Logo Polskiego Radia
Print

Прэзыдэнт Польшчы: адмаўленьне Кіевам гістарычных фактаў непрымальнае

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 10.11.2017 12:52
Анджэй Дуда раскрытыкаваў адмову Кіева дапускаць польскіх археолягаў да раскопак на ўкраінскай тэрыторыі.
фотa: www.polskieradio.pl

Мы ня можам прыняць таго, што некаторыя прадстаўнікі ўладаў Украіны адмаўляюць гістарычныя факты – заявіў Анджэй Дуда раніцай у пятніцу ў інтэрвію каталіцкім радыёстанцыям.

Анджэй Дуда адказаў на пытаньне вядучага, як ён ацэньвае адмову Кіева дапусьціць польскіх архэолягаў да правядзеньня раскопак масавых пахаваньняў палякаў ва Ўкраіне.

«Я вельмі нэгатыўна ацэньваюць такія дзеяньні, мяне гэта вельмі непакоіць. Мяне таксама непакоіць, што высокапастаўленыя ўкраінскія чыноўнікі дазваляюць сабе выказваньні, якія непрымальныя ў добрасуседзкіх адносінах», – адказаў прэзыдэнт Польшчы.

Анджэй Дуда зазначыў, што «праўда ў адносінах паміж народамі мае фундамэнтальнае значэньне». «З тым, што гэтую праўду вельмі часта адмаўляюць украінскія грамадзяне і, на жаль, некаторыя прадстаўнікі ўкраінскіх уладаў, мы як палякі пагадзіцца ня можам», – падкрэсьліў прэзыдэнт.

Пры гэтым Анджэй Дуда зазначыў, што хацеў бы, каб польска-ўкраінскія адносіны былі як найлепшымі.

Прыгадаем, Украіна забараніла працы польскіх археолягаў на сваёй тэрыторыі ў чэрвені гэтага году. Адбылося гэта пасьля таго, як актывісты нацыяналістычнай арганізацыі Ruch Narodowy дэмантавалі помнік партызанам Украінскай паўстанцкай арміі ў вёсцы Грушавіцы на польска-ўкраінскім памежжы. Умовай аднаўленьня працаў Кіеў называе адбудову помніка. Варшава лічыць гэта непрымальным. УПА ў Польшчы лічыцца злачыннай арганізацыяй, адказнай за этнічную чыстку палякаў у гады Другой сусьветнай вайны.

PAP/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт