Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы можа зьмяніцца прэм'ер-міністар

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 07.12.2017 17:44
Сёньня гэтае пытаньне абмяркуе Палітычны камітэт кіроўнай партыі «Права й справядлівасьць».
Бэата Шыдла й Матэвуш МаравецкіБэата Шыдла й Матэвуш МаравецкіPAP/Radek Pietruszka

Старшыня парлямэнцкай фракцыі кіруючай кансэрватыўна-каталіцкай партыі «Права й справядлівасьць» (ПіС) і віцэ-сьпікер Сэйма Рышард Тарлецкі паведаміў, што на наступным тыдні чакаюцца кадравыя перастаноўкі ў польскім урадзе.

Сёньня гэтае пытаньне абмяркуе Палітычны камітэт ПіС. Нельга выключыць, што месца Бэаты Шыдла на пасадзе прэм’ер-міністра зойме іншы палітык.

Тарлецкі зазначыў, што пасьля заканчэньня пасяджэньня, нават калі й будзе прынятае рашэньне аб зьмене на пасадзе прэм'ера, то прозьвішча магчымага прэм’ера ня будзе пададзенае да ведама. Рышард Тарлецкі сказаў, што інфармацыя на гэтую тэму можа зьявіцца на наступным тыдні.

Польскія СМІ вось ужо некалькі дзён інфармуюць пра магчымую адстаўку Бэаты Шыдла. У якасьці кандыдата на пасаду кіраўніка Кабміну называецца прозьвішча віцэ-прэм’ера, міністра разьвіцьця й фінансаў Матэвуша Маравецкага.

Не выключаецца таксама магчымасьць, што прэм’ер-міністрам стане лідар ПіС Яраслаў Качыньскі, які цяпер зьяўляецца шараговым дэпутатам, але якога неафіцыйна называюць «першай асобай у дзяржаве».

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт