Logo Polskiego Radia
Print

Украіна расчараваная пазыцыяй Беларусі па Крыме

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 17.11.2017 09:26
«Мы чакалі, што пазыцыя Беларусі па рэзалюцыі аб сытуацыі з правамі чалавека ў Крыме будзе зьмяняцца».
pixabay.com/Public Domain CC0

«Мы чакалі, што пазыцыя Беларусі па рэзалюцыі аб сытуацыі з правамі чалавека ў Крыме будзе зьмяняцца», - заявіў амбасадар Украіны Ігар Кізіма.

Трэці камітэт Генасамблеі ААН па сацыяльных, гуманітарных і культурных пытаньнях 14 лістапада прыняў абноўлены праект рэзалюцыі па сытуацыі з правамі чалавека ў Крыме. У рэзалюцыі фіксуецца, што паміж Расеяй і Ўкраінай ідзе «міжнародны ўзброены канфлікт». Расея ў рэзалюцыі называецца «дзяржавай-акупантам».

Дакумэнт быў унесены па ініцыятыве прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, яго суаўтарамі сталі 42 дзяржавы. За прыняцьце рэзалюцыі выказалася 71 краіна, 25 былі супраць, 77 - устрымаліся.

«Мы разумеем, што Беларусь мае сваю пазыцыю, першапачаткова выкладзеную, з нагоды краінавага прынцыпу рэзалюцыі. Хоць гэты прынцып не зусім апраўданы ў выпадку з сытуацыяй з правамі чалавека ў Крыме», - сказаў, камэнтуючы БелаПАН вынікі галасаваньня ў ААН па гэтай рэзалюцыі, Ігар Кізім.

Ён нагадаў, што ў мінулым годзе, калі Беларусь таксама галасавала супраць падобнай рэзалюцыі, то тлумачыла гэта тымі ж прычынамі.

«Так як гэтая пазыцыя не зьмянілася, адпаведна, адносіны ўкраінскага боку да такой пазыцыі таксама не памяняліся, - сказаў пасол. - Думаю, што мы павінны працягваць працаваць і будзем пераконваць беларускі бок і іншыя краіны, якія галасавалі супраць гэтай рэзалюцыі, што краінавы прынцып зусім не падыходзіць да гэтай сытуацыі».

Генэральная асамблея ААН будзе галасаваць па дадзенай рэзалюцыі ў сьнежні.

naviny.by/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт