Logo Polskiego Radia
Print

Вядомы эканаміст: Я б ужо не называў Украіну алігархіяй

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 10.11.2017 14:41
  • Я б ужо не называў Украіну алігархіяй.mp3
Украіне трэба правесьці вялікую працу па барацьбе з карупцыяй, але надзея ёсьць – заявіў экспэрт Atlantic Council Андэрс Ослунд.
Андэрс ОслундАндэрс ОслундAliaksandr Papko/radyjo.net

Для таго, каб эканоміка пачала расьці, Украіне жыцьцёва неабходныя некарумпаваныя суды, пракуратура й праваахоўныя ворганы. Пра гэта ў Варшаве заявіў вядомы швэдзкі эканаміст, былы дарадчык прэзыдэнтаў Украіны, Расеі й Кыргызстану Андэрс Ослунд (Anders Åslund). На сустрэчы, арганізаванай дасьледчым цэнтрам CASE, прафэсар Ослунд падкрэсьліў, што алігархі ўжо не аказваюць рашучага ўплыву на ўкраінскую палітыку. Аднак Кіеву трэба прыкласьці шмат намаганьняў, каб перамагчы карупцыю й стварыць прававую дзяржаву. Якія перамогі й паразы ў барацьбе з карупцыяй адбыліся ва Ўкраіне за апошнія гады? Пра гэта вядомы экспэрт па рэформах ва Ўсходняй Эўропе расказвае Аляксандру Папко.

Спадар прафэсар, якія посьпехі й правалы адбыліся ва Ўкраіне ў галіне барацьбы з карупцыяй у апошнія гады? Пачнем з посьпехаў. Што вы лічыце найважнейшым?

Андэрс Ослунд: Я б асабліва падкрэсьліў дзьве рэчы. Па-першае, даходы ўкраінскіх чыноўнікаў і дэпутатаў сталі нашмат больш празрыстымі. Пачынаючы з кастрычніка мінулага году, каля 100 тысячаў дзяржаўных функцыянэраў апублікавалі ў інтэрнэце дэклярацыі аб маёмасьці. Другім значным дасягненьнем зьяўляецца стварэньне ў 2015 годзе Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро Ўкраіны. Гэта незалежная праваахоўная структура, якая не вагаецца праводзіць расьсьледаваньні супраць высокапастаўленых чыноўнікаў.

А калі казаць пра паразы? Падчас прэзэнтацыі вы падкрэсьлівалі, што судовая рэформа, як і рэформа паліцыі не была завершаная, што посьпеху не прынесла рэформа генэральнай пракуратуры. Што вы лічыце найбольш значным правалам у барацьбе з карупцыяй?

Андэрс Ослунд: Самай вялікай няўдачай я лічу тое, як працуюць Генэральная пракуратура й Служба бясьпекі Ўкраіны. Я перакананы, што Ўкраіне патрэбныя значна меншыя па колькасьці сілавыя структуры. Служыць у іх павінны новыя людзі. Жыцьцёва неабходна, каб кіраўнікоў гэтых установаў таксама прызначалі новыя, не залежныя ад зьнешніх уплываў дзяржслужбоўцы й дэпутаты.

/


У сьвеце і ў самой Украіне шырока пашыранае меркаваньне, што Ўкраіна зьяўляецца алігархічнай дзяржавай. Часта публікуюцца рэйтынгі ключавых бізнэсмэнаў, якія аказваюць уплыў на палітычнае жыцьцё. Па тое, што Ўкраінай кіруюць алігархі, заяўляюць самі ўкраінскі палітыкі. Вы ў сваім выступе заявілі, што Украіна – нашмат больш нармальная дзяржава, чым прынята думаць. Дык Украіна застаецца алігархіяй ці не?

Андэрс Ослунд: Гэта залежыць ад таго, які сэнс вы ўкладаеце ў паняцьце «алігархія». Я лічу, што гэта сытуацыя, калі краінай кіруе ўсяго некалькі людзей і яны трымаюць уладу толькі таму, што зьяўляюцца вельмі багатымі. У выпадку Ўкраіны мы хутчэй маем дзяржаўных чыноўнікаў і палітыкаў, якія выкарыстоўваюць дзяржаўную ўладу дзеля ўласнай карысьці. Сапраўдныя паразыты на целе ўкраінскай дзяржавы сёньня засядаюць у парлямэнце. А сярод украінскіх парлямэнтароў найбагацейшых бізнэсмэнаў ужо няма.

Але калі мы ацэнім багацьце і ўплывы буйных украінскіх бізнэсмэнаў, якія раней займаліся гандлем газам, мэталам, вугалем – ці зможам канстатаваць, што нешта зьмянілася за апошні гады? Ці такія людзі, як Рынат Ахметаў, Дзьмітры Фірташ, Віктар Пінчук, Ігар Каламойскі маюць такі ж уплыў на палітыку, які яны мелі раней?

Андэрс Ослунд: Яны па-ранейшаму ўплывовыя, але іх значэньне моцна зьменшылася за апошнія некалькі гадоў. Таксама мы можам канстатаваць, што памер іх актываў унутры Ўкраіны моцна скараціўся. Аднак трэба памятаць, што ўкраінскія бізнэсмэны і чыноўнікі маюць велізарныя актывы за мяжой. І гэтая ўласнасьць зазвычай не бярэцца пад увагу ў рэйтынгах багацьця, якія, напрыклад, складае часопіс Forbes. Так што шмат украінцаў намнога багацейшыя, чым мы думаем.

Андэрс
Андэрс Ослунд і кіраўнік рады дасьледчага цэнтру CASE Эва Бальцэровіч


А як выглядае сытуацыя са штодзённай карупцыяй – хабарніцтвам? Навукоўцы перакананыя, што хабарніцтва ўзьнікае там, дзе дзяржаўныя ўстановы занадта бедныя, слаба кіраваныя, няздольныя выконваць свае функцыі. Ці нешта зьмяняецца? Ці ахова здароўя, армія, паліцыя становяцца больш спраўнымі?

Андэрс Ослунд: Я бы хацеў падкрэсьліць адну вельмі важную рэч: ва Ўкраіне зьявілася вельмі моцная грамадзянская супольнасьць. Грамадзкія актывісты стараюцца палепшыць дзейнасьць сыстэмы аховы здароўя, арміі, адукацыі – літаральна кожнай сфэры. Калі зьяўляюцца валянцёры, карупцыя зьмяншаецца. Зь іншага боку, у ранейшыя гады ўсе дзяржаўныя службы былі вельмі моцна карумпаваныя. Цяпер ва Ўкраіне мы назіраем дзіўную сумесь карупцыйных паводзінаў і вельмі ідэалістычных філянтропскіх паводзінаў. І матывацыі гэтых розных груп і розных людзей сутыкаюцца. Цяпер па ўсёй краіне мы назіраем пратэсты невялікіх груп грамадзянаў супраць таго ці іншага карумпаванага чыноўніка. Аднак як далей будзе разьвівацца сытуацыя – сёньня сказаць цяжка.

Як выглядае сытуацыя малых і сярэдніх фірмаў? Ці цяпер, пасьля ўсіх драматычных падзеяў, якія перажыла Ўкраіна – рэвалюцыі, ваеннага канфлікту, эканамічнага крызысу – ёсьць нейкая надзея?

Андэрс Ослунд: Надзея ёсьць. Сытуацыя малых прадпрыемстваў выглядае па-рознаму ў розных рэгіёнах. У Віньніцы ці Львове мясцовыя ўлады скасавалі шмат бессэнсоўных нормаў і патрабаваньняў, якія перашкаджалі разьвіцьцю прадпрымальніцтва. Аднак у іншых частках краіны сытуацыя па-ранейшаму застаецца складанай.

Калі ўкраінская эканоміка адштурхнецца ад дна? Сёньня эканамічны рост у гэтай краіне знаходзіцца на ўзроўні 2%-3%, што мала для хуткага аднаўленьня такой вялікай краіны. Калі пачнецца значны эканамічны рост?

Андэрс Ослунд: Эканоміка пачне разьвівацца тады, калі ў грамадзянаў будзе цьвёрдае пачуцьцё, што іх уласнасьць надзейна абароненая, што законы працуюць. Тады яны захочуць інвэставаць у сваю ўласную краіну. Аднак, на жаль, мы яшчэ такога моманту не дасягнулі.

/


Напрыканцы хацеў бы запытацца: як Дамова аб асацыяцыі Ўкраіны з Эўрапейскім зьвязам, якая ў гэтым годзе поўнасьцю ўступіла ў сілу, можа зьмяніць сытуацыю з абаронай правоў уласнасьці ва Ўкраіне?

Андэрс Ослунд: Дамова аб асацыяцыі, у двух словах – гэта пагадненьне аб вольным гандлі, сумешчанае з праграмай рэформ. Яна можа адыграць значную пазытыўную ролю ў пераменах ва Ўкраіне. Менавіта таму Эўрапейскі зьвяз павінен уважліва сачыць за яе выкананьнем.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт