Logo Polskiego Radia
Print

Вітальд Вашчыкоўскі абяцае «адкарэктаваць» адносіны з Кіевам

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.11.2017 11:59
Міністар замежных справаў паабяцаў «прыняць адэкватныя меры», калі Кіеў не дапусьціць польскіх археолягаў на месцы масавых пахаваньняў.
Міністар замежных справаў Польшчы Вітальд ВашчыкоўскіМіністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскіфота: МЗС Польшчы

Міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі абяцае «адкарэктаваць» адносіны з Кіевам, калі Ўкраіна ня зьменіць сваёй гістарычнай палітыкі. У інтэрвію для тэлеканала TVP1 Вітальд Вашчыкоўскі паведаміў, што ў бліжэйшы час адправіцца з працоўным візытам у Львоў, дзе будзе размаўляць на тэму польска-ўкраінскіх адносінаў.

Незадаваоленасьць міністра выклікае гераізацыя Ўкраінскай паўстанцкай арміі – партызанцакага руху часоў Другой сусьветнай вайны. На думку Вітальда Вашчыкоўскага, УПА нельга параўноўваць з партызанамі польскай Арміі Краёвай. «Нават калі ў гісторыі Арміі Краёвай мы можам знайсьці нейкія інцыдэнты, ніколі не знойдзем такіх масавых забойстваў, якія зьдзейсьніла ЎПА ў Валыні», – падкрэсьліў міністар замежных справаў.

Вітальд Вашчыкоўскі заявіў, што калі Ўкраіна не дапусьціць на сваю тэрыторыю дасьледчыкаў, якія да нядаўняга займаліся эксгумацыяй пахаваньняў загінулых палякаў, то Польшча забароніць уяжджаць на сваю тэрыторыю «асобам, якія прадстаўляюць крайне антыпольскія погляды» і перашкаджаюць працы археолягаў.

Міністар замежных справаў Польшчы нагадаў, што Варшава нядаўна адмовілася ад ідэі надрукаваць на старонках польскага пашпарту выяву Могілак Арлятаў – мэмарыялу палякам, якія загінулі ў баях за Львоў у 1918 годзе. «Кроку ў адказ у выглядзе допуску польскіх рэстаўратараў на гэтыя могілкі мы не дачакаліся», – паведаміў міністар. Па словах Вітальда Вашчыкоўскага, ён «задумаецца над тым, ці рэкамэндаваць прэзыдэнту Польшчы ехаць у бліжэйшы час ва Ўкраіну».

Прыгадаем, Украіна забараніла працы польскіх археолягаў на сваёй тэрыторыі ў чэрвені гэтага году. Адбылося гэта пасьля таго, як актывісты нацыяналістычнай арганізацыі Ruch Narodowy разабралі помнік з надпісам «Героям УПА, якія змагаліся за вольную Ўкраіну», які больш за 20 гадоў стаяў на могілках у вёсцы Грушавіцы на польска-ўкраінскім памежжы.

TVP/IAR/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт