Logo Polskiego Radia
Print

Украінцы й беларусы масава адчыняюць рахункі ў Польшчы

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 07.12.2017 14:38
Колькасьць банкаўскіх рахункаў, адчыненых замежнікамі, у гэтым годзе дасягне 500 тысячаў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Колькасьць банкаўскіх рахункаў, якія адчынілі ў Польшчы замежнікі, за апошнія 5 гадоў вырасла ў 4 разы й неўзабаве дасягне лічбы ў 500 тысячаў. Пра тое, грамадзяне якіх краінаў найчасьцей захоўваюць свае грошы ў польскіх банках, піша Dziennik Gazeta Prawna.

Толькі за гэты год колькасьць банкаўскіх рахункаў, якія належаць замежнікам, вырасла ўдвая. Больш за дзьве траціны сярод гэтых рахункаў належыць грамадзянам Украіны. На другім месцы – беларусы. На трэцім – грамадзяне Малдовы. У некаторых банках іншаземцам належыць каля 20% усіх нядаўна адчыненых банкаўскіх рахункаў. Гэта вынік наплыву працоўных мігрантаў, у першую чаргу з Украіны. Працадаўцы й самі працаўнікі масава адчыняюць рахункі, на якія ім прыходзіць зарплата.

Польскія банкі хутка адрэагавалі на патрэбы новых кліентаў. Амаль усе буйныя фінансавыя ўстановы маюць у сваіх аддзелах працаўнікоў, якія размаўляюць па-ўкраінску ці па-расейску. Банкі перакладаюць на ўкраінскую мову свае сайты, а таксама друкуюць інфармацыйныя матэрыялы на расейскай і ўкраінскай мове.

Згодна з дадзенымі Нацыянальнага банку, замежнікі ня толькі атрымліваюць зарплату ў Польшчы, але й пачынаюць назапашваць грошы. Толькі ў другім квартале гэтага году іншаземцы адчынілі 20 тысячаў рахункаў, якія ня служаць для бягучых разьлікаў. Гэта прыкмета таго, што эмігранты ўкараняюцца ў новай краіне.

Dziennik Gazeta Prawna/ап

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт