Logo Polskiego Radia
Print

Аўгуст Агбола - адзіны чарнаскуры ўдзельнік Варшаўскага паўстаньня (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 01.12.2017 19:18
  • August Agbola O’Brown.mp3
Лёс польскага афрыканца вельмі цікавы – паводле яго біяграфіі можна зьняць захапляльную мастацкую кінастужку.
Аўгуст О’Браўн Агбола падчас паўстаньняАўгуст О’Браўн Агбола падчас паўстаньняMuzeum Powstania Warszawskiego

Сёньня ў гістарычнай рубрыцы пра цікавую, але мала вядомую гістарычную постаць Варшаўскага паўстаньня 1944 году – пра адзінага чарнаскурага ўдзельніка паўстаньня супраць гітлераўцаў у польскай сталіцы. Тым больш, што ёсьць нагода: члены польскай недзяржаўнай арганізацыі на днях знайшлі яго магілу ў Вялікабрытаніі.

Звалі чарнаскурага жыхара польскай сталіцы й варшаўскага паўстанца Аўгуст О’Браўн Агбола. Лёс яго вельмі цікавы – не памылюся, калі скажу, што паводле яго біяграфіі можна зьняць захапляльную мастацкую кінастужку. Кнігу напісаць таксама можна, тым больш, што жыцьцё О’Браўна Агболы мала дасьледаванае нават польскімі гісторыкамі.

Хутчэй
Хутчэй за ўсё пасьляваенны здымак/фота:Muzeum Powstania Warszawskiego

Нарадзіўся Аўгуст О’Браўн Агбола ў тагачаснай брытанскай калёніі Нігерыі 22 ліпеня 1895 году. Яго маці звані Жазэфіна, а бацьку – Уолс. Пра тое, чым ён займаўся ў Афрыцы, гісторыкам невядома.

У 1920 альбо 1921 годзе ён паступіў на службу на брытанскае гандлёвае судна, на якім прыбыў у Вялікабрытанію, а пазьней – у Свабодны Горад Гданьск (Данцыг). У 1922 годзе Аўгуст Агбола трапіў у Варшаву. У польскай сталіцы ён ажаніўся на польцы, у яго было двое сыноў – Рышард ды Аляксандр. Чарнаскуры жыхар сталіцы быў музыкантам, і таму ўтрымліваў сям’ю, выступаючы ў джаз-калектывах, перш за ўсё ў рэстаранах, – ён быў ударнікам. Нагадаем, у тыя часы джаз быў наймаднейшым музычным стылем.

Вясельле
Вясельле польскага афрыканца/Public Domain

Аўгуст О’Браўн Агбола жыў у цэнтры Варшавы, ён быў добра вядомы жыхарам сталіцы, і ня толькі дзякуючы колеру скуры. Існуюць сьведчаньні сучасьнікаў, у якіх гаворыцца пра тое, што ён прыгожа й стылёва апранаўся, быў вельмі культурным чалавекам, валодаў некалькімі мовамі.

Аўгуст
Аўгуст О’Браўн Агбола ў часы піку музычнай кар'еры/Muzeum Powstania Warszawskiego

Калі гітлераўцы напалі на Польшчу 1 верасьня 1939 году, Агбола ўступіў у шэрагі добраахвотнікаў і абараняў сталіцу ад захопнікаў са зброяй у руках. Падчас акупацыі Аўгуст утрымліваў сям’ю, займаючыся гандлем. Хутчэй за ўсё ён ня быў у падпольлі: бо як змагацца супраць акупантаў, будучы бадай што адзіным чарнаскурым жыхаром сталіцы? Але калі пачалося Варшаўскае паўстаньне 1 жніўня 1944 году, ён зноўку ўзяў вінтоўку ў рукі й накіраваў рулю супраць немцаў і іх памагатых.

Што Аўгуст О’Браўн Агбола рабіў адразу ж пасьля вайны, невядома. Вядома аднак, што ў 1949 годзе ён працаваў у аддзеле культуры й мастацтва гарадзкога ўпраўленьня Варшавы. А пазьней ён вырашыў пакінуць Польшчу, гаворыць гісторык, супрацоўнік Музэю Варшаўскага паўстаньня доктар Зьбігнеў Асіньскі.

З.Асіньскі: У другой палове 1950-х гадоў – у 56-58 гадах, ён выехаў у Вялікабрытанію разам з сынамі Аляксандрам і Рышардам. Пражываў у Лёндане. Там ажаніўся другі раз, у яго нарадзілася трэцяе дзіця – дачка. Памёр чарнаскуры паўстанец у 1976 годзе ў брытанскай сталіцы, дзе й пахаваны. І на гэтым можна закончыць аповед пра Аўгуста О’Браўна Агболу – адзінага чарнаскурага ўдзельніка Варшаўскага паўстаньня.

Дзе быў пахаваны Агбола, было невядомы да нядаўняга моманту, пакуль добраахвотнікі не знайшлі яго магілу на могілках лёнданскага раёну Хампстэд.

Валеры Саўко

слухайце далучаны гукавы файл



Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт