Logo Polskiego Radia
Print

«Успрымаць сябе беларусам можна па-рознаму»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 28.09.2017 17:37
  • «Успрымаць сябе беларусам можна па-рознаму».mp3
Нацыянальная сьвядомасьць беларусаў расьце, аднак праяўляецца не зусім у тых формах, якіх многія чакалі – культуроляг Вадзім Мажэйка.
Вадзім МажэйкаВадзім МажэйкаAliaksandr Papko/radyjo.net

Нацыянальная сьвядомасьць беларусаў узмацняецца, аднак праяўляецца гэта не зусім у тых формах, якіх многія чакалі. «Мы пачынаем усьведамляць, што розныя групы па-рознаму разумеюць беларускасьць, і нацыянальную культуру трэба зрабіць тым падмуркам, які бы аб’ядноўваў усіх», – заявіў экспэрт Лібэральнага клюбу Вадзім Мажэйка, выступаючы на VII Міжнародным кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі. Што такое «мяккая беларусізацыя», хто яе праводзіць і чаму яе нельга спыніць? Пра гэта Вадзім Мажэйка распавядае Аляксандру Папко.

Спадар Вадзім, які сэнс вы ўкладаеце ў тэрмін «мяккая беларусізацыя»? Чаму яна «мяккая» і хто яе праводзіць?

Вадзім Мажэйка: Тэрмін «мяккая беларусізацыя» грунтуецца на паняцьці «мяккай сілы», якое ўвёў гарвардзкі прафэсар Джозэф Най. Най апісваў «мяккую сілу» як інструмэнт палітычнага ўплыву, які грунтуецца не на прымусе а на добраахвотным прыцягненьні, удзеле ў прывабных ініцыятывах, праектах і ідэях. «Мяккая беларусізацыя» – гэта максымальна добраахвотнае пашырэньне ўплыву беларускай мовы, цікавасьці да беларускай культуры і гісторыі. Гэта ў першую чаргу грамадзкая ініцыятыва, якая прасоўвалася арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці, такімі як «Будзьма беларусамі!», «Арт Сядзіба». Потым гэты трэнд быў падхоплены бізнэсам. Дзяржава была ў гэтым працэсе на трэціх ролях. Яна зразумела, што трэба неяк ураўнаважыць уплыў расейскай «мяккай сілы» у выглядзе канцэпту «русского мира» і супрацьпаставіць яму такую ж «мяккую сілу», але беларускую.

Якія дасягненьні мяккай беларусізацыі можна пералічыць а апошнія 4 гады?

Вадзім Мажэйка: Беларускасьць перастала ўспрымацца як маргінальная палітызаваная зьява. Калі 4-5 гадоў таму ты сустракаў на вуліцы беларускамоўнага чалавека ў адзеньні зь беларускім арнамэнтам, то хутчэй за ўсё гэта быў твой знаёмы з апазыцыйных арганізацыяў. Сёньня чалавек, які размаўляе па-беларуску, апрануты ў адзеньне з нацыянальнай сымболікай, цікавіцца беларускай гісторыяй – гэта чалавек з абсалютна любымі палітычнымі поглядамі, не абавязкова грамадзкі актывіст. Гэта можа быць прадпрымальнік ці проста малады чалавек, які цікавіцца тым, што сёньня модна й крута, і такім чынам далучаецца да беларушчыны. На мой погляд, асноўнае дасягненьне – гэта тое, што беларуская культуры выйшла з элітарнага гета й пайшла ў масы. Вядома, калі нешта элітарнае становіцца масавым, заўсёды адбываецца нейкае спрашчэньне. Мільёны людзей ня будуць размаўляць па-беларуску так добра, як Вінцук Вячорка. Так жа традыцыйная ільняная вышываная кашуля спрашчаецца да «вышымайкі» – гэта нармальная зьява для сучаснай масавай культуры.

Назавіце пяць галоўных прамоўтэраў беларусізацыі, пяць галоўных «брэндаў» беларускасьці.

Вадзім Мажэйка: Я б у першую чаргу адзначыў грамадзкую кампанію «Будзьма беларусамі!», адзначыў бы «Арт Сядзібу». З бізнэсу я б адзначыў праект symbal.by, як праект «Арт Сядзібы», які сышоў у камэрцыйную сфэру. Шмат для разьвіцьцья беларускай культуры зрабілі такія кампаніі, як Аліварыя», Velcom. Вельмі цікавы прыклад «Лідзкага піва». Спачатку гэтая кампанія зусім не была прыхільнікам беларускасьці, аднак пазьней, рэагуючы на ціск грамадзтва й на попыт, выпусьціла адмысловае піва да 100-годзьдзя ўтварэньня БНР. Я б яшчэ назваў дзяржаву. Хоць яна робіць ня так шмат, ня так добра, робіць супярэчліва. Розныя прадстаўнікі дзяржворганаў робяць шмат чаго супраць беларусізацыі, але тое, што робіць дзяржава, важнае для гэтага працэсу.

Ці не баіцеся вы, што дзяржава, як і ў 30-я гады, можа згарнуць беларусізацыю і пачаць перасьлед беларускай культуры й мовы, спыніць працэс, які мы назіраем сёньня?

Вадзім Мажэйка: Праблема беларусізацыі 20-х заключаецца ў тым, што яна ў вялікай ступені праводзілася зьверху, рабілася мэтадамі, прывычнымі для Камуністычнай партыі. Менавіта таму яе было лёгка зьверху спыніць. Сёньня працэс беларусізацыі ідзе зьнізу, сыходзіць ад грамадзкіх арганізацыяў. Таму я ўпэўнены, што калі б нават дзяржава адмовілася ад падтрымкі беларусізацыі, гэты працэс бы не спыніўся. Не дзяржава адыгрывае ў ім асноўную ролю. Без дзяржавы беларусізацыя выжыве. Беларусізацыя 20-х была спыненая масавымі рэпрэсіямі 30-х, расстрэламі тысячаў людзей, якія адыгрывалі значную ролю ў культурным, навуковым, грамадзкім жыцьці. Дзякуй богу, цяпер сёньня сотнямі расстрэльваць інтэлігентаў ужо немагчыма. Таму спыніць беларусізацыю ўжо ня ўдасца.

Чаго шукае ў беларускай культуры тая частка грамадзтва, якая пачынае насіць вопратку з нацыянальным арнамэнтам і гербам «Пагоня»? Наколькі шырокае кола такіх людзей?

Вадзім Мажэйка: Па палітычных прычынах пытаньні мовы й нацыянальнай ідэнтычнасьці ў Беларусі доўгі час былі выціснутыя на маргінэс, палітызаваныя і недасяжныя для значнай часткі грамадзтва, якое не жадала пазначаць сябе як палітычную апазыцыю. Аднак цікаўнасьць да сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці, сваёй культур й гісторыі – абсалютна натуральная рэч для любога чалавека. Таму ня дзіва, што пасьля таго, як адчыніліся магчымасьці для культурнай ідэнтыфікацыі, беларусы вельмі добра адрэагавалі. Безумоўна, у грамадзтве ёсьць і тыя людзі, якім беларушчына не даспадобы, сьвядомыя прыхільнікі «русского мира», але іх ініцыятывы ня маюць сёньня й кроплі таго ўплыву, які маюць прыхільнікі беларусізацыі.

Пры гэтым беларускасьць бывае рознай. Магу прыгадаць, як на травеньскія сьвяты сустракаў людзей, якія хадзілі з дзьвюмя стужкамі – георгіеўскай і стужкай зь беларускім нацыянальным арнамэнтам. Гэтыя людзі таксама беларусізуюцца. У іх сьвядомасьці нешта адбываецца. Беларусізацыя бывае рознай. Вялікае пытаньне да ўдзельнікаў нацыянальнага будаўніцтва – як з дапамогай беларусізацыі ўмацаваць беларускае грамадзтва, а не падзяліць яго. Трэба ўмацоўваць беларускае грамадзтва, беларускую незалежнасьць і знайсьці ў беларускай культуры нешта агульнае й важнае для супольнай будучыні.

Падчас дыскусіі прафэсар Андрэй Вардамацкі казаў, што беларусізацыя ня бачная ў сацыялягічных лічбах. Наадварот, назіраецца працэс рэсаветызацыі, дзякуючы татальнаму ўплыву расейскіх СМІ. Як беларусізацыя ўжываецца з рэсаветызацыяй, і які з гэтых трэндаў мацнейшы?

Вадзім Мажэйка: Пытаньне ў тым, які сэнс мы ўкладаем у тэрмін «беларусізацыя» й як мы яе вымяраем. За таго, што большасьць беларусаў у выбары паміж уступленьнем у Эўразьвяз і ў саюз з Расеяй аддаюць перавагу Расеі, не вынікае, што яны не адчуваюць сябе беларусамі. Калі запытацца людзей: «Кім вы сябе больш адчуваеце: беларусам ці расейцам?», то з такога апытаньня можна будзе зрабіць выснову, што беларуская ідэнтыфікацыя ўзмацняецца. Можна таксама запытацца: «Як часта вы чуеце беларускую мову сёньня, а як часта чулі 5 гадоў таму? Ці шмат у вас сяброў, якія цікавяцца беларускай гісторыяй? Ці ёсьць у вас адзеньне зь беларускім арнамэнтам?» Пры адказах на гэтыя пытаньні мы ўбачылі б значныя зрухі ў бок беларускасьці.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт