Logo Polskiego Radia
Print

«Магчымасьці паразмаўляць з Мэркель не прадставіцца, а Крэмль пакрыўдзіцца»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 21.11.2017 19:38
  • Магчымасьці паразмаўляць з Мэркель не прадставіцца, а Крэмль пакрыўдзіцца.mp3
Экспэрты тлумачаць чаму Аляксандар Лукашэнка не паедзе на саміт Усходняга партнэрства.
 commons.wikimedia.org/UTR NEWS/CC BY-SA 3.0

Аляксандар Лукашэнка не паедзе на саміт усходняга партнэрства, які пройдзе ў Брусэлі 24 лістапада. Беларускую дэлегацыю традыцыйна ўзначаліць Уладзімер Макей. Чаму кіраўнік Беларусі вырашыў не ехаць у сталіцу Эўрапейскага зьвязу, нягледзячы на неаднаразовыя запрашэньні? Адказ на гэтае пытаньне даюць беларускія палітолягі.

Запрашэньне да ўдзелу ў саміце Ўсходняга партнэрства Эўрапейскі зьвяз выслаў Аляксандру Лукашэнку 10 кастрычніка. Пытаньне, ці Аляксандар Лукашэнка ўпершыню пасьля зьняцьця эўрапейскіх санкцыяў паедзе на сустрэчу ў Брусэль, альбо традыцыйна адправіць міністра замежных справаў Уладзімера Макея, было адным з самых інтрыгуючых для замежнай публікі. Наведаць саміт Лукашэнку запрашаў нават міністар замежных справаў Нямеччыны Зігмар Габрыэль. І вось 21 лістапада інтрыга разьвеялася: Лукашэнка на саміт не паедзе. Як заявіла афіцыйнае інфармагенцтва БЕЛТА, беларускую дэлегацыю ў сталіцы Эўразьвязу ўзначаліць Уладзімер Макей.

Чаму кіраўнік Беларусі не скарыстаўся магчымасьцю зьявіцца на эўрапейскіх салёнах? Паехаўшы ў Брусэль, ён мог бы прадэманстраваць свой выхад з палітычнай ізаляцыі й падкрэсьліць сваю вагу на міжнароднай арэне.

Мінусы ад паездкі ў Брусэль перавышалі б плюсы – мяркуе аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў. Ніякіх важных дакумэнтаў на саміце прымаць ня будуць, кулюарных сустрэчаў з ключавымі эўрапейскімі палітыкамі, кшталту Ангелы Мэркель, не прадугледжана, а фота Лукашэнкі ў атачэньні заходніх лідараў можа раззлаваць Маскву.

Дзяніс Мельянцоў: Цяпер вядуцца перамовы аб падпісаньні «Прыярытэтаў партнэрства» паміж Беларусьсю й Эўрапейскім зьвязам. Аднак гэта хутчэй тэхнічны дакумэнт, які вызначае абсяг тэмаў, у якіх Беларусь і Эўразьвяз могуць супрацоўнічаць і якія ЭЗ можа прафінансаваць. Гэта ўзровень міністра замежных справаў. Кіраўнік дзяржавы для гэтага не патрэбны. Вартасьць гэтага саміту магла б вымярацца нефармальнымі сустрэчамі. Лукашэнка мог спадзявацца паразмаўляць у кулюарах з эўрапейскімі лідарамі, але выглядае, што крытычнай масы такіх сутрэчаў не было ўзгоднена.

На саміце 24 лістапада прадстаўнікі краінаў Эўразьвязу і 6 дзяржаваў Ўсходняй Эўропы зацьвердзяць сьпіс прыярытэтаў Усходняга партнэрства да 2020 года. Сярод іх – падтрымка малога бізнэсу, разьвіцьцё лічбавых тэхналёгіяў, пашырэньне ўзаемнага гандлю, барацьба з карупцыяй, павышэньне энэргаэфэктыўнасьці ды будова транспартнай інфраструктуры.

Эўразьвяз таксама абяцае надаць штуршок разьвіцьцю двухбаковых стасункаў з краінамі Ўсходняй Эўропы. Так, дэлегацыі Грузіі і Ўкраіны будуць абмяркоўваць выкананьне дамовы аб асацыяцыі з Эўрапейскім зьвязам. Армэнія ды Азэрбайджан будуць размаўляць пра падрыхтоўку новых пагадненьняў аб супрацоўніцтве з аб’яднанай Эўропай. А вось з Беларусьсю ніякіх амбітных праектаў абмяркоўваць не плянуецца.

Сярод прыярытэтаў Усходняга партнэрства пазначаны «працяг крытычнага дыялёгу» зь Менскам, далейшыя перамовы па лібэралізацыі візавага рэжыму і дапамога ў далучэньні Беларусі да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Згадак пра падрыхтоўку базавай дамовы аб супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і Эўрапейскім зьвязам у сьпісе прыярытэтаў Усходняга партнэрства няма.

Беларусь – гэта адзіная ўсходнеэўрапейская краіна, якая ня мае дамовы аб супрацоўніцтве з Эўрапейскім зьвязам. Яе падпісаньне вельмі важнае для Менска, але за два гады перамоўны працэс ня зрушыўся з мёртвай кропкі – кажа Дзяніс Мельянцоў.

Дзяніс Мельянцоў: Адсутнасьць дамовы перашкаджае разьвіваць ня толькі палітычнае, але й эканамічнае супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і ЭЗ. Таму для Беларусі гэты дакумэнт вельмі важны. На жаль, у перамовах па ім прагрэсу няма. Размовы па размарозцы ці адаптацыі Дамовы аб партнэрстве й супрацоўніцтве 1995 году нават не пачыналіся. Перашкоды для гэтага перадусім палітычныя. Эўрапейскі зьвяз лічыць, што Беларусь спачатку павінна прадэманстраваць крокі ў бок дэмакратызацыі.

Ці страціць Беларусь і Ўсходняе партнэрства ад таго, што на саміт паедзе на Аляксандар Лукашэнка, а Ўладзімер Макей? Не – перакананы палітоляг Юры Чавусаў. З падпісаньнем тэхнічных пагадненьняў справіцца і міністар замежных справаў. А ад таго, што ў Брусэлі ня будзе Лукашэнкі, імідж Ўсходняга партнэрства толькі выйграе.

Юры Чавусаў: Беларускія мэты ўдзелу ва Ўсходнім партнэрстве – тэхнічныя. Гэтыя пытаньні прасьцей і эфэктыўней вырашаць Міністэрству замежных справаў. Таму я перакананы, што ад таго, што на саміт паедзе Макей, ніякіх стратаў Беларусь не панясе. А што тычыцца самой праграмы Ўсходняга партнэрства – то для яе адсутнасьць на саміце Лукашэнкі можа быць пазытыўнай падзеяй. Прысутнасьць Лукашэнкі азначала б, што гэтая ініцыятыва ператвараецца ў абсалютна дэвальваваны праект, нешта накшталт Саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі.

Адмовіўшыся ад паездкі на саміт Усходняга партнэрства Аляксандар Лукашэнка моцна страціў у вачах эўрапейскіх палітыкаў – перакананы палітоляг Валер Карбалевіч. Нават калі за адмовай стаяць іншыя прычыны, заходнія палітыкі будуць думаць, што Лукашэнка занадта залежны ад Масквы.

Валер Карбалевіч: З асабістых размоваў з эўрапейскімі дыпляматамі я ведаю, што гэтае пытаньне надзвычай моцна цікавіла эўрапейцаў. Сам факт паездкі Лукашэнкі быў бы моцным сыгналам, што Лукашэнка хоча нармалізаваць адносіны з Захадам. Адмова прыехаць на саміт выкліча прыкладна такую рэакцыю: «Масква крыкнула, і Лукашэнка спалохаўся. Гэта значыць, што Лукашэнка несамастойны».

Адмовіўшыся ад паездкі ў Брусэль, Лукашэнка хацеў ня толькі пазьбегнуць крытыкі Масквы, але й паказаць, што «Беларусь больш патрэбна Эўразьвязу, чым Эўразьвяз Беларусі». Так ці інакш, кіраўніцтва Эўразьвязу ўспрыме гэтую адмову з расчараваньнем. Для эўрапейскіх палітыкаў яна паслужыць доказам, што Лукашэнка слабы, а збліжэньне Менска з Эўропай несур’ёзнае і нетрывалае – падкрэсьліў Валер Карбалевіч.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт