Logo Polskiego Radia
Print

99 гадоў таму пачалася польска-ўкраінская вайна

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 03.11.2017 07:11
  • гісторыя.mp3
Палякі і ўкраінцы на руінах імпэрый вырашылі будаваць свае дзяржавы, але не падзялілі Львова й Галіцыі.
Польская Галоўная камэндатура абароны Львова, 1918 годПольская Галоўная камэндатура абароны Львова, 1918 годPublic Domain CC0

Сёньня ў гістарычнай рубрыцы распавядзем пра ўзброены канфлікт, якому неўзабаве споўніцца 100 гадоў і які мала вядомы шырэйшаму колу людзей. Канфлікт працягваўся восем месяцаў паміж Польшчай, якая адраджалася, і Ўкраінай, якая імкнулася стаць незалежнай дзяржавай.

Украінска-польская вайна пачалася ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада 1918 году.

Калі Першая сусьветная вайна набліжалася да канца, многія народы з тэрыторый імпэрый вырашылі выкарыстаць момант і ўзяць у свае рукі пытаньне нацыянальнага самавызначэньня. Так было зь беларусамі, прыбалтамі, палякамі, украінцамі й іншымі нацыямі.

Здаралася, што тыя ці іншыя народы не маглі падзяліць тэрыторыю альбо горад. Так было са Львовам, які хацелі мець і палякі, і ўкраінцы. Баі за яго пачаліся ноччу з 31 кастрычніка на 1 лістапада 1918 году - кажа гісторык, прафэсар Рафал Хабельскі.

Рафал Хабельскі: На працягу некалькіх дзён украінскія атрады занялі горад. Гэта была добра падрыхтаваная вайскоая апэрацыя. Украінскі бок успрымаў заняцьце Львова як пачатак заняцьця цэлай заходняй Галіцыі, і шырэй – як пачатак абвяшчэньня ўкраінскай дзяржавы. Дарэчы, у сярэдзіне кастрычніка была абвешчаная Заходне-Ўкраінская Народная Рэспубліка. Абвяшчэньне Заходняй Украіны як самастойнай дзяржавы было крокам выключна тэарэтычным, бо, нагадаем, працягвалася Першая сусьветная вайна (праўда, неўзабаве яна закончыцца), а ў Львове кіравалі улады Аўстра-Вугоршчыны.

Баі за Львоў працягваліся тры тыдні. Першапачаткова ўкраінцы мелі перавагу, бо польскі бок не спадзяваўся такога ходу падзей ані з пункту гледжаньня мілітарнага, ані палітычнага. Нагадаем, у тыя часы Польшча як дзяржава яшчэ не існавала.

Акцыя ўкраінцаў, якая пачалася ноччу з 31 кастрычніка на 1 лістапада 1918 году, для палякаў і насельніцтва Львова ў цэлым стала нечаканасьцю. Тады Польшча ня мела ані якіх мілітарных сіл, не было палітычнай сілы, і таму арганізоўвацца пачалі самі людзі, перш за ўсё моладзь Львова, у асноўным з сярэдніх школ. Цягам першага тыдня канфлікту ў польскія шэрагі ўступіла каля 1 тыс. маладых людзей, якіх пазьней пачалі называць Львоўскімі Арлянятамі.

І так, баі за Львоў працягваліся тры тыдні. Першапачаткова палякі праігрывалі, аднак з часам шалі перамогі пачалі перахіляцца на польскі бок - у вялікай ступені, як казаў прафэсар Хабельскі, дзякуючы польскай моладзі Львова.

22 лістапада 1918 году ўкраінскія атрады былі выбітыя з гораду й сытуацыя з польскага пункту гледжаньня нармалізавалася. Тады, 22 лістапада, тэарэтычна польская дзяржава існавала ўсяго 11 дзён – нагадаем, Польшча абвясьціла незалежнасьць 11 лістапада 1918 году.

Пасьля кароткага перамір’я, якое працягвалася па патрабаваньню дзяржаў Антанты, ваенныя дзеяньні зноў пачаліся вясной 1919 году. Польскае наступленьне пачалося 15 мая. У выніку яго ўкраінцы былі адкінутыя з Заходняй Украіны на тэрыторыю Ўкраінскай Народнай Рэспублікі.
У лістападзе 1919 году краіны Антанты прызналі Польшчы права на ўсходнюю Галіцыю.

Польска-ўкраінская вайна працягвалася восем месяцаў і паглынула жыцьці 15 тыс. украінцаў і 10 тыс. палякаў.

Валеры Саўко

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт