцтва ў абмене з гарадзкой мясцовасьцю. Самая галоўная праблема для мяне як для дэмографа – гэта недахоп працаздольнага насельніцтва ў сельскай мясцовасьці, а таксама перакос у полава-ўзроставай структуры насельніцтва: перавага жанчынаў рэпрадуктыўнага ўзросту ў гарадзкой мясцовасьці пры адначасовым іх недахопе ў сельскай мясцовасьці. Гэта стварае праблемы для шлюбаў і нараджальнасьці, як у сельскай, так і ў гарадзкой мясцовасьці.

Вы казалі пра тое, што скарачаецца эканамічны патэнцыял сельскай мясцовасьці й аднавіць яго пры сёньняшніх тэмпах міграцыі ўжо немагчыма. Беларуская вёска, якая жыла сельскагаспадарчай працай, перайшла «мяжу невяртаньня», таму трэба прыдумваць новыя віды эканамічнай дзейнасьці. Якія віды прадпрыемстваў застануцца ў беларускай вёсцы? Ці Беларусь ня будзе выглядаць як сетка буйных гарадоў, спалучаных дарогамі, а паміж гэтымі гарадамі будзе буяць лес?

Юлія Петракова: Мне вельмі падабаецца, што разьвіваецца рэкрэацыйны турызм. Гэта спосаб, якім можна ня толькі падтрымаць вёску, але й аднавіць яе традыцыі. Па-другое, фэрмэрскія гаспадаркі. На маю думку, асноўную стаўку трэба рабіць менавіта на фэрмэрства й на моцных гаспадароў. Акрамя гэтага, ёсьць моцныя прыбытковыя калгасы. Трэба арыентавацца на іх, разьвіваць паселішчы вакол іх, а не падтрымліваць усе, часта непрыбытковыя, гаспадаркі.

Праблема скарачэньня эканамічнага патэнцыялу вёскі ў Гомельскай і Магілёўскай абласьцях існуе даўно, і яе, напэўна, ужо ня ўдасца вырашыць. Аднак у Берасьцейскай вобласьці, дзе доля вясковага насельніцтва традыцыйна вышэйшая, а вясковыя паселішчы – буйнейшыя, яшчэ можна арыентавацца на сельскую гаспадарку. Трэба дыверсыфікаваць эканамічную палітыку адносна вясковых рэгіёнаў на захадзе і ўсходзе Беларусі.

Пік
Пік міграцыі ў гарады назіраўся ў 2009-2011 гадах, калі з-за адмены 12-гадовага навучаньня сярэднія школы выпусьцілі ў 11 клясе ў два разы больш вучняў. Слайд з прэзэнтацыі экспэрта НАН Юліі Петраковай на VII Міжнародным кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі.


З вёскі ў горад пераяжджае вельмі акрэсьленая катэгорыя людзей. Як выглядае сацыяльны партрэт такога мігранта і чаму ён едзе ў горад?

Юлія Петракова: З вёскі ў горад едзе моладзь дзеля вучобы. Празь некалькі гадоў навучаньня яна вырашае застацца. Прычым калі некаторыя студэнты, якіх апытваюць на першых курсах, яшчэ маюць нейкія пляны вярнуцца ў вёску ці малы горад, то за 4-5 гадоў большасьць студэнтаў зьмяняе свае пляны. Яны вырашаюць альбо застацца ў горадзе, дзе вучыліся, альбо пераехаць у іншы горад, больш эканамічна выгадны, чым сельская мясцовасьць.

Мне хацелася б зьвярнуць увагу на катэгорыю грамадзянаў, які вяртаюцца ў вёску. Гэта мужчыны сярэдняга ўзросту, мужчыны ва ўзросьце ад 40 да 60 гадоў. Магчыма, у гэтую статыстычную катэгорыю трапляюць людзі, якія едуць, каб падтрымаць вёску й адчыніць там бізнэс, якія маюць на гэта адпаведныя сродкі й ідэі. Але сярод гэтай групы мужчынаў ёсьць грамадзяне, якія вядуць маргінальны лад жыцьця. Вясковыя жыхары часта могуць назіраць, як мужчыны сярэдніх гадоў вяртаюцца ў вёску да сваіх пажылых бацькоў і жывуць на іх утрыманьні.

Ва ўсім разьвітым сьвеце назіраецца іншая тэндэнцыя – пераезд людзей з гарадоў у вёскі. Зьвязаная яна з разьвіцьцём тэхналёгіяў, транспарту. Ці можна спадзявацца, што ў Беларусі людзі пачнуць выяжджаць у вёскі, «разгружаць гарады»? Ці патэнцыял такога віду міграцыі ў Беларусі вялікі?

Юлія Петракова: Абапіраючыся выключна на статыстычныя дадзеныя, мы можам канстатаваць у некаторых вясковых раёнах рост насельніцтва за кошт мігрантаў з гарадоў. Гэта мы бачым у ваколіцах Менска, Берасьця, асобных раённых цэнтраў. Аднак гэта ня столькі працэс субурбанізацыі, колькі перасяленьне гарадзкіх жыхароў у новабудовы вакол гарадоў, якія толькі фармальна належаць да сельскай мясцовасьці.

Патэнцыял для сталага перасяленьня актыўных людзей у сельскую мясцовасьць ёсьць. Мы вырашылі ствараць інавацыйную дзяржаву, разьвіваць інфармацыйныя тэхналёгіі. Мне падаецца, што працаўнікі Парку высокіх тэхналёгіяў здольныя жыць за межамі гораду. Іх праца не прывязаная да нейкага геаграфічнага месца, таму яны могуць пераехаць у сельскую мясцовасьць. Асобныя выпадкі, калі ў вёску пераяжджаюць людзі, якія працуюць у ПВТ ці на замежныя кампаніі, мы назіраем ужо сёньня. Я лічу, што такая міграцыя самая карысная для разьвіцьця сельскай мясцовасьці. Аднак такім маладым спэцыялістам патрэбная інфраструктура для выхаваньня дзяцей.

Найхутчэй
Найхутчэй губляюць вясковае насельніцтва раёны Гомельскай, Магілёўскай і Гарадзенскай абласьцей. Слайд з прэзэнтацыі экспэрта НАН Юліі Петраковай на VII Міжнародным кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі.


Зь некаторых вясковых раёнаў Беларусі ў гарады штогод пераяжджаюць да 3% жыхароў. Як спыніць такі драматычны адток насельніцтва? Што трэба рабіць, і ці мае сэнс нешта ўвогуле рабіць?

Юлія Петракова: Там, дзе з тэрыторыі раёну выяжджае больш за 3% жыхароў у год, казаць пра нейкую будучыню ўжо немагчыма. Гэты працэс ужо нельга павярнуць. Сёньня трэба вырашаць праблему малых гарадоў, якія таксама губляюць насельніцтва за кошт унутранай міграцыі. Каб спыніць адток насельніцтва, трэба арыентавацца на тое, што патрэбна сучаснаму грамадзяніну, сучаснаму гарадзкому жыхару. Перш за ўсё, трэба разьвіваць інфармацыйныя тэхналёгіі, інтэрнэт-паслугі. Трэба зрабіць так, каб у кожнай кропцы краіны чалавек мог купіць усе неабходныя рэчы празь інтэрнэт, каб у яго быў доступ да сацыяльных сетак, дзякуючы якім ён мог бы падтрымліваць сувязі з сябрамі.

А праца? Якія месцы працы трэба ствараць у сельскай мясцовасьці?

Юлія Петракова: Ня трэба абапірацца на працу ў сельскай мясцовасьці. Трэба абапірацца на працу, якая патрабуе аддаленага доступу. У нас і так даволі вялікая доля насельніцтва занятая ў сельскай гаспадарцы. У разьвітых краінах у сельгасвытворчасьці працуе 5%-6% насельніцтва. У Беларусі, калі я не памыляюся, каля 13%. Гэта шмат, і, па сутнасьці, столькі ня трэба. У сельскай мясцовасьці трэба разьвіваць сфэру паслугаў, а не спадзявацца, што ўсе будуць працаваць у сельскай гаспадарцы.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт